У КДК заявілі пра затрыманне кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Дабраном»


Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў пра затрыманне двух кіраўнікоў гандлёвай сеткі «Дабраном», паведамляе тэлеканал СТВ. Супраць іх завялі крымінальную справу ў звязку з павышэннем коштаў у 120 крамах.

Крама «Дабраном». Крыніца: belretail.by

«Правяранне выявіла, што службовыя асобы ЗАТ «Дабраном», ведаючы пра забарону павышаць раздробныя цэны на тавары, не забяспечылі прыняцця належных захадаў для недапушчэння іх росту ва ўласнай раздробнай гандлёвай сетцы таварыства», – гаворыцца ў паведамленні КДК.

Цэны ў 120 крамах сеткі былі павялічаныя адносна 30 пазіцыяў, у тым ліку на каўбасныя вырабы, сыры, малочную ды іншую прадукцыю.

«Пачатая крымінальная справа ў дачыненні дзвюх службовых асобаў акцыянернага таварыства. Падазроных затрымалі. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні», – сказаў намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК Дзмітрый Дзягілеў.

Чыноўнік дадаў, што з пачатку дзеяння дырэктывы, якая забараняе павышаць цэны, у Беларусі заведзеныя 30 крымінальных справаў і затрыманыя 20 службовых асобаў.

Hавiны
У Менску за завышэнне коштаў затрымалі намесніка дырэктара прыватнай сеткі аптэк
2022.10.17 08:43

Нагадаем, Савет Міністраў 6 кастрычніка прыняў пастанову аб забароне росту цэнаў. Затым Аляксандр Лукашэнка прыняў дырэктыву, якой загадаў стварыць працоўную групу, сабраць прапановы і да 20 кастрычніка прыняць замест старой пастановы ўраду новую: «сістэму рэгулявання цэнаў».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў