Грандыёзнае глупства ці ўзгоднены шантаж? Якую ролю грае Расея ў газавых пагрозах Лукашэнкі

Лукашэнка пагражае перакрыць расейскі газ, калі Еўразвяз не пойдзе на саступкі. Але ад такіх пагрозаў не ў захапленні не толькі ў Бруселі, але і ў Маскве. Ці пойдзе, тым не менш, Менск на рэалізацыю газавага шантажу і якія будуць наступствы? Наколькі шчыры Крэмль у сваіх афіцыйных заявах?

Нямецкі рэгулятар часова прыпыніў працэдуру сертыфікацыі газаправоду «Паўночная плынь – 2». Пра гэта 16 лістапада паведаміла Федэральнае сеткавае агенцтва Нямеччыны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Пётр Кавалёў / TASS / Forum

Адказ на санкцыі

Усё пачалося з таго, што Аляксандр Лукашэнка 11 лістапада на нарадзе з міністрамі, абураючыся з нагоды будучых санкцыяў Еўразвязу, прыгразіў закрыць транзіт прыроднага газу з Расеі праз Беларусь у Еўропу праз расейскі ж газаправод «Ямал – Еўропа».

Лукашэнка прыгразіў спыніць пастаўкі газу ў Еўропу, запрасіць расейскія бамбавальнікі

«Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць, перш чым казаць. Але гэта іх справа. Закрыюць – няхай закрываюць. Але МЗС павінна папярэдзіць усіх у Еўропе: калі толькі яны ўвядуць нам дадатковыя санкцыі, нелегкатраўныя і непрымальныя для нас, мы павінны адказваць», – сказаў Лукашэнка.

Еўропа не дасць сябе запалохаць?

Але такой ідэі не ацанілі ані ў Еўропе, ані ў Расеі.

Еўразвяз: Мы не дазволім Лукашэнку запалохаць нас

«Мы не дазволім Лукашэнку запалохаць нас сваімі пагрозамі», – заявіў еўракамісар у пытаннях энергетыкі Паўлё Джэнтылёні (Paolo Gentiloni).

Не паставіліся сур’ёзна да пагрозаў «апошняга дыктатара Еўропы» і ў іншых інстытутах Еўразвязу.

«Не варта ўспрымаць сур’ёзна заявы Лукашэнкі і спекуляваць, што можа ці не можа адбыцца, бо гэта толькі ўзмацняе ягоную прапаганду», – сказаў прадстаўнік замежнапалітычнай службы ЕЗ Пэтэр Стана (Peter Stano).

На ягоную думку, Лукашэнка наўрад ці пойдзе на такі крок, які «пашкодзіць народу Беларусі, пашкодзіць іміджу Беларусі, і гэта пашкодзіць пастаўляльніку газу [Расеі. – Рэд. Belsat.eu]».

«Мы не дазволім сябе запалохаць». У Еўразвязе адказалі на пагрозы Лукашэнкі перакрыць газ

Афіцыйная прадстаўніца Еўракамісіі Дана Спінант (Dana Spinant) назвала адключэнне Беларуссю краін Еўразвязу ад расейскага газу гэтай зімой «асабліва гіпатэтычнай магчымасцю» і прапанавала «не спекуляваць на гэтую тэму».

«Газ – гэта важны рэсурс, ён не павінен станавіцца новым інструментам гібрыдных нападаў. Мы бачылі гэтыя пагрозы і мы не дазволім сябе запалохаць», – падкрэсліла Спінант.

Расея не дазволіць?

У Еўразвязе, сярод іншага, мяркуюць, што рэалізаваць пагрозы аб перакрыцці паставак газу ў Еўропу Лукашэнку не дазволіць Расея.

«Калі б ён мог, ён бы гэта зрабіў, але расейцы не дазволяць яму, бо гэта яны прадаюць газ», – заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жузэп Бурэль (Josep Borrell).

У Крамлі адмежаваліся ад газавых пагрозаў Лукашэнкі

У Крамлі гэтую інфармацыю фактычна пацвердзілі. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў зазначыў, што заява Лукашэнкі не ўзгаднялася з Крамлём. Ён заявіў, што Расея застаецца надзейным пастаўляльнікам энергарэсурсаў у Еўропу незалежна ад дзеянняў Беларусі.

«Як бы каму гэта ні падабалася, Расея заўсёды была, ёсць і патэнцыйна будзе заставацца краінай – гарантам энергетычнай бяспекі еўрапейскага кантыненту», – падкрэсліў прадстаўнік Крамля.

А затым ужо і сам Пуцін адмежаваўся ад заяваў Лукашэнкі:

«Ну, я, шчыра кажучы, пра гэта першы раз чую, таму што вось я двойчы размаўляў з Аляксандрам Рыгоравічам за апошні час. Ён мне ні разу пра гэта не сказаў, нават не намякнуў. Ну, ён можа, імаверна. Хоць нічога добрага ў гэтым няма».

А так можна?

