Музыкам «Tor Band» пакінулі прысуд без зменаў


Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю музыкаў «Tor Band» і пакінуў прысуд, вынесены Гомельскім абласным судом, без зменаў, паведамляе тэлеканал «Беларусь 4».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі музыкамі «Tor Band». Беласток, Польшча. 4 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Сам жа тэлесюжэт на прапагандысцкім канале меў здзеклівую назву «Наспявалі амаль на 10 гадоў».

Такім чынам, прысуды музыкам засталіся ранейшымі – Дзмітрыю Галавачу 9 гадоў узмоцненага рэжыму і штраф 100 базавых велічыняў (на час прысуду гэта было 3700 рублёў), Яўгену Бурло – 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу, Андрэю Ярэмчыку – 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.

Вядома, што ў Яўгена Бурло за час перабывання за кратамі абвастрылася анкалагічная хвароба, якую выявілі яшчэ да затрымання. Ён моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна. Падчас вынясення прысуду ён быў на мыліцах і нават не змог падняцца.

Гурт атрымаў шырокую вядомасць падчас пратэстаў 2020 года. У лістападзе 2023-га іхныя песні прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У прыватнасці, такія творы, як «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Маці», «Мы – не «народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля».

«Tor Band» не адзіны гурт, музыкі якога трапілі за краты пасля пратэстаў. На пачатку 2024 года стала вядома, што сілавікі затрымалі ўдзельнікаў гурта «Nizkiz», іхная песня «Правілы» стала своеасаблівым гімнам пратэстаў 2020 года.

8 студзеня суд Ленінскага раёну гораду Магілёва разгледзеў адміністратыўныя справы ўдзельнікаў «Nizkiz» Сяргея Кульшы і Дзмітрыя Халяўкіна паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Суд над салістам гурта Аляксандрам Ільіным адбыўся 10 студзеня. Пра вынесеныя музыкам прысуды не паведамляецца.

17 студзеня ў канале ГУБАЗіКу з’явілася чарговае зрэжысураванае сілавікамі відэа, у якім музыкі як закладнікі гавораць на камеру падрыхтаваны тэкст, што «выйшлі на вуліцу для ўдзелу ў беспарадках». У подпісах пад відэа ягоныя стваральнікі намякаюць, што ўдзельнікі гурта правядуць найбліжэйшыя 5 гадоў за кратамі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў