«Героем СВА», які выступіў у менскім універсітэце, аказаўся прапагандыст


Напачатку снежня ў менскім філіяле Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэту адбылася сустрэча з людзьмі, «на якіх трэба раўнавацца і браць прыклад». Сярод выступоўцаў быў Аляксандр Пылкоў, які «падзяліўся ўспамінамі аб часе перабывання ў зоне СВА». Выданне Reform.by звярнула ўвагу, што мужчына сапраўды быў на фронце ва Украіне, праўда, нядоўга. Затое гэты факт цяпер дапамагае яму збіраць грошы на вайну і ездзіць на розныя прапагандысцкія імпрэзы.

Аляксандр Пылкоў на сустрэчы са студэнтамі менскага філіялу Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэту. Менск, Беларусь. 5 снежня 2023 года.
Фота: rgsu.by

На сайце менскага філіялу расейскай ВНУ Аляксандр Пылкоў названы «педагогам-арганізатарам Цэнтру развіцця сучасных кампетэнцыяў Рэгіянальнага цэнтру патрыятычнага выхавання, кіраўніком аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр патрыятычнага выхавання “Добрая зямля”».

«Аляксандр даволі знаны блогер і адмысловец у інфармацыйных войнах. Ён апавёў пра маніпуляванне меркаваннем і грамадствам з дапамогаю медыяў і сацыяльных сетак, зладзіў інтэрактыўныя практыкаванні для нагляднай дэманстрацыі таго, як усё гэта працуе, і падзяліўся сваімі ўспамінамі пра час знаходжання ў зоне СВА», – паведамляе менскі філіял Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэту.

Спецыяльнай вайсковай аперацыяй беларуская і расейская прапаганда называе вайну ва Украіне.

Аляксандр Пылкоў на сустрэчы са святарамі Курганскай епархіі РПЦ. Крыніца: reform.by

Выданне Reform.by высветліла, што нарадзінец Кургану Пылкоў упершыню «праславіўся» у лютым сёлета, калі ягонае відэа апублікавала ў сваіх сацсетках прапагандыстка Маргарыта Сіманьян. Неўзабаве мужчыну прызначылі зампалітам і кіраўніком прэс-службы батальёна «Енісей», дзе ён служыў.

Пылкоў пачаў суправаджаць журналістаў дзяржаўных расейскіх выданняў, якія прыязджалі на фронт дзеля рэпартажаў. Аднойчы, паводле яго, падчас такога суправаджэння ён трапіў пад мінамётны абстрэл.

Ужо ў сярэдзіне траўня мужчына вяртаецца з вайны і ў якасці «удзельніка СВА» пачынае публікаваць відэа ў TikTok, сустракаецца са святарамі РПЦ, яго запрашаюць на сустрэчы з моладдзю, на розныя прапагандысцкія канферэнцыі і імпрэзы.

Яшчэ ў 2019 годзе Пылкоў пачаў збіраць ахвяраванні «на ўсё» праз сваю арганізацыю «Добрая зямля»: пачынаючы ад сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтру для няпоўнагадовых і заканчваючы пенсіянерамі. З леташняга лютага ён збірае грошы на вайну ва Украіне.

Агляд
Як забіваюць расейскіх прапагандыстаў і хто за гэтым можа стаяць
2023.05.09 18:56

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў