На захадзе Францыі адбыліся землятрусы


Увечары 16 чэрвеня і ў ноч на 17 чэрвеня жыхароў многіх раёнаў на захадзе Францыі напалохалі моцныя падземныя штуршкі, што даволі рэдкая з’ява для гэтага рэгіёну, паведамляе Le Figaro.

Землятрус на захадзе Францыі. Крыніца: FocusFR_ / Twitter

Нацыянальная сетка сейсмалагічных назіранняў і Цэнтральнае сейсмалагічнае бюро паведамляюць, што першыя моцныя штуршкі адбыліся ў 18:38 16 чэрвеня, эпіцэнтр размяшчаўся паміж гарадамі Ньор і Ла-Рашэль. Магнітуда дасягала ад 5,3 да 5,8.

«Штуршкі магнітудай 5 адчулі сёння раніцай у 4:27 у тым жа сектары дэпартаменту Дэ-Севр… Пажарна-выратавальныя службы ў гатоўнасці і пачынаюць высвятляць сітуацыю, рэагуючы на выклікі і правяраючы стан будынкаў», – паведамілі ў прэфектуры дэпартаменту.

Мясцовых жыхароў заклікалі не заставацца ўнутры і не падыходзіць да будынкаў, якія пасля штуршкоў выглядаюць ненадзейнымі. Афіцыйна аб разбурэннях пакуль не паведамлялі, аднак на тэрыторыі дэпартаменту Дэ-Севр пасля землятрусу з’явіліся расколіны.

Землятрус на захадзе Францыі. Крыніца: Bleu_Rochelle / Twitter

Апошні раз перад гэтым штуршкі з магнітудай больш за 5 на мацерыковай частцы Францыі фіксавалі ў 2019 годзе ў перадгорʼі Альпаў. У траўні 2023 года землятрус меншай магнітуды фіксавалі на мяжы Францыі і Швейцарыі ў Альпах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў