Еўразійскі банк развіцця заўважыў запавольванне інфляцыі ў Беларусі


Еўразійскі банк развіцця апублікаваў тыднёвы макраагляд некалькіх краінаў – чальцоў арганізацыі. Аналітыкі банку падлічылі, што інфляцыя ў Беларусі запаволілася ў верасні да 17,4 % год да года. У жніўні было 17,9 %. Гэтаму дапамагло ўмацаванне беларускага рубля да расейскага.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Беларусі, паводле аналітыкаў банку, інфляцыя запаволілася ў верасні да 17,4 % год да года. У жніўні было 17,9 %.

Паводле экспертаў, стрыманы ўнутраны попыт і ўмацаванне беларускага рубля да расейскага дапамаглі знізіць базавую інфляцыю з 20,7 % у жніўні да 20 % у верасні. Гэта ў параўнанні са жніўнем і вераснем летась. Таксама запаволіўся рост цэнаў на тыя тавары і паслугі, што рэгулююцца дзяржавай, адзначаюць аналітыкі.

ЕАБР падкрэслівае, што інфляцыя можа павысіцца пад ціскам некалькіх фактараў, у тым ліку павышэнне выдаткаў на правядзенне фінансавых транзакцыяў, пастаўкі тавараў і камплектавальных. З другога боку, да канца года інфляцыю мусіць стрымаць больш жорсткае рэгуляванне цэнаў дзяржаваю, падсумавалі аналітыкі Еўразійскага банку развіцця.

Раней Міжнародны валютны фонд у сваім прагнозе адзначаў, што цэны ў Беларусі сёлета вырастуць на 16,5 %, налета – на 13,1 %.

Паводле звестак Белстату, сёлета за 9 месяцаў цэны ў Беларусі павялічыліся на 14,8 %.

Эканоміка з Чалым
Канчатковае развязанне пытання коштаў
2022.10.13 16:41

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў