У сеціве з’явілася інфармацыя пра атаку на базу ўнутраных войскаў у Валоўшчыне


Хакерская група «Кіберпартызаны» паведаміла, што пры дапамозе дрону быў атакаваны вучэбны цэнтр унутраных войскаў.

На YouTube-канале «Кіберпартызанаў» з’явіўся ролік прысвечаны гэтай акцыі: апублікаваныя кадры, зробленыя нібыта падчас атакі. Як сцвярджаецца, партызанская група «Чорны Бусел» пры дапамозе дрону скінула ёмістасць з запальнай сумессю на вучэбны цэнтр унутраных войскаў у Валоўшчыне.

«Ёмістасць была скінута з вялікай вышыні і прызямлілася на пляцоўку каля цыстэрны. З меркаванняў бяспекі робат не мог правесці працяглую здымку вынікаў акцыі. Праз хвіліну пасля скіду было чуваць некалькі хлапкоў», – адзначаецца ў паведамленні.

Паводле «Кіберпартызанаў», акцыя мела «папераджальны характар». Мэта – «нанясенне шкоды інфраструктуры карнікаў» і «напамін пра няўхільнасць адказу».

Пакуль звесткі аб гэтай акцыі не маюць пацверджання з іншых крыніцаў. Але варта адзначыць, што ў верасні аналагічную атаку атрад «Чорны бусел» арганізаваў на базу менскага АМАПу. МУС тады ніяк не пракаментаваў інфармацыю наконт нападу. Але пазней, у кастрычніку, Генеральная пракуратура ўскосна пацвердзіла факт атакі, прызнаўшы, што ў верасні 2021 года «меў месца акт тэрарызму з выкарыстаннем БПЛА». Хутчэй за ўсё, мелася на ўвазе якраз аперацыя «буслоў».

  • Відэаролік аб нападзе на базу Валоўшчыне апублікаваны ад імя абʼднання «Супраціў», куды разам з хакерскай групоўкай «Кіберпартызаны» уваходзіць суполка «Дружыны народнай самаабароны» і «Буслы ляцяць». У маніфесце гэтага руху адзначаецца, што яго мэта – зрынуць рэжым Лукашэнкі, захаваць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а таксама вярнуцца да дэмакратычных прынцыпаў кіравання і законнасці. «Супраціў» настойвае на тым, што беларусы маюць права на паўстанне супраць тыраніі.
Артыкулы
«Ідзе пазіцыйная вайна на знясіленне». Размова з Дзмітрыем Шчыгельскім пра падпольны рух «Супраціў»
2021.09.04 08:24
  • Структуры, якія ўваходзяць у рух «Супраціў», дзеюць на ўмовах поўнай ананімнасці. Толькі два чалавекі гатовыя рэпрэзентоўваць аб’яднанне ў публічнай прасторы – псіхіятр і грамадскі дзеяч Дзмітрый Шчыгельскі (прадстаўнік у палітычных пытаннях) і былы амапавец Павел Кулажанка (прадстаўнік у пытаннях тактыкі супраціву). Абодва цяпер жывуць у ЗША.
  • 30 лістапада Вярхоўны суд на падставе звароту Генпракуратуры прызнаў аб’яднанне «Супраціў» тэрарыстычнай арганізацыяй.
Артыкулы
Што трэба ведаць пра суполкі «Буслы ляцяць» і «ДНС», якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі
2021.10.21 15:00

РР belsat.eu

Стужка навінаў