Моўныя жарсці, альбо ці мусіць расейская быць «вялікай і магутнай» для ўсіх?

Днямі дэпутат заканадаўчай палаты Олій Мажліса (парламенту Рэспублікі Узбекістан) Алішэр Кадзіраў заявіў: «Не толькі узбекістанцам, які працуюць у РФ, неабходна ведаць расейскую мову, але і расейцам, што жывуць ва Узбекістане, трэба разумець і размаўляць узбекскай». Так правы палітычны дзеяч, лідар дэмакратычнай партыі «Мілій тыкланіш» («Нацыянальнае адраджэнне») адрэагаваў на заяву спікера расейскай Дзярждумы Вячаслава Валодзіна пра тое, што «важна, каб працоўныя мігранты прыязджалі ў РФ працаваць з валоданнем расейскай мовы, здаўшы экзамены не толькі моўныя, але і на веданне гісторыі Расеі і асноваў заканадаўства РФ».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Экзамен па расейскай мове TruD для замежнікаў у рамках штогадовага «Татальнага дыктанта» па расейскай мове ва Уладзівастоку, Расея. 9 красавіка 2022 года.
Фота: Yuri Smityuk / TASS / Forum

Паводле ўзбекскага парламентарыя, у такім выпадку дзяржслужба і дзяржпаслугі ў Рэспубліцы Узбекістан павінныя быць дасяжныя толькі для тых нарадзінцаў Расеі, якія прыехалі, альбо даўно аселі на тэрыторыі гэтай сярэднеазіяцкай краіны і абавязкова валодаюць дзяржаўнай моваю.

Аказалася, што моўная пікіроўка паміж прадстаўнікамі гэтых краінаў не першая сёлета. Так 14 лютага цэлым опусам з падобнай нагоды разрадзілася Міністэрства замежных справаў РФ у «Паведамленні для СМІ».

Дыпламатычная «сімфонія» пра непарушныя і шматгадовыя брацкія сувязі Расеі і Узбекістана з’явілася ў адказ на заяву рэктара Універсітэту журналістыкі і масавых камунікацыяў Рэспублікі Узбекістан, а таксама старшыні нацыянальнай медыя-асацыяцыі Шэрзодхон Кудратходжа, які заўважыў, што людзі, якія прыехалі ўзнаўляць Ташкент пасля землятрусу ў 1966 годзе і засталіся жыць ва Узбекістане, за 40-60 гадоў так і не вывучылі дзяржаўнай мовы. Ён працытаваў словы Карла Маркса:

«Мову краіны, дзе жыве чалавек, не ведаюць двое: першы – гэта акупант, другі – ідыёт, то бок чалавек, які не можа думаць, разважаць і чытаць».

Тады кіраўнік Россупрацоўніцтва Яўген Прымакоў убачыў у гэтым наўпроставую абразу рускіх і публічна выключыў любыя зносіны з аўтарам гэтага выступу, а таксама са структурамі, якія той узначальвае, да моманту, «пакуль ад спадара Кудратхаджаева не будзе вычарпальных выбачэнняў».

Канечне, Прымакоў не пазбег і традыцыйных для расейскіх чыноўнікаў абразаў:

«Упэўнены, што сотні і тысячы маладых людзей, якія жадаюць атрымаць адукацыю ў Расеі, узросшы гандлёвы зварот паміж нашымі краінамі, турызм, каштоўнасці дружбы, узаемадапамогі, гістарычная памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра ўзнаўленне Ташкенту пасля землятрусу і пра шмат што іншае кожную хвіліну пацвярджае, што русафоб Кудратходжаеў – просты адшчапенец, якога, відаць, дрэнна выхавалі бацькі», – адзначыў Прымакоў.

МЗС РФ напісаў доўгі тэкст у «Паведамленні для СМІ», у якім нагадаў, што «змест і танальнасць падобных рэмарак супярэчыць стасункам паглыбленага стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва, якія злучаюць Расею і Узбекістан».

На гэтым у ведамстве Сяргея Лаўрова не прыпыніліся і выказалі перакананне ў тым, што «з разважаннямі Ш.Куратхаджаева не згодная абсалютная большасць насельніцтва сяброўскага і саюзнага Узбекістана».

Далей ішлі словы пра тое, што «узбекі і расейцы» трапятліва захоўваюць памяць пра сумесную барацьбу з фашызмам, пра непарушнае сяброўства пасля ўзнаўлення Ташкенту, што пацярпеў ад катастрафічнага землятрусу ў 1966 годзе. І што хутка адбудаваць горад стала магчыма дзякуючы аб’яднаным высілкам вялізнай краіны. Узгадалі нават песню ансамблю «Ялла» «Сіяй, Ташкент», дзе ёсць словы, якія «сапраўды бяруць за душу, пра тое, што ў тыя цяжкія гады са сталіцаю Узбекістана былі побач «уся Расея і ўсе рэспублікі мае».

З-за чаго, уласна, увесь сыр-бор?

Толькі і трэба было прызнаць жаданне карэнных узбекаў, каб і іх нацыянальныя каштоўнасці паважалі і каб яны таксама мелі роўныя правы з каштоўнасцямі расейскімі. І што ў гэтым дрэннага? Няхай Узбекістан і не такі вялізны, як РФ.

Іван Тургенеў у 1882 годзе пісаў:

«У дні сумненняў, у дні цяжкага роздуму пра лёсы маёй Радзімы, – ты адзіная мне падтрымка і апора, о вялікая, магутная, праўдзівая і вольная расейская мова! …Нельга верыць, каб такая мова не была дадзеная вялікаму народу!».

Але ці ведаюць расейцы пра Алішэра Наваі, якога на Радзіме называюць скарбам і самым вялікім гонарам узбекскай літаратуры. Ён – паэт, думнік і асветнік, а таксама філосаф, лінгвіст, гісторык, жывапісец, кампазітар і нават заступнік навукоўцаў. Ягонае поўнае імя Нізамідзін Мір Алішэр і ён з’яўляецца родапачынальнікам літаратуры многіх азіяцкіх народаў, а таксама заснавальнікам узбекскай нацыянальнай літаратурнай мовы. Алішэр Наваі нястомна займаўся прасоўваннем роднай мовы, асабліва падкрэсліваючы ейнае багацце, але ніколі ягоныя выказванні шавіністычна не ўваходзілі ў канфлікт ні з якімі іншымі, у тым ліку і расейскай мовай.

Трэба памятаць, што культура цюркскіх народаў, вялікіх дзеячаў Цэнтральнай і Сярэдняй Азіі сыходзіць у гісторыю значна глыбей, чым расейская спадчына.

Калі расейцы ганарацца сваймі пісьменнікамі і паэтамі, якія з’явіліся і дзейнічалі ў ХVІІІ, ХІХ, XX стагоддзях, то Алішэр Наваі ствараў свой уплыў ужо ў другой палове XV стагоддзя і ягоныя шчырыя высілкі адчуваюцца і цэняцца да гэтага часу. Але ўзбекі ніколі не прыўзносілі сваё нацыянальнае над усім іншым, як з напорам, годным лепшага выкарыстання, імкнуцца зрабіць сучасныя «сапраўдныя рускія».

Меркаванні
На аскепках былога добрасуседства
2023.11.01 09:13

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў