Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?


У Беларусі 17 верасня адзначаюць Дзень народнага адзінства з нагоды далучэння Заходняй Беларусі да БССР у выніку змовы Сталіна з Гітлерам. Ці ёсць сапраўднае народнае адзінства ў беларусаў? «Белсат» спытаў экспертаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя пратэсту ў Менску, Беларусь. 29 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Сёлета другі раз у Беларусі адзначаецца Дзень народнага адзінства. У гэты дзень у 1939 годзе Чырвоная армія ўвайшла ў Польшчу, на якую ўжо напала нацысцкая Нямеччына. Гэтаму папярэднічаў пакт Молатава – Рыбэнтропа: Іосіф Сталін і Адольф Гітлер таемна падзялілі між сабой Еўропу. Большасць этнічных беларусаў у выніку апынулася ў адной краіне, але з прыходам бальшавікоў у Беларусь прыйшлі і сталінскія рэпрэсіі.

На свята, прыдуманае летась, выдаткуюць больш чым 300 тыс. рублёў. Да яго ўлады плануюць ці то амністыю, ці то ўзмацненне рэпрэсіяў. Але ці ёсць цяпер сапраўднае народнае адзінства?

Інтэрв’ю
Прафесар Алесь Смалянчук – пра 17 верасня: Пазітыў узʼяднання Беларусі перамешваецца з трагедыяй мільёнаў людзей
2021.09.17 14:01

Для прапаганды апаненты – не народ

Журналіст Паўлюк Быкоўскі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Медыяэксперт і аналітык праекту «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі расказвае, што дзяржаўная прапаганда мае парадыгму: «беларускі народ гэта іхны, а астатнія – не народ». У гэтай логіцы народ адзіны і аб’яднаны вакол правадыра, а «беглыя» (як называюць палітычных эмігрантаў) і тыя, хто застаўся ў Беларусі, але не прымае Аляксандра Лукашэнку, падлягаюць крытыцы.

«У гэтай парадыгме ўсё быццам бы лагічна, – разважае Быкоўскі. – І яна магла б быць эфектыўнай, калі б на баку кіроўнага рэжыму была сапраўдная большасць».

Але пасля 2020 года відаць, што большасці няма, таму гэта выглядае як разбураная прапаганда перыяду распаду Савецкага Саюзу, дадае ён. Школьнікаў збіраюць на сходы, рабочых заводаў вядуць паслухаць прапагандыста – але людзі застаюцца пры сваёй думцы, проста з прычыны рэпрэсіяў намагаюцца не выказваць свайго меркавання.

Быкоўскі за апошні час не заўважаў новых пасылаў прапаганды. Хіба «замежныя лялькаводы» былі спачатку ў Чэхіі і Польшчы, потым у ЗША, потым ізноў у Польшчы, а ўрэшце запазычылі з Расеі формулу «калектыўнага Захаду». Саму ідэю з «лялькаводамі» ён называе эфектыўным падыходам прапаганды, які выкарыстоўваўся яшчэ ў СССР. Калі адмаўляецца магчымасць таго, што людзі самі робяць выбар, некаторыя могуць паверыць у такія простыя тлумачэнні, калі самі не былі закранутыя тымі падзеямі.

У медыяпрасторы ёсць публіцысты, для якіх «лаялісты не народ», і ёсць тыя, хто лічаць, што лаялісты і апаненты рэжыму мусяць быць адным народам, адзначае Быкоўскі. Дыспуты між імі абмежаваная тым, што шмат хто з дыспутантаў мусіў выехаць з Беларусі. Так было і падчас здушэння паўстання Касцюшкі ці паўстання Каліноўскага, хіба тады гэта было ў папяровым ліставанні.

Сярод апанентаў рэжыму Лукашэнкі, разважае ён, пытанне не столькі пра адзінства, колькі пра тое, што рабіць далей. Спробы «перацягнуць коўдру на сябе» ў апазіцыйных колах ёсць, але Быкоўскі лічыць гэты працэс звычайнай з’явай, калі няма «акна магчымасцяў» для перамен. Ды Святлана Ціханоўская мае эфемерны мандат народнага даверу, якога іншыя не маюць, а валтузня ў апазіцыйных колах звычайна мала ўплывае на жыццё простых людзей.

Аналітыка
Тысячы вязняў і эмігрантаў, сотні «экстрэмістаў»: два гады пасля выбараў 2020 года ў лічбах
2022.08.09 13:56

Грамадства падзеленае, але гэта наўрад ці фатальны раскол

Дырэктар даследаванняў «Цэнтру новых ідэяў» і дырэктар беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгор Астапеня.
Фота: Цэнтр новых ідэй / Facebook

Сацыёлагі не рабілі замераў паказніку народнага адзінства, кажа «Белсату» дырэктар даследаванняў «Цэнтру новых ідэяў» і дырэктар беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгор Астапеня, але ў грамадстве ёсць выразны падзел між людзьмі з рознымі палітычнымі поглядамі, якія між сабой цяжка ўжываюцца.

«Мур быў пабудаваны ў 2020 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне гэты падзел толькі ўзмацніўся», – кажа Астапеня.

З цягам часу падзел толькі ўзмацняўся, і цяпер падзеленыя палітычнымі поглядамі жывуць «у розных светах», кажа ён: маюць розныя патэрны медыяспажывання, спачуваюць розным людзям у вайне, зусім па-рознаму бачаць будучыню краіны. Дзяржаўная прапаганда, безумоўна, накіраваная на раздзяленне людзей паводле палітычных поглядаў.

Кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі.
Фота: Белсат

Тым часам навуковы кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні», сацыёлаг Андрэй Вардамацкі кажа, што палярызаваныя думкі не значаць расколу. Строгага вызначэння таго, пры якой прапорцыі розных думак пачынаецца раскол, сацыёлагі не маюць (хіба маюць шкалу Багардуса сацыяльнай дыстанцыі). Вардамацкі лічыць, што не варта казаць пра «раскол беларускага грамадства»:

«Ёсць розніца ў думцы, але гэта не азначае, што раскол такі, які не дазволіць жыць людзям у адной краіне», – перакананы ён.

Цяпер зброя сканцэнтраваная ў адной часткі грамадства, але, прагназуе Вардамацкі, калі гэта пройдзе, дык і раскол знікне. У Злучаных Штатах, згадвае ён, 63 % прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі кажуць, што прыхільнікі Дэмакратычнай партыі – найвялікшае зло для дзяржавы, а 67 % дэмакратаў кажуць такое пра рэспубліканцаў. Але яны суіснуюць, працуюць разам, краіна развіваецца, і ніводзін бок не мае выключнага права на ўжыванне зброі і гвалту. Гэта не ўнікальны выпадак – такая розніца ў поглядах ёсць нават у суседняй Польшчы.

Вардамацкі кажа, ёсць тры ўзроўні адрозненняў думак:

  1. Кагнітыўны – проста як стаўленне да падзеяў на ўзроўні «я за» ці «я супраць».
  2. Эмацыйны – калі ўжо ёсць каштоўнаснае непрыманне іншай групы, напрыклад, «прыхільнікі пераменаў супраць ябацек».
  3. Паводзінавы – калі непрыманне выражаецца ў дзеяннях, калі «выходзяць і б’юць па твары», калі ідзе грамадзянская вайна.

Першыя два ў Беларусі бачныя, трэцяга не было ў заўважных маштабах – гэта было толькі з боку спецыяльна навучаных «афіцыйных носьбітаў сілы і зброі», заўважае сацыёлаг, а такіх у грамадстве невялікі адсотак.  Калі знікне манаполія на гвалт аднаго боку, «ябацькі» не пойдуць на сілавое сутыкненне з апанентамі.

У 2020 годзе ўлады нават не здолелі сабраць больш-менш маштабнага мітынгу (найвялікшы выглядаў так), прыхільнікі ўладаў амаль не збіралі «самаарганізаваных» акцыяў, хоць не было пагрозы гвалту супраць іх. Прыхільнікі пераменаў пры гэтым лёгка збіралі сотні тысяч людзей без усялякага адміністратыўнага ціску (найвялікшы быў такім).

«Больш за тое: характэрная каштоўнасная рыса «ябацек» або агулам прыхільнікаў рэжыму – гэта псіхалагічная адсутнасць патрэбы браць удзел у прыняцці рашэнняў, – расказвае Вардамацкі. – А прыхільнікі пераменаў хочуць быць decision makers».

Пры гэтым ёсць пытанні, у якіх беларусы падзеленыя «40 на 40» ці «50 на 50», напрыклад, стаўленне да прысутнасці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Але ёсць і даволі выразныя пазіцыі бальшыні, якія не мяняюцца шмат гадоў. Напрыклад, менш за 5 % падтрымлівае далучэнне Беларусі да NATO, менш за 5 % – за ўваход Беларусі ў склад Расеі. Таксама кансалідаваная пазіцыя адносна ўвядзення беларускіх войскаў ва Украіну: 85 % – супраць. Вардамацкі дадае, што гэта не «кансалідацыя вакол сцяга», а «кансалідацыя без сцяга», бо ў лік праціўнікаў уваходзіць і частка «ябацек».

Hавiны
Вардамацкі: 40 % беларусаў ухваляюць дзеянні Расеі ў вайне ва Украіне, 50 % спачуваюць украінцам
2022.08.07 11:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў