Як Беларуская федэрацыя коннага спорту помсціць вершніцы Вользе Сафронавай


Беларуская федэрацыя коннага спорту не хоча дапамагаць найлепшай вершніцы краіны (цяпер грамадзянцы Польшчы) у прасоўванні яе на Алімпіяду-2024.

Вольга Сафронава. Прадмесце Варшавы, Польшча. 1 чэрвеня 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Віцэ-чэмпіёнка Польшчы ў аб’язджанні Вольга Сафронава пакуль не атрымала ад Міжнароднай федэрацыі коннага спорту FEI (Fédération Équestre Internationale) адказу на запыт ейнага адваката Томаша Віліньскага наконт скарачэння тэрміну атрымання польскага спартовага грамадзянства. Калі б гэта ўдалося зрабіць, Вольга значна б наблізілася да выступу на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Чаго, нагадаем, не ўдалося з Алімпіядаю ў Токіа.

Вольга Сафронава не стала маўчаць падчас брутальных паслявыбарчых падзеяў 2020 года ў Беларусі. Адразу пасля выбараў яна апублікавала допіс на сваёй старонцы ў «Інстаграм» наконт нялюдскіх дзеянняў сілавікоў супраць уласнага народу і падпісала ліст вольных спартоўцаў. Гэтага ёй, вядома, не даравалі і ў канцы лістапада 2020 года Вользе не працягнулі кантракту ў нацыянальнай камандзе на 2021 год. Але ў новым сезоне пагадненне раптам узнавілі. Відаць, зразумелі, што гэта самая годная прадстаўніца Беларусі на будучай Алімпіядзе. Аднак была ўмова, што спачатку Вольга можа выступаць толькі ва ўнутраных спаборніцтвах. А чым бліжэй да Алімпіяды ў Токіа, тым больш узмацняліся непаразуменні. І ўрэшце, каб не пусціць сумленную спартоўку на Алімпіяду і такім чынам пакараць за нелаяльнасць, даслалі «правераных ветэрынараў», якія прыдумалі, што асноўны партнёр Вольгі Сафронавай – мерын Сандра дэ Амуру – кульгае. Такім чынам, на той час лідарка ў Цэнтральнаеўрапейскай лізе Кубку свету не атрымала медычнага дазволу і мусіла прапусціць Алімпіяду, хаця ейная ліцэнзія была першай для Беларусі ў аб’язджанні пасля Алімпіяды-2008 у Пекіне (тады краіну рэпрэзентавала Ірына Ліс).

Вольга Сафронава і Сандра дэ Амур. Прадмесце Варшавы, Польшча. 1 чэрвеня 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Вольга разам з мужам, а таксама трыма ўласнымі гадаванцамі-коньмі, пераехала ў Польшчу і з таго часу (з 21 чэрвеня 2021 года) чакае сканчэння двухгадовага тэрміну натуралізацыі. Спартовае польскае грамадзянства вершніца мае, але яно пакуль дазваляе спаборнічаць толькі на тэрыторыі Польшчы. Абараняць гонар нацыянальнай бела-чырвонай каманды або індывідуальна рэпрэзентаваць краіну на міжнародных стартах пакуль нельга. Каранцін толькі-толькі набліжаецца да свайго фінішу. Не ведаю, ці пераймаецца нашая цудоўная Вольга Сафронава з таго, што не прыехала ў Польшчу раней, але цяпер гэта было б вельмі дарэчы. Разам з адвакатамі і PZJ (Polski Związek Jeżdziecki) яна пачала працу, каб скараціць тэрмін каранціну на два тыдні і паспець да кваліфікацыі на Алімпіяду. Але змаганне з Міжнароднай федэрацыяй трывае дагэтуль. Пастанова федэрацыі патрэбная, каб нашая вершніца здолела выступіць разам з камандаю на кваліфікацыйным турніры ў мястэчку пад Будапэштам, што пройдзе з 7 да 11 чэрвеня. З усяго відаць, што нібыта дэмакратычная FEI не мае ахвоты дапамагчы вольнай і рэпрэсаванай беларускай спартоўцы.

Інтэрв’ю
Чэмпіёнка Беларусі вершніца Вольга Сафронава: Рыхтуюся да першых спаборніцтваў пасля пераезду
2022.06.04 17:59

Вось што Вольга распавяла ў інтэрвю «Белсату»:

– Афіцыйна ў правілах напісана, што мяне мусіць «адпусціць» папярэдняя федэрацыя. У такім выпадку ўсё магчыма. Прадстаўнікі Польскага коннага звязу звязаліся праз тэлефон з калегамі з Беларускай федэрацыі коннага спорту. І ведаеце, які атрымалі адказ? Цалкам бесцырымонны: «Мы яе адпусцім, калі дазволіце беларускім коннікам выступаць на спаборніцтвах у Польшчы». Адказ, абсалютна не падобны на размову прафесіяналаў. Палякі стрымана імкнуліся даказаць, што гэта не іхны капрыз, што гэта пастанова Міжнароднай федэрацыі. А таму не існуе такой магчымасці. На што пачулі дзіцячую крыўду: «Значыць, і ў нас няма такой магчымасці».

– А вы спадзяваліся на цуд?

– Не, нічога добрага ад іх я і не чакала. Гэта казала генеральны сакратар федэрацыі Алеся Мачульская, але, відавочна, не адная яна так разважала. Там шмат людзей, якія сваё месца цэняць больш за развіццё любімага віду спорту. Таму ў паралельным з «лініяй партыі» існаванні дапамагаць ніколі не будуць.

– І што рабіць?

– Хутчэй за ўсё, тэрмін не будзе скарочаны, але гэта яшчэ не апошні шанц трапіць у Парыж. Калі польская каманда выгуляе вугорскі турнір, то вызначацца, хто ўвойдзе ў канчатковы склад з тых параў, якія выканаюць (спадзяёмся) кваліфікацыйны вынік, будуць перад самай Алімпіядаю. А калі не ўдасца перамагчы ў барацьбе за месца ў складзе, буду спаборнічаць за асабістую ліцэнзію ў індывідуальных турнірах, у якіх мы ўжо маем права выступаць і выступаем.

Вольга Сафронава і Квінтэт. Прадмесце Варшавы, Польшча. 1 чэрвеня 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Адзначым, што Міжнародная федэрацыя коннага спорту праігнаравала рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту і ў пачатку красавіка працягнула забарону на выступ у спаборніцтвах пад сваёй эгідаю спартоўцаў з Беларусі і Расеі, што выключае іхны ўдзел і ў Алімпіядзе-2024.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў