Дарадца Ціханоўскай у справах моладзі – пра тое, чым давядзецца заняцца ў першую чаргу


Кіраўніца Нацыянальнай моладзевай рады «РАДА» Маргарыта Ворыхава ў жніўні стала дарадцай Святланы Ціханоўскай у сферы моладзевай палітыкі і студэнцтва. У размове з «Белсатам» яна распавядае пра свае мэты ў Офісе, падвойны эфект санкцыяў і галоўную праблему маладых беларусаў.

Маргарита Ворихова
Маргарыта Ворыхава, дарадца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы і справах студэнтаў.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

 – Чым ты займалася да з’яўлення ў Офісе Святланы Ціханоўскай і чым будзеш займацца цяпер?

– Апошнія тры гады я ўзначальваю Нацыянальную моладзевую раду «РАДА», якая аб’ядноўвае 38 арганізацыяў з розных сфераў – культурных, ЛГБТ, эка, адукацыйных ды іншых. Як старшыня я арганізавала камунікацыю з арганізацыямі і спрабавала данесці павестку моладзі з арганізацый, якія ўваходзяць у «РАДА», да Еўразвязу, Рады Еўропы і асобаў, якія ўплываюць на размеркаванне дапамогі арганізацыям.

У Беларусі каля 30 % насельніцтва – людзі да 35 гадоў, такую колькасць людзей складана ахапіць па-за структурамі, таму мы сфакусаваліся на арганізаванай моладзі. Праз «РАДА» я атрымлівала інфармацыю пра іхныя патрэбы і даносіла яе да палітыкаў.

Акрамя сяброўства ў «РАДА», я ў Кантактавай групе Рады Еўропы, структуры, сфармаванай, каб у беларусаў і беларусак была магчымасць даносіць свае патрэбы да гэтай арганізацыі. У межах групы ў кастрычніку мы запускаем курс для моладзі для развіццю навыкаў лідарства.

У Офісе я буду займацца каардынацыяй моладзевай палітыкі: тое, як узаемадзейнічаць з моладдзю ў цэлым і са студэнцтвам у прыватнасці. Першай мэтай бачу тое, што гэтую палітыку трэба сфармаваць. У нас ніколі не было добра прапісанага дакумента, паводле якога б працаваў, па-першае, Офіс, а, па-другое, дзяржава.

 – Як змянілася тваё жыццё за час, які мінуў з прызначэння на пасаду?

– Насамрэч ніяк. Таксама працягваю працаваць у «РАДА», працягваю дапамагаць беларусам і беларускам. Да пачатку верасня, калі мая праца стартуе афіцыйна, пастараюся закончыць неабходныя справы, у тым ліку асабістыя, і звязаныя з цяперашняй працай у карпарацыі. Цяпер займаюся падрыхтоўкай і стратэгічным планаваннем таго, як можа выглядаць мая праца ў Офісе.

 – Ці можаш пахваліцца канкрэтнымі вынікамі працы за час кіраўніцтва «РАДА» – нешта, што прынесла карысць вялікай колькасці людзей?

– Ёсць такая структура Advisory Council on Youth – кансультацыйная рада ў межах Рады Еўропы, створаная не толькі для беларускай, а для моладзі ўсёй Еўропы. У яго я ўвайшла ад «РАДА». Гэтае дасягненне не толькі асабістае, а ўсёй маёй каманды. Гэта першае прызначэнне кагосьці з Беларусі на такую пазіцыю. Гэты ўдзел дазваляе ўплываць на Раду Еўропы і рашэнні, якія датычаць моладзі ва ўсіх 46 краінах-удзельніцах. Гэта першы кейс, калі беларусам удалося заняць такую пазіцыю ў структуры агульнаеўрапейскага значэння.

 – Ці будзе нейкі механізм, які дазволіць звярнуцца да цябе з вызначанай праблемай ці пытаннем?

– У мяне пакуль няма разумення, як будзе працаваць акумуляцыя запытаў, і я не ўяўляю ўсіх абмежаванняў і магчымасцяў маёй пазіцыі. Магчыма, я не буду вырашаць праблемы кожнага маладога чалавека, але змагу перанакіроўваць у арганізацыі, якія займаюцца пэўнымі пытаннямі. Гэта значыць, стану цэнтрам каардынацыі моладзевых арганізацыяў у Беларусі.

– Якія цяпер асноўныя праблемы ў беларускіх студэнтаў у Беларусі і беларускіх студэнтаў за мяжою?

– У Беларусі гэта праблемы, якія былі і раней. Напрыклад, звязаныя з размеркаваннем: яно становіцца яшчэ больш прымусовым. Калі раней былі магчымасці ўладкоўвацца ў карпарацыі пад эгідай размеркавання, то цяпер такіх магчымасцяў усё менш, бо ў дзяржаўным сектары становіцца менш людзей, здольных закрываць усе неабходныя пазіцыі, – і туды цяпер бяруць студэнтаў.

Цягам апошніх трох гадоў нарастае праблема, звязаная з мілітарызацыяй моладзі, якая праяўляецца не толькі ў выглядзе большай ідэалагізацыі навучання ў школах і ўніверсітэтах, але таксама і большага запыту на прызыўнікоў з боку дзяржавы.

Маргарита Ворихова
Маргарыта Ворыхава, дарадца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы і справах студэнтаў.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Самая вялікая праблема актыўнай моладзі – рэпрэсіі. Мы бачым рост адсоткаў маладых зняволеных, узмацненне рэпрэсіяў у школах, універсітэтах і на працоўных месцах.

Становіцца ўсё менш праграмў супрацы і абмену паміж беларускімі і замежнымі ўніверсітэтамі, што ўплывае на моладзь, якая хоча вучыцца за мяжой. У цэлым стала менш магчымасцяў мабільнасці. Стала складаней атрымаць візу не толькі з мэтай адукацыі, але таксама працы і папросту вандровак. Гэта ўсё ўплывае на культурны ўзровень развіцця беларускай моладзі.

Для беларускай моладзі па-за Беларуссю застаюцца актуальнымі пытанні, звязаныя з легалізацыяй, моўнымі курсамі, пошукам працы і перанавучаннем. Апошні час узнікаюць пытанні дыскрымінацыі беларусаў паводле нацыянальнай прыкметы праз існы бар’ер у адрозніванні беларусаў і расейцаў – не толькі на асабістым, але таксама інстытуцыянальным узроўнях: у замежных банках, пры перасячэнні межаў – напрыклад, у Грузіі, Чэхіі ці Літве.

З’яўляецца пытанне псіхалагічнага здароўя і магчымасці планаваць сваё жыццё. Каб развівацца, гэтыя пытанні павінны быць закрытыя.

– Што ты думаеш пра заходнія санкцыі, якія ў вялікай ступені і закрываюць магчымасці для беларускай моладзі?

– Санкцыі ўплываюць не толькі на магчымасці для моладзі, але і на эканамічны стан усяго насельніцтва. Гэта момант, з якім нам даводзіцца сутыкацца ўжо. Мы заклікаем да санкцыяў супраць канкрэтных асобаў, арганізацыяў і ўсёй дзяржавы, але, на мой погляд, гэта крок, на які мы павінны ісці: на сістэму можна ўплываць толькі сістэмай.

Светлана Тихановская и Маргарита Ворихова
Святлана Ціханоўская пасля прызначэння Маргарыты Ворыхавай (справа) сваёй дарадцай у моладзевай палітыцы і справаў студэнтаў на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

З майго гледзіша, ёсць магчымасці, якія закрываюцца, але палітыкі, якія прымаюць санкцыі, заўсёды думаюць пра тое, якія праблемы яны прынясуць, у тым ліку людзям унутры краіны. Яны разумеюць, што санкцыі маюць негатыўны эфект. Я таксама спадзяюся, што беларускія дэмакратычныя сілы, прасоўваючы ўвядзенне [чарговых] санкцыяў, прапануюць альтэрнатывы, якія дазваляюць звычайным людзям перанесці іх з найменшымі стратамі.

 – Кім ты бачыш сябе праз дзесяць гадоў?

– Я б сапраўды хацела частку сваёй працоўнай сферы прысвяціць акадэмічнай дзейнасці, у тым ліку правядзенню даследаванняў. Працаў на тэму моладзі не хапае, іх камусьці трэба пісаць. Частку працы хацелася б прысвяціць адвакатыўнай дзейнасці – не толькі абароне моладзі, але, магчыма, і іншых групаў.

Я займаюся палітычнай дзейнасцю і не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Не скажу, што хацела б быць палітыкам на працягу ўсёй кар’еры. Хацела б займацца развіццём палітычнай культуры ў Беларусі не толькі сярод моладзі, але і насельніцтва ў цэлым.

Праз дзесяць гадоў я, напэўна, хацела б працягваць працаваць для Беларусі. У якой пазіцыі, пакуль не ведаю – пабачым.

Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў