У Горадні агучылі прысуд Мікалаю Аўтуховічу


У будынку турмы № 1 у Горадні агучылі прысуд Мікалаю Аўтуховічу. Вязню прызначылі 25 гадоў зняволення, паведамляе БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікалай Аўтуховіч пасля вызвалення з гарадзенскай турмы ў красавіку 2014 года.
Фота: svaboda.org

У «справе Аўтуховіча» пачалі агучваць выракі. Мікалаю Аўтуховічу прызначылі 25 гадоў зняволення. Баранавіцкага інваліда Уладзіміра Гундара засудзілі на 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вользе Маёравай – 20 гадоў калоніі. Віктару Снегуру прызначылі 19 гадоў зняволення. Галіну Дзербыш і Паўла Саву засудзілі на 20 гадоў.

Любоў Разановіч засудзілі на 15 гадоў, Сяргею Разановічу прызначылі 16 гадоў, Паўлу Разановічу прысудзілі 19 гадоў.

Ірыну Мерхель засудзілі на 17 гадоў калоніі, ейнага мужа Антона – на 2,5 года калоніі. Ірыне Гарачкінай прызначылі 6 гадоў і 1 месяц калоніі.

У «справе Аўтуховіча» праходзяць  Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Ірына Гарачкіна, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы, а таксама Ірына і Антон Мельхеры.

Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачванымі адбываўся ў закрытым рэжыме  ў гарадзенскай турме № 1. Пачаўся працэс 18 траўня. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»).

На момант публікацыі Аўтуховіч не мае статусу палітычнага вязня. Яго даюць не аўтаматычна ўсім зняволеным актывістам: праваабаронцы разглядаюць кожную справу асобна на прадмет адпаведнасці азначэнню «палітычны вязень», сочаць за следствам і судом, часам даюць статус ужо пасля выраку.

Hавiны
Пасля галадавання Мікалай Аўтуховіч пачаў патроху есці кашы, але сілаў усё роўна мала
2022.08.16 16:41

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў