Дзень народнага адзінства прыхільнікаў Лукашэнкі

«Адзінства», якое мы заслужылі. Так, менавіта ўсе мы, беларусы, заслужылі такі дзяржаўны лад сваёй наіўнасцю і недальнабачнасцю, калі абіралі «простага свойскага хлопца» прэзідэнтам, калі лаяльна ставіліся да ўмацавання ягонай бязмежнай улады.

Мужчына ідзе ўздоўж Палаца Рэспублікі, упрыгожанага да Дню народнага адзінства. Менск, Беларусь. 15 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Дзень народнага адзінства Лукашэнка прызначыў сваім указам ад 7 чэрвеня 2021 года на 17 верасня, дату, калі Чырвоная Армія ўварвалася на тэрыторыю Польшчы з мэтай адхапіць частку ейных тэрыторыяў з Усходу, а з Захаду «сваё» забірала гітлераўская Нямеччына. Такі вынік гэтак званага пакту Молатава-Рыбентропа, падпісанага міністрамі замежных справаў абодвух дзяржаваў 23 жніўня 1939 года за тыдзень да пачатку Другой сусветнай вайны. Сам пакт аб ненападзе стаў публічным. Першай падобнае пагадненне з Трэцім райхам падпісала Польшча ў 1934 годзе. Далей – Вялікая Брытанія і Францыя (абедзве – у 1938), Літва, Латвія і Эстонія (усе – у 1939). Аднак адрознай рысаю менавіта савецка-нямецкага пакту быў дадатковы сакрэтны пратакол аб размеркаванні паміж бакамі сфераў інтарэсаў ва Усходняй Еўропе на выпадак «тэрытарыяльна-палітычнай перабудовы». Паводле яго, усходнія вобласці Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, што ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, а таксама румынскай Бесарабіі, украінскіх Паўночнай Букавіны і Вобласці Герца траплялі ў сферу інтарэсаў СССР. Заходнія часткі Літвы і Польшчы аддаваліся Нямеччыне. Мяркуючы з усяго, ужо тады Гітлер і Сталін наважыліся на раздзяленне чужых тэрыторый, не стаўшы чакаць нейкіх асаблівых варункаў «тэрытарыяльна-палітычнай перабудовы». 1 верасня 1939 Нямеччына распачала Другую сусветную вайну. А ўжо 17 верасня Чырвоная Армія ўварвалася на тэрыторыю Польшчы і забрала ў яе значныя тэрыторыі, далучыўшы іх да сябе. У Савецкім Саюзе і сучаснай Беларусі гэта называюць вызваленнем беларусаў ад польскага гнёту. Лічыцца, што ён пачаўся ў 1921-м годзе, калі Войска Польскае перамагло ў вайне з Савецкім Саюзам. Была складзеная Рыжская мірная дамова паміж РСФСР (за сябе і паводле паўнамоцтваў, перададзеных БССР), Украінскай ССР, а з іншага боку – Польскай Рэспублікай. Дамова была напісаная на расейскай, украінскай і польскай мовах, а ратыфікавана 14 красавіка 1921 года і Ўсерасейскай Цэнтральнай выбарчай камісіяй, і Украінскім ЦВК, і сеймам Польскай Рэспублікі, пасля чаго польска-савецкая вайна лічылася скончанай. Але з прыходам да ўлады Гітлера ў Нямеччыне і Сталіна ў Савецкім Саюзе ўжо ў іх узнікла задума падзяліць польскія тэрыторыі і акрамя, як праз захоп, гвалт, таямнічасць гутаркі не вялося. Такім асобам было не да дыпламатыі.

Гісторыя прызнае, што ў хадзе палітыкі «пацыфікацыі» польскім уладам удалося разграміць гэтак званы нацыянальна-вызваленчы рух беларусаў, а па сутнасці, прадстаўнікоў чужой ім ідэалогіі. Бо касцяк супраціўленцаў стваралі левыя партыі і арганізацыі, у асноўным – камуністычныя, якія былі цесна звязаныя з партыйнымі органамі БССР. Відаць, і на гэтай глебе палякі імкнуліся пазбавіцца ўсяго беларускага і ў 1939 годзе ліквідавалі апошнюю навучальную ўстанову на беларускай мове, канчаткова пакончыўшы да гэтага са многімі легальнымі выданнямі і арганізацыямі. Канечне, гэта можна назваць прыгнётам беларусаў. З аднаго боку. А з іншага – варта бачыць, што ўсё тое ж самае робіцца і ў сучаснай Беларусі. Вяртаючыся да тых часоў адзначу, што, канчаткова ўсталяваўшы сваю незалежнасць у 1918 годзе пасля 123 год і чатырох падзелаў паміж іншымі дзяржавамі – Прусіяй, Расейскай імперыяй і Аўстрыяй – Рэспубліка Польшча нарэшце набыла спакой. Праўда, як паказаў верасень 1939 года, не надта надоўга.

Падрыхтоўка да дня народнага адзінства каля Менск-арэны. Менск, Беларусь 16 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

І вось сёння Рэспубліка Польшча – галоўная мішэнь ідэалагічных нападаў аўтакратычнага рэжыму Лукашэнкі. Як, па вялікім рахунку, і крамлёўскага рэжыму. Цікава, што Дзень народнага адзінства ў Беларусі – кампіляцыя з расейскага, таму што там «чырвоны дзень календара» звязаны таксама з Польшчай. І называецца абсалютна ідэнтычна. У РФ дзень народнага адзінства адзначаецца 4 лістапада. Прычым, у адрозненні ад Беларусі, там гэты дзень выходны. Звязалі яго з польска-літоўскай інтэрвенцыяй у Расею напачатку 10-х гадоў XVII стагоддзя, у выніку чаго больш як на два гады (ад 21.09.1610 г. да 7.11.1612 г.) была акупаваная Масква. Лукашэнка так глыбока ў гісторыю не зазіраў. І вырашыў абмежавацца 1939-м годам. Гэтага хапіла, каб ягоныя прапагандысты спрыялі ненавіснаму стаўленню да палякаў, якое падаграецца гэтак званым Годам гістарычнай памяці. Памяці, якая, паводле ўладаў, павінная браць свой пачатак ад Другой сусветнай вайны. Глыбей зазіраць у гісторыю, дзе была і пераможная бітва нашых продкаў пад Воршай у хадзе Літоўска-Рускай вайны, якой налета будзе 510 гадоў, і паўстанне Каліноўскага ў 1863–1864 гадах супраць улады Расейскай імперыі на тэрыторыі Царства Польскага і Заходняга краю, і Слуцкае паўстанне 1920 года за незалежнасць Беларусі ні ў якім разе нельга. Гэта ўсё небяспечна для сённяшніх уладаў. Таму маладым беларусам ад самага дзяцінства настойліва ўкладваюць у розум ваяўнічасць, нянавісць да той жа Польшчы, ды і да сваіх суайчыннікаў, якія не пагадзіліся з дыктатам Лукашэнкі і ўпэўненыя, што вартыя значна больш годнага, сучаснага і высакароднага, а галоўнае – мірнага жыцця.

«Свята» яднання сёлета пачалі адзначаць у школах, вышэйшых навучальных установах, на прадпрыемствах і ўстановах аховы здароўя яшчэ за два тыдні да 17 верасня з суправаджэннем шалёнай нянавісці да суседняй Польшчы, якую навязваюць прапагандысты. Аўтакратычныя рэжымы не могуць жыць без пошуку ворагаў. Але чаму менавіта дэвіз «Польшча – зло» сёння актуалізаваная, як, бадай, ніколі? Запытаўся пра гэта ў беларускага палітолага Валера Карбалевіча. Аналітык лічыць, што Лукашэнка зараз пытаецца распаліць беларускі нацыяналізм. І накіраваць яго супраць Польшчы.

– Любы нацыяналізм, – кажа эксперт, – павінен адштурхоўвацца ад нейкага знешняга апанента, знешняга праціўніка. На постсавецкай прасторы нацыяналізм ува ўсіх былых савецкіх рэспубліках насіў антысавецкі характар. Былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма нават напісаў кнігу «Украіна – не Расея». Чаму не Польшча, не Румынія, не Вугоршчына, а менавіта не Расея? Зразумела, што такая з’ява заўсёды мяркуе аддзяленне ад метраполіі, ад імперыі. І, уласна, беларускі нацыяналізм, які ўзнік з распадам Савецкага Саюзу, насіў антырасейскі характар, што абсалютна натуральна. А цяпер Лукашэнка жадае пераарыентаваць гэты беларускі нацыяналізм на Польшчу, зрабіць яго антыпольскім. Наколькі гэта паспяхова працуе – цяжка сказаць. Патрэбныя незалежныя сацыялагічныя апытанні. Але за апошнія 30 год маса беларусаў, асабліва з Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей, пабывалі ў Польшчы, уладкоўваліся там на працу, альбо проста ездзілі прадаваць нешта ці на закупы. І нейкага негатыву да палякаў у іх няма. А выклікаць яго штучна… не ведаю, наколькі гэта атрымаецца. Хутчэй не, чым так. Хіба што Лукашэнка лічыць, што такі антыпольскі беларускі нацыяналізм можа сцэментаваць яго палітычны рэжым. Бо, уласна, іншых ідэалагічных падпорак у кіраўніка Беларусі няма. І адсюль ягоныя спробы апеляваць да гісторыі Вялікай айчыннай вайны, як узмацненне фактару легітымізацыі ўлады. Гэта таксама, на маю думку, не надта паспяхова працуе. Таму што для новага пакалення вайна – нешта вельмі далёкае.

– Лукашэнка, і адпаведна праўладныя СМІ, захопленыя тэрмінам «яднанне». Яднанне народаў Беларусі і Расеі, яднанне ўнутранае супраць вонкавага ворагу і вакол «нашага прэзідэнта». Што значаць гэтыя заклікі?

– Самая ідэя яднання, народнага адзінства – таталітарная. У таталітарнай дзяржаве народ вымушаюць аб’ядноўвацца вакол улады. А хто не згодны – для таго ГУЛАГ ёсць, канцэнтрацыйныя лагеры. У нармальным грамадстве існаванне палітычнай канкурэнцыі, палітычных канфліктаў – гэта хутчэй норма. Проста павінныя быць нармальныя, законныя, легальныя, легітымныя механізмы рэгулявання такіх канфліктаў. У гэтым сутнасць дэмакратыі. Таму ўсе размовы пра яднанне – гэта спроба ўмацаваць дыктатуру. З іншага боку, улады разумеюць адзінства, як аб’яднанне менавіта сваіх прыхільнікаў. А іншую частку грамадства, якая не прымае Лукашэнку і ягоныя «каштоўнасці» ды ідэі, улады абвяшчаюць ворагамі і вядуць з імі барацьбу. То бок, рэжым прымае за народ толькі тую частку насельніцтва, якая падтрымлівае Лукашэнку. Супраціўнікі яго – гэта не народ, гэта не грамадзяне, гэта не грамадства. На іх не распаўсюджваюцца законы. Улады адмаўляюцца выконваць у адносінах да іх функцыі правасуддзя, інструменты падтрымкі за мяжой, пра што сведчыць нядаўні ўказ аб пашпартах. Таму такія наратывы пра адзінства – лукавыя. Насамрэч самая ўлада правакуе раскол, арганізоўвае і паглыбляе яго, вядзе неўміручую барацьбу супраць сваіх апанентаў. А Дзень народнага адзінства – не больш, чым адзінства прыхільнікаў Лукашэнкі, а не ўсяго народу. І гэта трэба разумець.

Як трэба разумець і тое, што дзяржава, якая збіраецца нападаць, не будзе будаваць высачэзны плот на мяжы, узмацняючы яго ўсё больш новымі і сучаснымі сродкамі абароны. Таму, калі Лукашэнка кажа, што Польшча хоча напасці на Беларусь і «раздзербаніць» яе – гэта выключна папулісцкая фантазія. Задумацца пра гэта ніколі не позна.

Hавiны
Польшча пабудуе новую агароджу на мяжы з Беларуссю – з тысячамі камер і цеплавізараў
2023.09.17 10:22

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў