Дзевяцізначныя сумы. Ва Украіне падлічылі, колькі Расея ўжо выдатквала грошай на вайну


За паўтара гады Расея выдаткавала на вайну з Украінай каля $ 167,3 млрд. З іх толькі тэхнікі знішчылі ЗСУ больш за на $34 млрд. Адпаведныя разлікі прыводзіць «Forbes Ukraine».

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Паводле выдання, наўпроставыя вайсковыя выдаткі і кошт страчанай тэхнікі Расеі за 18 месяцаў вайны (з 24 лютага 2022 па 24 жніўня 2023) склалі каля $ 167,3 млрд. Гэтая ацэнка не ўключае пастаянныя выдаткі на абарону, не звязаныя з ваеннымі дзеяннямі, як і эканамічныя страты агрэсара. Штодня РФ выдаткоўвае каля $ 300 млн на вайну з Украінай.

Найбольшыя артыкулы выдаткаў: забеспячэнне ваенных дзеянняў ($ 51,3 млрд), заробкі вайскоўцаў ($ 35,1 млрд), кампенсацыі сем’ям загінулых ($ 25,6 млрд) і параненых ($21 млрд) і кошт знішчанай тэхнікі ($ 34 млрд).

Паводле Reuters, толькі за першыя шэсць месяцаў 2023 года Расея выдаткавала на патрэбы абароны 5,59 трлн расейскіх рублёў, што на 600 млрд расейскіх рублёў больш, чым было закладзена ў бюджэце РФ на ўвесь год. Гэта вымусіла расейскі ўрад падвоіць планавыя выдаткі федэральнага бюджэту на абарону на 2023 год, павялічыўшы іх да 9,7 трлн рублёў. У выніку 33 % федэральнага бюджэту РФ пойдзе на забеспячэнне арміі.

Заробкі і кампенсацыі скарачаюцца

Пры гэтым з улікам падзення курсу расейскага рубля, сумарныя выплаты на аднаго байца знізіліся прыкладна з амаль $ 200 у дзень у 2022 годзе да каля $120 у дзень цяпер.

«Рэальныя даходы расейскага жаўнера робяцца значна меншымі», – гаворыцца ў аналізе.

Таксама праз дэвальвацыю змяншаецца кошт кампенсацыі вайскоўцам у доларах. Калі пры курсе 60 рублёў/$ кошт кампенсацыі сямʼі загінулага ў РФ складаў каля $110 000, цяпер гэта ўсяго каля $65 000. Сума кампенсацыі параненым адпаведна знізілася з $45 000 да $27 000.

Але з прычыны росту вайсковых стратаў, паводле звестак Генштабу ЗСУ, Расея змушаная выдаткоўваць больш на кампенсацыі.

Страты зброі і тэхнікі

Што датычыць выдаткаў на боепрыпасы і ваеннае забеспячэнне арміі, то агульны кошт гэтых расходаў – $51,34 млрд. Летась расейская артылерыя выкарыстоўвала да 50 000 снарадаў штодня, цяпер тэмпы выкарыстання значна скараціліся: каля 10 000 снарадаў штодня.

Сярэдні кошт снарада савецкага калібру складае каля $ 1000. Такім чынам, толькі на забеспячэнне расейскай артылерыі расейцы выдаткавалі больш за $ 9 млрд за паўтара гады вайны.

«Відавочна, Расея не рыхтавалася да такой працяглай вайны і яе запас снарадаў і магчымасці вытворчасці не дазваляюць забяспечыць уласныя запатрабаванні ў доўгатэрміновай даляглядзе, што прымушае складаць кантракт на пастаўку боепрыпасаў з Паўночнай Карэяй», – піша Forbes.

Агульны кошт ракет, выпушчаных па тэрыторыі Украіны, ужо складае больш за $ 21,1 млрд.

Таксама Расея страціла 315 баявых самалётаў сярэднім коштам $ 18,8 млн і 316 верталётаў сярэднім коштам $ 10,4 млн. Страты артылерыі і РСЗА ацэньваюцца ў $ 5 млрд.

Агульныя страты расейскай тэхнікі ў грашовым эквіваленце складаюць больш як $ 34 млрд.

Аналітыка
Ад 100 да 500 тысячаў. Якія страты зазнала Расея і Украіна за 1,5 года вайны
2023.08.24 09:32

Поўнамаштабная вайна паміж Расеяй і Украінай цягнецца ўжо паўтара года. За гэты час колькасць загінулых вайскоўцаў, хутчэй за ўсё, перавысіла 100 тысячаў чалавек, а з улікам цяжка параненых агульныя страты бакоў могуць складаць паўмільёна.

Каласальныя страты Расея зазнала і ў вайсковай тэхніцы. Паводле праекту «Oryx», які вядзе падлік на падставе адкрытых фота– і відэадоказаў, расейская армія за 1,5 года вайны страціла 11 783 адзінкі тэхнікі (яна была знішчаная, падбітая або захопленая ЗСУ). У тым ліку 2253 расейскія танкі, 2680 БМП, 949 баявых браняваных машынаў, 343 бронетранспарцёры, 499 адзінак самаходнай артылерыі, 283 гарматы, 256 РСЗА, 85 самалётаў, 102 верталёты. Усё гэта мінімальныя лічбы. Аналітык «Oryx» Якуб Яноўскі мяркуе, што насамрэч страты ў тэхніцы прыкладна на 20 % вышэйшыя.

Стужка навінаў