Ці магчымы дыялог Ватыкану з Расеяй? Распавядаем пра з'езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігіяў


У Нур-Султане скончыўся VII з’езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігіяў. Упершыню такі форум быў сабраны ў верасні 2003 года на ініцыятыву першага прэзідэнта Казахстану Назарбаева. А затым праводзіўся праз кожныя тры гады.

Папа Францішак бярэ ўдзел у з’ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігіяў. 15 верасня 2022 г.
Фота: PAVEL MIKHEYEV / Reuters / Forum

Падчас з’езду адбылася сустрэча Папы Рымскага Францішка з дэлегацыяй аддзелу вонкавых царкоўных сувязяў Маскоўскага партыярхату. Патрыярх Маскоўскі Кірыла не скарыстаўся магчымасцю ўпершыню пасля 2016 года асабіста пагаварыць з пантыфікам і толькі блаславіў дэлегацыю патрыярхату. У яе склад увайшоў і патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін.

Старшыня аддзелу вонкавых царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Антоній, які ўзначаліў дэлегацыю, агучыў пасланне патрыярха Кірылы, у якім, у прыватнасці, сказана: «Абраны некаторымі ўладарамі свету шлях дыктатуры, суперніцтва і канфрантацыі вядзе чалавецтва да гібелі. І ў гэтых умовах менавіта вера здольная ацвярозіць людзей, вярнуць іх на шлях дыялогу і супрацоўніцтва».

З’езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігіяў. 15 верасня 2022 г.
Фота: IPA / BACKGRID / Backgrid UK / Forum

Якія высновы можна зрабіць паводле вынікаў гэтага зʼезду і якім чынам могуць суіснаваць гуманітарныя і антычалавечыя паняцці ў разуменні сённяшніх дзеячаў Царквы і Касцёлу, мы пастараліся разабрацца, пагутарыўшы з беларускімі святарамі ў выгнанні. Цяперашні дырэктар «Хрысціянскай візіі» айцец Аляксандр Шрамко, які мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Паўлам самастойна, у парушэнне працэсуальных нормаў, быў адпраўлены за штат у 2018 годзе (клірык дагэтуль мае забарону на служэнне, але працэс вяртання да сваіх абавязкаў 65-гадовага айца Аляксандра ўжо распачаўся) лічыць, што Папа Рымскі  не ведае, хто такі Веньямін.

«Пантыфік размаўляе з рознымі людзьмі. Але не сустракаўся асабіста з Веньямінам. Ён прымаў дэлегацыю РПЦ. Ды, шчыра кажучы, нельга перавялічваць міратворчую ролю Папы. Узгадаем, што ён ніяк не рэагаваў на тыя падзеі, што былі ў Беларусі. Спакойна даслаў нунцыя, без унікнення ў стан справаў адправіў у адстаўку іерарха Тадэвуша Кандрусевіча. Мясцовыя епіскапы, біскупы каталіцкія ў Ватыкане па-рознаму выказваліся, а Папа рабіў выгляд, што нічога не адбываецца», – кажа Аляксандр Шрамко.

Даведка
Ксёндз Вячаслаў Барок.
Фота: ЯМ / Белсат

Каталіцкі святар з Расонаў, што на Віцебшчыне, Вячаслаў Барок, які не аднойчы зазнаваў пераслед на радзіме, а ў снежні 2020 года нават адседзеў 10 содняў, пракаментаваў дзеянні пантыфіка ў Нур-Султане як не да канца зразумелыя.

«Першапачаткова планавалася, што галоўная ўвага будзе прысвечана сацыяльным праблемам, якія ўзніклі ў свеце пасля пандэміі каронавіруса. Але падзеі сусветнага маштабу ўнеслі карэкціроўку і важнае месца падчас з’езду аддалі праблеме вайны ва Украіне. Якім чынам знайсці магчымасць прымірэння, паяднання і дапамагчы ўсталяваць мір. Папа яшчэ на шляху ў Казахстан акрэсліў сваё падарожжа як паломніцтва міру. За мір маліліся, пра мір казалі, а з іншага боку – пытанне засталося адкрытым. На маю думку, не хапіла канкрэтыкі, агучаных рэцэптаў на тое, як свет лекаваць ад вайны. І сёння, пасля 2014-га, калі, уласна, Расея захапіла чужую тэрыторыю, пасля Крыму і Данбасу толькі сказаць, што адбываецца вайна, – ужо крайне замала, недастаткова. Зло трэба акрэсліць. Заклікаць да міру і будаваць мір – гэта розныя дарогі».

Зразумела, што рэлігійныя лідары – не палітыкі. У іх зусім іншая місія. Яны не могуць гаварыць абцякальна, лавіраваць, у іх не павінна быць палітычнай мовы, калі штосьці не дагаворваецца, абмінаюцца балючыя тэмы. Напрыклад, Папа Францішак хваліць улады Казахстану, што краіна дэмакратызуецца, узгадвае, што ў дзяржаве напрыканцы 2021 года адмянілі смяротнае пакаранне, але абмінае ў сваёй прамове трагічныя моманты: што Казахстану баліць і да сённяшняга дня за студзеньскія падзеі 2022 года, якія ўскалыхнулі не толькі краіну, але і ўвесь свет. Загінулі дзве з паловаю сотні чалавек і каля пяці тысячаў былі параненыя. І вось паўстае пытанне: чаму не памаліцца за ахвяры гэтай трагедыі, ахвяры трагедый ва Украіне, у Беларусі, у Расеі?

Рэлігійныя дзеячы не могуць казаць выключна тое, што павінна падабацца палітыкам, уладам. Бо, як гавораць кампендыі сацыяльнага вучэння Касцёлу, пастырская дзейнасць развіваецца ў двух кірунках: абвяшчэнне хрысціянскіх падставаў правоў чалавека і асуджэнне парушэння гэтых правоў. Але гэтага асуджэння акурат не вынікала з прамоваў, у тым ліку і з вуснаў пантыфіка. Як і не было асуджэння вайны ва Украіне, дзеянняў агрэсара.«Мір ніколі не пабудуецца і ніколі не скончыцца вайна, пакуль не будзе асуджаны агрэсар», – лічыць ксёндз Вячаслаў Барок.

Папа Францішак у сталіцы Казахстану разам з кіраўніком краіны Касым-Жамартам Такаевым. 15 верасня 2022 г.
Фота: Ansa/Press Office Vatican Media / Zuma Press / Forum

На думку Вячаслава Барка, Папа Францішак не ведае пра Беларусь, пра тое, як мы цярпім, яму не дакладаюць ватыканскія дыпламаты. «Немагчыма такое ў хрысціянстве, каб пастар, які клапоціцца пра сваіх авечак, не выказаў словы падтрымкі ім. У Беларусі дзясяткі святароў – каталіцкіх, праваслаўных, пратэстанцкіх – прайшлі праз рэпрэсіі, некаторыя вымушаныя былі пакінуць краіну. І калі яны не чуюць падтрымкі ад пастара, то ў такім выпадку можа быць адно тлумачэнне: што пастар не ведае пра гэта. Каб ведаў, то рэакцыя, напэўна, была б. Але Веньямін, зразумела, не падняў тэму пераследу таго ж Уладзіслава Багамольнікава, якога пасля 15 содняў арышту не выпусцілі і зноў асудзілі. З іншага боку, адбылося спатканне Папы Францішка з айцамі-іезуітамі, якія працуюць на постсавецкай прасторы. І ў гэтым спатканні прымалі ўдзел таксама два іезуіты з Віцебску: айцец Віктар Жук і айцец Клеменс Верт, якія самыя падвергліся рэпрэсіям. Было спатканне з іерархамі на чале са старшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Алегам Буткевічам, то бок са сваймі братамі па веры. Але, мяркуючы з усяго, ніхто не ўзнімаў пытанняў беззаконня ў Беларусі, не жадаючы, відаць, напружваць немаладога пантыфіка».

Цікава, што толькі па дарозе дадому ў самалёце Папа Францішак у размове з журналістамі нарэшце выказаў сапраўды заўважную думку, якая больш канкрэтызуе стаўленне да канфлікту на Усходзе Еўропы. Пантыфік заявіў, што пастаўкі ўзбраення ва Украіну могуць быць «маральна дапушчальнымі», калі зброя выкарыстоўваецца для самаабароны.

«Гэта палітычнае рашэнне, якое можа быць маральна дапушчальным, калі яно прымаецца на ўмовах маральнасці. Бо паводле прынцыпаў «справядлівай вайны», якія захоўвае Рыма-Каталіцкі Касцёл, дапускаецца «прапарцыянальнае» выкарыстанне смертаноснай зброі для самаабароны супраць «нацыі-агрэсара».

Бо самаабарона – гэта не толькі законна, але і выказванне любові да радзімы. Калі вы штосьці абараняеце, то вы гэта любіце – перакананы пантыфік.

Папа Францішак таксама лічыць, што заўсёды цяжка весці дыялог з краінамі, якія развязалі вайну, але ад гэтага нельга адмаўляцца. І тым, хто прапаноўвае такі дыялог, гэта заўсёды ідзе на карысць. Толькі сёлета кіраўнік Рыма-Каталіцкі Касцёл некалькі разоў ініцыяваў наведванне і Украіны і Расеі. Пры тым што Папа  ніколі не быў у Маскве, запыт сустрэчу з Пуціным расейскі бок праігнараваў, а Украіна была незадаволеная некаторымі выказваннямі пантыфіка, і візіт Папы Францішка ў траўні палічыла немэтазгодным. Таксама Папа спадзяваўся на асабістую сустрэчу з кіраўніком Расейскай праваслаўнай царквы патрыярхам Кірылам у Казахстане, але, як аказалася, той даслаў толькі сваіх прадстаўнікоў. У такіх умовах эксперты не прагназуюць сёлета дыялогу Ватыкану з Расеяй. Хоць ён сапраўды мог бы стаць лёсавызначальным.

Hавiны
Сталіцы Казахстану вярнулі ранейшую назву – Астана
2022.09.16 23:01

АП belsat.eu

Стужка навінаў