Улады ліквідуюць Саюз беларускіх пісьменнікаў. Яго ўзначальваў аўтар гімну «Мы, беларусы»


Фота: Саюз беларускіх пісьменнікаў / Facebook

Міністэрства юстыцыі выступіла з пазовам аб ліквідацыі грамадскай арганізацыі «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале СПБ.

«Усё чакана, ліст прыйшоў. Вярхоўным судом заведзеная грамадзянская справа па ліквідацыі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Саюз беларускіх пісьменнікаў – самая сталая творчая арганізацыя Беларусі, заснаваная ў 1933-1934 гадах. Яе ранейшая назвы – Саюз пісьменнікаў БССР і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Яго першым кіраўніком быў Міхась Клімковіч, аўтар беларускага гімну «Мы, беларусы».

Да дзейнасці Саюзу пісьменнікаў сваім жыццём і творчасцю спрычыніліся такія яго сябры, як Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Андрэй Макаёнак, Ян Скрыган, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Янка Брыль, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч ды іншыя.

Незалежніцкая пазіцыя грамадскага аб’яднання не першы раз выклікае рэпрэсіі з боку тых, хто ажыццяўляе ўладу ў Беларусі. У 1997 годзе ў СБП распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі быў адабраны Дом літаратара, а ў 2006 годзе аб’яднанне было гвалтоўна выкінутае з займаемага памяшкання ў згаданым доме і пазбаўленае юрыдычнага адраса. А яшчэ раней у 2002 годзе ў СБП адабралі літаратурна-грамадскія перыядычныя выданні, заснавальнікам якіх ён з’яўляўся.

У 2005 ад Саюзу аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны, лаяльны да ўлады, Саюз пісьменнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом. Саму арганізацыю таксама знішчаюць ужо не ў першы раз.

На пачатку жніўня ўлады ліквідавалі іншую пісьменніцкую арганізацыю Беларусі – Пэн-цэнтр.

Hавiны
Улады ліквідавалі Беларускі ПЭН-цэнтр
2021.08.09 21:18

МГ belsat.eu

Стужка навінаў