Палітзняволеную Ірыну Прыгаву асудзілі на 1,5 года калоніі за бчб-стужкі і антываенныя надпісы


57-гадовую Ірыну Прыгаву абвінавацілі ў «абразе прэзідэнта», «хуліганстве», «апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці». Пра гэта паведамляе «Берасцейская вясна».

Ірына Прыгава.
Фота: brestspring.org

Паводле следства, жанчына з 22 студзеня да 6 сакавіка 2022 года развешвала бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі на вуліцах Берасця. Агулам у справе пералічана больш за 15 вуліцаў, хоць жанчына растлумачыла, што палова пералічаных эпізодаў не мае да яе ніякага дачынення. Акрамя таго яна адзначыла, што апроч бчб-стужак развешвала яшчэ і жоўта-блакітныя.

Таксама ў віну жанчыне ставілі і зробленыя алоўкам і крэйдаю наступныя надпісы:

  • «Нет войне» на фасадзе будынка на вул. Васняцова (за тое, што змылі гэты надпіс, налічылі 6 рублёў «шкоды»; кваліфікавана паводле арт. 341 КК);
  • «Путин убийца, Лукаш п.н.х»., «Путлер убийца, Лукаш пособник. Слава Украине!» на цокалі дому па вул. Маскоўскай, 340 і на суседнім будынку ЖЭС (тут «шкоды» налічылі на 42 рублі і 40 капеек, кваліфікаваўшы паводле ч. 2 арт. 368 КК);
  • «Путлер, Лука – фашисты. Лука – тварь, урод. Нет войне!» на цокалі дома па вул. Маскоўскай, 176 («шкоды» старшыня ЖСК налічыў на 20 рублёў; кваліфікавана паводле ч. 1 арт. 368 КК).

Гэту частку абвінавачвання на судзе Ірына Прыгава цалкам не прызнала, хоць падчас следства давала паказанні, што надпісы зрабіла яна. Змену пазіцыі ў сваіх паказаннях жанчына растлумачыла тым, што на момант першых допытаў на яе ціснулі, яна асцерагалася за родных, найперш за дачку. Калі тая з’ехала за мяжу, ад паказанняў, што давала 10, 11 і 15 сакавіка, Ірына адмовілася.

Суддзя Маскоўскага суда Берасця Таццяна Лаўранюк 16 жніўня прызнала Ірыну Прыгаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1, ч. 2. арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», ч. 1 арт. 339 «Хуліганства» і арт. 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» і прызначыў жанчыне 1,5 года калоніі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў