Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком ПАРЕ падчас саміту ў Рэйк’явіку


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 16–17 траўня бярэ ўдзел у саміце Рады Еўропы ў Рэйк’явіку (Ісландыя). Падчас саміту яна сустрэлася з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тыні Коксам.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з Тыні Коксам.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Офіс Святланы Ціханоўскай паведамляе, што Тыні Кокс запрасіў Ціханоўскую выступіць на пленарнай сесіі ПАРЕ ў чэрвені. Там будзе прэзентавацца даклад аб сітуацыі з беларускімі ўцекачамі, які рыхтаваўся люксембургскім прадстаўніком ПАРЕ з удзелам дэмакратычных сілаў Беларусі. У дакуменце гаворыцца, што ад 200 000 да 500 000 чалавек выехалі з Беларусі пасля 2020 года і зазнаюць рознага кшталту абмежаванні. У ім даюцца практычныя рэкамендацыі, як можна дапамагчы беларусам, што апынуліся ў вымушанай эміграцыі. На думку Офісу, прэзентацыя павінна змяніць стаўленне да беларусаў у выгнанні з боку замежных краінаў.

Таксама Святлана Ціханоўская і Тыні Кокс абмеркавалі працу Кантактнай групы Рады Еўропы, якая збіраецца напярэдадні наступнай сесіі 19 чэрвеня. У яе межах ужо запушчаныя некалькі праектаў, якія пачынаюць сваю працу: для дапамогі журналістам, моладзі, грамадзянскай супольнасці.

Акрамя гэтага яны абмеркавалі сітуацыю з масавым прымусовым вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь і датычнасць да гэтага Лукашэнкі. Вынікам стала дамоўленасць, каб гэтае пытанне ўзнялі на найбліжэйшых сустрэчах ПАРЕ і ўключылі ў даклад аб Украіне, што дазволіць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці ў міжнародных судах.

Адной з тэмаў размовы стала стварэнне трыбуналу для Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў за парушэнні правоў чалавека, злачынствы супраць чалавечнасці, за суўдзел у вайне.

«Супраца з ПАРЕ, з Радай Еўропы вельмі важнае мае значэнне для Беларусі. Бо гэта ў тым ліку дазваляе змяншаць Беларусі залежнасць ад Расеі, дае дэмакратычнай Беларусі суверэнітэт і такім чынам абараняе краіну ад паглынання Расеяй. Вельмі важна, каб Рада Еўропы займала практыўную пазіцыю да беларусаў», – сказала Ціханоўская.

Таксама дамовіліся, што прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці будуць удзельнічаць у паседжаннях ПАРЕ з правам назіральнікаў.

Святлана Ціханоўская 16–17 траўня бярэ ўдзел у саміце Рады Еўропы ў Рэйк’явіку.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Хоць Беларусь не ёсць чальцом Рады Еўропы, але кіраўніцтва гэтай арганізацыі вырашыла зрабіць выключэнне і запрасіць Ціханоўскую як адмысловую госцю.

Вядома, што Ціханоўская мела размовы ў кулуарах з прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам, кіраўніком Еўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем, прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлёні, прэзідэнтам Польшчы Анджэям Дудам, кіраўніком Літвы Гітанасам Наўседам, прэзідэнтам Аўстрыі Александэрам ван дэр Бэленам, міністрам замежных справаў Швецыі Табіясам Більстрэмам, камісарам Рады Еўропы ў справе правоў чалавека Дуняй Міятавіч і пазнаёмілася з амбасадаркаю ЗША пры ААН Ліндай Томас-Грынфілд. Усяго на саміце прысутнічаюць кіраўнікі 46 краінаў.

Саміт Рады Еўропы ў Рэйк’явіку.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Каментар
Святлана Ціханоўская пракаментавала ўдзел у саміце Рады Еўропы і сустрэчу з Зяленскім
2023.05.16 20:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў