З’явіліся падрабязнасці справаздачы расследавання ICAO адносна пасадкі «Ryanair» у Менску


Расейская «Новая газета» апублікавала некаторыя высновы са справаздачы Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) адносна пасадкі 23 траўня 2021 года ў Менску самалёта «Ryanair», на борце якога знаходзіліся журналіст Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Соф’я Сапега.

У дакуменце паведамляецца пра неадпаведнасць паказанняў беларускіх уладаў адносна часу атрымання ананімнага ліста аб нібыта мінаванні самалёту. Электронны ліст аб пагрозе выбуху паступіў у аэрапорт Менску ў 12:56:45, калі самалёт ужо рыхтаваўся да экстранай пасадкі. Але Беларусь даслала ў ICAO скрыншот ліста з іншым часам атрымання – 12:25. Метазвесткі ліста праверыць немагчыма.

Раман Пратасевіч на брыфінгу 14 чэрвеня 2021 года. Скрыншот з відэа: belpresscenter / Youtube

Паводле справаздачы, агулам было даслана шэсць лістоў з аднолькавымі пагрозамі – у аэрапорты Вільні, Менску, Сафіі, Бухарэсту, Кіева і Афін. Але ў апошнія два яны так і не дайшлі, а ў Вільні ліст знайшлі толькі на наступны дзень. Тым не менш, беларускі дыспетчар паведаміў экіпажу, што e-mail быў адпраўлены некалькім аэрапортам каля 12:30. Адкуль ён даведаўся пра гэта, невядома, бо першы ліст аб пагрозе паступіў у аэрапорт Вільні ў 12:25 (у Сафію і Бухарэст – у 12:27 і 12:28 адпаведна).

Таксама ў справаздачы адзначаецца некалькі выпадкаў невыканання беларускімі ўладамі стандартных працэдур. Гэтак, нягледзячы на тое, што правілы бяспекі патрабуюць, каб і пасажыры, і экіпаж у выпадку пагрозы выбуху пакінулі самалёт, пасля пасадкі персанал менскага аэрапорту загадаў аднаму з чальцоў экіпажу «Ryanair» заставацца на борце.

Акрамя таго, быў парушаны і пратакол аб паведамленні кода «ЧЫРВОНЫ», а КДБ не ўвёў рэжым антытэрарыстычнай аперацыі.

Hавiны
ICAO выпусціла справаздачу адносна пасадкі рэйсу «Ryanair» у Менску
2022.01.18 08:19

Нагадаем, што 31 студзеня прадстаўнікі Рады ICAO абмяркуюць высновы справаздачы і вырашаць, што рабіць далей. Таксама будзе разгледжаны запыт Беларусі адносна абмежаванняў і санкцыяў, уведзеных пасля пасадкі рэйсу «Ryainair».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў