У Беларусі хочуць адрадзіць вайсковую пракуратуру


Беларуская вайсковая пракуратура была ліквідаваная ў 2014 годзе. Цяпер яе хочуць адрадзіць, але ў скарочаным варыянце. Пра гэта заявіў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Андрэй Швед на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Фота: belta.by

Неабходнасць аднаўлення вайсковай пракуратуры абумоўленая шэрагам аб’ектыўных абставінаў, у тым ліку тых, якія складаюцца вакол Беларусі, перакананы Швед.

Штат адноўленай вайсковай пракуратуры будзе меншы, чым раней.

«Гаворка не ідзе пра адраджэнне ў тым выглядзе, які быў, а пра стварэнне Галоўнай вайсковай пракуратуры ва ўсечаным варыянце, колькасцю ў некалькі разоў меншай, чым Беларуская вайсковая пракуратура, – сказаў галоўны пракурор. – Але стаіць пытанне, што ў выпадку, калі будзе прынятае такое рашэнне, вайсковыя пракуроры будуць займацца выключна наглядам за выкананнем законнасці ў войсках у розныя перыяды часу».

Канчатковае рашэнне аб адраджэнне вайсковай пракуратуры пакуль не прынятае і плануецца пасля дадатковай нарады з Лукашэнкам.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў