У Мікалаеўскай вобласці паветранная трывога, паводле кіраўніка мясцовай абласной вайсковай адміністрацыі Віталя Кіма, была абвешчана праз дваццаць хвілін пасля поўначы, першыя ракеты былі запушчаныя каля 8-й раніцы. «4 першыя ракеты ў паветры. Беражэм сябе», – напісаў Віталь Кім. У 10:45 Кім паведаміў аб запуску яшчэ адной партыі ракетаў з Чорнага мора.

Адэская вобласць

Каля 9:15 стала вядома, што расейцы атакавалі абʼект інфраструктуры ў Адэскай вобласці. «Ёсць пагроза масіраванага ракетнага ўдару па ўсёй тэрыторыі Украіны. Прашу жыхароў вобласці знаходзіцца ў хованках», – заклікаў кіраўнік адміністрацыі Максім Марчанка.

Паводле звестак Адэскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі, на 9:45 было вядома аб трох пацярпелых. «Сёння каторы ўжо раз была праведзена масіраваная атака на тэрыторыі Украіны і Адэскага раёну агулам – адбыўся выбух у 6:44 на тэрыторыі абʼекту інфраструктуры, папярэдне – у выніку трапляння крылатай ракеты. На месцы працуюць падраздзяленні ДСНС і паліцыя», – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле аператыўнага камандавання «Поўдзень», у Адэсе пацярпеў адзін чалавек, выбуховай хваляй пашкоджаныя жылыя і прамысловыя будынкі. «Па Адэскай вобласці нанесены ракетны ўдар. З акваторыі Чорнага мора вораг зрабіў пуск «Калібраў», а з выкарыстаннем тактычнай авіяцыі з двух Су-30 накіраваў 6 ракетаў паветранага базавання. Паразілі лагістычны абʼект у абласным цэнтры. Пацярпела адна цывільная асоба», – гаворыцца ў паведамленні.

Кіеў і Кіеўская вобласць

Кіраўнік Кіеўскай адміністрацыі Аляксей Кулеба паведаміў раніцой, што ў вобласці актыўна працавала СПА. «Заставайцеся ў сховішчах і бяспечных месцах. Ні ў якім разе не фатаграфуйце месца прылёту і работу СПА», – заклікаў Кулеба насельніцтва.

Пазней у Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі паведамілі аб збіцці дзвюх крылатых ракетаў. «Папярэдне над Кіевам збітыя 2 крылатыя ракеты. Звестак аб ахвярах і разбурэннях няма, інфармацыя ўдакладняецца», – гаворыцца ў паведамленні. Акрамя таго, паводле звестак КМВА, над Кіеўскім вадасховішчам былі збітыя два БПЛА «Shahed».

Усяго за час паветранай трывогі 17 лістапада над Кіевам знішчылі 4 варожыя ракеты і 5 беспілотнікаў. Прылёты ў Кіеве і вобласці не зафіксаваны.

Львоўская вобласць

Таксама ў сацсетках былі паведамленні аб рабоце СПА ў Чаркаскай, Палтаўскай, Харкаўскай і Львоўскай вобласцях. У той жа час кіраўнік Львоўскай АВА Максім Казіцкі не пацвердзіў гэтай інфармацыі.

«Сёння таксама неспакойная раніца. Паветраная трывога працягваецца, ёсць небяспека… Некаторыя тэлеграм-каналы паведамілі, што ў Львоўскай вобласці нібыта працуе СПА. Станам на 09:42 такі факт не пацвярджаецца. Калі будзе такая сітуацыя, я абавязкова паведамлю», – напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Харкаўская вобласць

Як паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынэгубаў, сёння расейскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па Ізюмскім раёне.

«Зафіксаваныя траплянні па крытычнай інфраструктуры. На жаль, пацярпелі 3 работнікі, мужчынаў шпіталізавалі ў лячэбную ўстанову», – паведаміў ён.

Сітуацыя ў іншых вобласцях

Кіраўнікі некалькіх вобласцяў папярэджвалі аб небяспецы. У прыватнасці, старшыня Кіраваградскай адміністрацыі Андрэй Райковіч паведаміў, што ёсць небяспека. А кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай заклікаў не грэбаваць сёння сігналамі паветранай трывогі.

Начальнік Чаркаскай адміністрацыі Ігар Табурэц папярэдзіў, што існуе высокая імавернасць нападу з паветра. Аналагічнае паведамленне апублікаваў кіраўнік Палтаўскай адміністрацыі Дзмітрый Лунін.

Кіраўнік Хмяльніцкай адміністрацыі Сяргей Гамалій папярэдзіў аб магчымых атаках па энергетычных абʼектах.

«Вораг зноў узяўся за сваё: ёсць рэальная пагроза ракетнага ўдару! Настойліва заклікаю ўсіх заставацца ў сховішчах да заканчэння паветранай трывогі! Таксама нагадваю: удары накіраваны на абʼекты энергетыкі і інфраструктуры. Прашу трымацца далей ад такіх месцаў», – напісаў ён.

Hавiны
«Укрэнерга»: 15 лістапада адбылася самая вялікая атака ў гісторыі энергетыкі, ад якой пацярпелі ўсе рэгіёны Украіны
2022.11.16 10:50

Антон Тачняк belsat.eu