Пікантнась сітуацыі не толькі ў тым, што афіцыйны Менск пагражае перакрыць пастаўкі чужога газу, але і зрабіць гэта плануе ў чужым трубаправодзе. Бо сам жа Лукашэнка канчаткова прадаў расейскай кампаніі «Газпром» беларускага аператара магістральных трубаправодаў – «Белтрансгаз». У канцы 2011 года, пасля шэрагу газавых войнаў, ён канчаткова перадаў прадпрыемства Расеі. За гэта з Масквы пералічылі $ 2,5 млрд. У год дзвюх дэвальвацыяў і «маўклівых пратэстаў» гэтыя грошы былі афіцыйнаму Менску вельмі дарэчы.

«І што, я павінен быў маліцца на гэтую іржавую трубу, якая ў зямлі ляжыць?» – у адказ на крытыку распродажу дзяржаўнага майна заявіў Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Разам з тым гэтая «іржавая труба» дагэтуль застаецца адным з найбуйнейшых падаткаплатнікаў Беларусі. Гэтак, толькі за студзень – ліпень 2021 года «Газпром трансгаз Беларусь», як з 2013 года называецца «Белтрансгаз», заплаціў найбольш падаткаў у бюджэт Менску сярод усіх арганізацыяў беларускай сталіцы.

Пра тое, што будзе Менску, калі ён раптам парушыць «бесперашкоднае і бесперабойнае транспартаванне па тэрыторыі Беларусі прыроднага газу, які падаецца з тэрыторыі Расеі», нагадвае тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску». Паводле дамоўленасцяў бакоў, у такім разе беларускі бок абавязаны выкупіць усе раней перададзеныя кампаніяй «Газпром» акцыі «Белтрансгазу» за $ 5 млрд, а таксама кампенсаваць расейскаму вытворцу «ўсе страты, якія могуць у яго ўзнікнуць у сувязі з гэтым».

Наколькі важны гэты газаправод?

Важна адзначыць, што Беларусь – далёка не адзіны маршрут, праз які Расея пастаўляе свой газ у Еўразвяз. Апроч газаправоду «Ямал – Еўропа» ў расейскай кампаніі ёсць яшчэ прынамсі тры варыянты:

  • газаправод «Паўночная плынь», што ляжыць на дне Балтыйскага мора,
  • газатранспартная сістэма Украіны «Газпром», з якой падпісаны кантракт да канца 2024 года,
  • газаправод «Балканская плынь», што вядзе ў Балгарыю, Сербію і Венгрыю.

Таксама на Балтыцы ўжо пабудаваны, але пакуль не атрымаў ад ЕЗ дазволу на працу газаправод «Паўночная плынь – 2».

«На фоне наяўнасці доўгатэрміновага кантракта з Украінай і прыярытэту загрузкі газаправодаў «Паўночная плынь» і «Турэцкая плынь» пакуль што «Ямал – Еўропа» ў лагістыцы «Газпрому» выконвае балансавальную або замыкальную ролю», – пісаў яшчэ да пагрозаў Лукашэнкі расейскі «Интерфакс».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Больш за тое, на пачаты 1 кастрычніка новы газавы год 2021/22 «Газпром» не рабіў доўгатэрміновага рэзервавання гэтай магістралі, аддаючы перавагу пакуль рэзерваванню на месяц. У выніку ў кастрычніку праз Беларусь у Нямеччыну пампавалася 1,3 млн кубаметраў газу за гадзіну супраць 3,5 млн ранейшых. А на пачатку лістапада пастаўкі праз Беларусь часова зусім спыняліся.

І, як стала вядома 15 лістапада на падставе аўкцыёнаў рэзервавання на снежань, расейская кампанія зноў адмовілася рэзерваваць транзітную магутнасць газаправоду «Ямал – Еўропа».

«Сур’ёзны ўдар па газазабеспячэнні Еўропы»

Эксперт у нафтагазавым рынку, партнёр кансалтынгавай кампаніі «Rusenergy» Міхаіл Круціхін у каментары «Белсату» зазначае, што за газавым шантажом Лукашэнкі можа стаяць Расея.

«Калі гэта самастойнае рашэнне, то гэта грандыёзнае глупства. Бо без узгаднення з «Газпромам» і Расеяй перакрыць газавы транзіт праз беларускую тэрыторыю немагчыма. Калі раптам без папярэджання самастойна на трубе, што належыць «Газпрому», будзе перакрыта нешта кшталту засавак, то тады пад вялікім ціскам могуць палопацца трубы на расейскім баку», – заявіў ён

Таму, мяркуе эксперт, «такія заявы могуць быць зробленыя пасля ўзгаднення з расейскім кіраўніцтвам у якасці часткі шантажу еўрапейцаў для таго, каб тыя пагаджаліся з умовамі «Газпрому» для выкарыстання «Паўночнай плыні – 2».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Уладзімір Герда / TASS / Forum

Міхаіл Круціхін падкрэсліў, што спробы выкарыстоўваць газавыя пастаўкі ў якасці палітычнага інструменту былі і раней. Таму ён не выключае такіх спробаў і надалей.

«Еўрапейцы цудоўна разумеюць, што адбываецца», – адзначыў эксперт.

На ягоную думку, адключэнне беларускага транзіту, калі пры гэтым не будзе павялічаны транзіт праз тэрыторыю Украіны, «будзе сур’ёзным ударам па газазабеспячэнні Еўропы». Міхаіл Круціхін падкрэсліў, што краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «крытычна залежаць ад расейскіх паставак».

«Мы тут ні пры чым». Пуцін выказаўся наконт міграцыйнага крызісу

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны