Калі паступіць загад!

Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў і ўласна міністр МУС Іван Кубракоў наказалі нам усім доўга жыць. Маўляў, як толькі паступіць загад, усіх нас імгненна знойдуць і абясшкодзяць. Дзе б мы ні былі. Кубракоў выказаўся пра гэта тры дні таму, Карпянкоў – амаль тры гады ўжо як. А загаду ўсё няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Volha Shukaila / Zuma Press / Forum

Шчыра кажучы, абрыдла жыць у сталым страху. І калі будзе той загад, вядома аднаму Богу, перад якім Карпянкоў, як ён неаднаразова сцвярджаў, чысты як сляза.

Кубракоў ледзь не пад асабісты кантроль узяў задачу вярнуць на Радзіму ўсіх (!) «беглых». А нас жа, тых, хто з’ехаў і працягвае з’язджаць, ужо вельмі нямала. Як бы нас ні называлі, «беглымі», «змагарамі», мне асабіста ўсё роўна. Мы, хутчэй, тыя, хто не жадае сілкаваць сваёй працай і падаткамі сістэму, што ўвойдзе ў гісторыю з тым жа суфіксам, што і іншая пачварная з’ява, якая з’явілася ў Італіі ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя з прыходам да ўлады Бэніта Мусаліні. Заўважу з гэтае нагоды, што марфемны разбор і слова «фашызм», і тэрміну «лукашызм» паказваюць на іх аднолькавасць паводле складу: там «фаш» корань, тут – «лукаш», суфіксы «ызм» – ідэнтычныя. Як, уласна, і канчаткі, якія ў лінгвістычнай марфалогіі называюцца нулявымі.

Не так даўно Кубракоў пастараўся пераканаць гледачоў прапагандысцкага тэлеканалу:

«Усе яны [каментатары ў інтэрнэце. – Заўвага рэд.] думаюць, што перабываюць за мяжой і іх адтуль дастаць немагчыма, таму ім спакойна можна гэта рабіць. Насамрэч сёння органы ўнутраных справаў дакументуюць кожны такі факт, мы заводзім крымінальныя справы, таму за кожнае зневажальнае слова ўсім давядзецца адказаць. Рана ці позна мы іх сюды даставім або яны прыедуць самі. Гэта я сцвярджаю ўпэўнена…»

Няясна толькі, прыедуць самі ці «мы іх сюды даставім».

Вось Карпянкоў не бачыць праблемаў, каб усіх вярнуць у Беларусь. Але зноў жа, загаду, наліха, няма.

«Як толькі паступіць загад – дзе б яны ні былі, без тэрміну даўніны – мы іх знойдзем і зачысцім. Мы нікому не помсцім і не зводзім рахункаў, але нашай ілжывай крыважэрнай апазіцыі хачу сказаць пра тое, што ведаем, дзе яны перабываюць, з кім стасуюцца, якая ў іх нерухомасць, дзе застаюцца іхныя сем’і… Я ні на што не намякаю, але калі паступіць загад або хтосьці з іх што-небудзь зробіць у дачыненні кіраўніка дзяржавы, чальцоў ягонай сям’і, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, жонак і дзяцей супрацоўнікаў, нашая рэакцыя будзе імкліваю, а ўдар – знішчальным. Мы іх знойдзем і зачысцім. І няхай яны ведаюць, што помста непазбежная» (хаця толькі ж казаў, што нікому не помсціць).

Як праспяваў бы ў адказ на гэта Уладзімір Высоцкі, страшна – ажно жах! Да каго канкрэтна звяртаўся намеснік міністра ўнутраных справаў, не ведаю. Але ўпэўнены, што пераважная большасць тых, хто выехаў з краіны, – людзі абсалютна інтэлігентныя, адукаваныя, культурныя. Ім і ў галаву не могуць у прынцыпе прыйсці думкі пра нейкую крыважэрнасць, пагрозу, забойствы, помсту бацькам, жонкам, дзецям ды іншым сваякам карнікаў. Проста разумеем: у кожнага свая карма. Карпянкоў грашыць ужо тым, што прыдумляе розныя небыліцы:

«Яна [апазіцыя] больш падобная да шалёных сабакаў, якія ў сваіх планах радыкальных, у сваіх крывавых задумах рыхтуюць узброены пераварот, забойствы, выкраданні, абіраюць, каго катаваць, каго не катаваць. Падрыхтавалі спісы, каго трэба забіць любым коштам».

Канечне, доказаў (дакументаў, фотаздымкаў, гукавых ці відэазапісаў) сваім гэтым шчырасцям генерал-маёр за тры гады так і не даў. Але, наколькі ведаю, максімум, чаго жадаюць вольныя беларусы, – гэта справядлівага суда над карнікамі, пра што неаднойчы заяўляў, напрыклад, Павел Латушка. Якую мы збіраем зброю? Адкуль? Навошта нам яна? Карпянкоў проста хлусіць і не спыняецца.

Увогуле апошнім часам нейкая каша ў галаве: Беларусь рыхтуецца да вайны, ворагі ціснуць, свае «беглыя» не даюць спакою, дзеці ў «плямістай форме» зялёнага ці шэрага адцення са зброяй у руках, Азаронак, Кубракоў, Карпянкоў… Я сапраўды стаў блытаць, хто з іх Карпянкоў, а хто Кубракоў. Але ўчора адмахнуўся: ат, абое рабое! Коля Карпянкоў даўно плачацца ў інтэрв’ю сваім хаўруснікам-прапагандыстам (у першую чаргу, вядома, асноўнаму «духоўніку» Азаронку), як, маўляў, цяжка нам, абаронцам айчыны і прэзідэнта, калі вораг, галоўны з якіх – «бягляк», так і марыць скруціць шыю нашаму дарагому «генеральнаму сакратару». Кубракоў толькі цяпер узяўся за тэму пагрозаў тым, хто выехаў, і тлумачыць гэтую актывізацыю тым, што пачалася электаральная кампанія, якой мы нібыта спім і бачым, як нашкодзіць.

Пры гэтым летась галоўны ўнутраны орган вельмі кранальна клапаціўся пра нас, небаракаў:

«Шмат хто з тых, хто паспрабаваў таго жыцця, пазбіралі, выбачайце, трускаўкі на польскіх плантацыях (і гэта яшчэ ў найлепшым выпадку, бо выконваюць і горшую працу – падмятаюць вуліцы, двары і гэтак далей), яны гатовыя ўжо сёння вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь…»

Не ведаю, хто гатовы вярнуцца, але сам не бачу ў гэтым неабходнасці. Проста разумею, што ў іхным царстве ўсё завязанае на Лукашэнку. Стварэннем жорсткай вертыкалі ён сябе спарадзіў, гэтым жа і заб’е. Усё разбурыцца ў адзін момант. І ніякая Расея не возьме на сваё забеспячэнне сілавікоў, тым больш прапагандыстаў. Там і пры пуцінскай уладзе цяжкая маральная і эканамічная стагнацыя, а з увагі на тое, што і там таксама пакланяюцца Пуціну і толькі яму, хаос, які распачнецца пасля смерці дыктатара, нават уявіць немагчыма.

А загад усё не з’яўляецца…

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў