8 музеяў былых дыктатараў у «краінах сацлагеру»


Да Міжнароднага дня музеяў «Белсат» згадвае пра восем музеяў дыктатараў у краінах, якія беларусы змогуць без праблем наведаць па заканчэнні пандэміі. А пакуль пандэмія трывае, можна схадзіць на віртуальныя экскурсіі.

Музей Bunk’Art 2 у Тыране, Албанія, 2019 год.
Фота: Andrew Milligan sumo / Flickr 

Некаторым аўтарытарным кіраўнікам прысвячаюць музеі пры жыцці, некаторым наўмысна не пакідаюць музеяў, з палацаў некаторых робяць музеі зусім не пра былых уладальнікаў.

Палац Садама Хусэйна ў Басры зрабілі гістарычным музеем праз 12 гадоў пасля таго, як дыктатара асудзілі на трыбунале і павесілі. Адольф Гітлер не паспеў збудаваць запланаваны мастацкі Музей фюрэра ў родным горадзе, а ў ягоным «Арліным гняздзе» ў Альпах цяпер рэстарацыя. Зрынутаму і выгнанаму з Філіпінаў Маркусу Фэрдынанду родзічы збудаваны невялікі маўзалей і прысвечаны яму музей, аднак частку з яго 29 рэзідэнцыяў ператварылі ў музеі, якія зусім не праслаўляюць колішняга дыктатара. У мностве краінаў Еўропы музеі прысвечаныя перыядам дыктатуры або камуністычнага рэжыму, але не асобным кіраўнікам дзяржавы.

А якія музеі дыктатараў можна цяпер наведаць у Еўропе і краінах былога СССР?

Бункер і піраміда Ходжы, Албанія

Энвэр Ходжа кіраваў Албаніяй з часоў Другой сусветнай вайны і да сваёй смерці ў 1985 годзе. Пры ім краіна апынулася ў крайняй беднасці, поўнай ізаляцыі і пастаянным чаканні інтэрвенцыі: фанат Сталіна ў выніку папсаваў стасункі і з суседзямі, і з СССР, і з Кітаем.

У цэнтры Тыраны, сталіцы Албаніі, стаіць закінутая піраміда з бетону і шкла, якую часам называюць «маўзалеем Ходжы», хоць ніхто ў ім не быў пахаваны. Будынак, які праектавала дачка Ходжы, у 1988 годзе адкрылі як музей Ходжы з «артэфактамі» з яго жыцця і вялізнай статуяй Ходжы ў цэнтры. У 1990 годзе ў Албаніі пачаліся масавыя пратэсты супраць рэжыму, у 1992-м дэмакраты-антыкамуністы перамаглі на выбарах. Музей спыніў працу, будынак выкарыстоўвалі пад выставы, а ў часы Косаўскай вайны як базу NATO і гуманітарных арганізацыяў. Піраміду неаднаразова прапаноўвалі знесці або перапраектаваць, аднак на сёння ён застаецца закінутым і размаляваным графіці.

Цяперашні музей Ходжы — ягоны бункер. Дакладней, ужо два бункеры. Дарослыя квіткі каштуюць ад 5 долараў.

Адзін бункер размешчаны на ўскраіне Тыраны, найбуйнейшы ў краіне. У ім быў адмыслова абсталяваны люксавы пакой для кіраўніка дзяржавы. У ім працуе выстава, прысвечаная гісторыі албанскага камуністычнага рэжыму, штодзённаму жыццю і войску, віртуальны тур тут.

Другі бункер-музей у цэнтры сталіцы, каля ўрадавых будынкаў. Там выстава пра сілавыя структуры і палітычную паліцыю, віртуальны тур тут.

Сваеасаблівымі «музеямі эпохі Ходжы» можна назваць і кожны з дзясяткаў тысяч драбнейшых бункераў, збудаваных у часы яго кіравання – яшчэ цэлых да сённяшняга дня, але збольшага закінутых.

Палац Чаўшэску і месца яго расстрэлу, Румынія

Нікалае Чаўшэску кіраваў Румыніяй з 1965 году і да рэвалюцыі ў канцы 1989-га. Яго кіраванне спачатку магло здацца параўнальна ліберальным: слабейшая цэнзура прэсы, пэўная адкрытасць да Заходняй Еўропы, асуджэнне ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію… Аднак сакрэтная паліцыя Секурытатэ актыўна пераследавала іншадумцаў, вакол дыктатара выбудоўвалі маштабны культ асобы, а кепскае кіраванне дзяржавай прывяло да вялізных пазыкаў, праз якія ўвялі «рэжым жорсткай эканоміі», які зацягнуўся на дзесяцігоддзе.

«Палацам Чаўшэску» часам памылкова называюць Палац парламенту ў Бухарэсце. Самы вялікі адміністрацыйны будынак Еўропы вырашылі збудаваць пасля землятрусу 1977 году, які зруйнаваў амаль увесь цэнтр Бухарэсту. Звышвелічны будынак узводзілі падчас дэфіцыту харчоў, адключэнняў электрычнасці і талонаў на паліва, аднак не паспелі дабудаваць да рэвалюцыі 1989 году – ён лічыцца недабудаваным і цяпер. Але гэта не асабісты палац Чаўшэску, а тры музеі ў ім прысвечаныя таталітарызму, сучаснаму мастацтву і самому гмаху. Віртуальныя туры тут.

Сапраўдны ж палац Чаўшэску – яго любімая 80-пакаёвая віла з залатымі ваннымі на поўначы Бухарэсту, вядомая як Вясновы палац. Цяпер там музей, у якім паказваюць усю раскошу жыцця кіраўніка найбяднейшай краіны (дарослы квіток – каля 11 долараў).

Яшчэ адзін музей, звязаны з Чаўшэску, дзейнічае на месцы яго суду і расстрэлу ў горадзе Тыргавішты. Раскошы ў гэтым музеі «Метамарфозаў месца памяці», які паказвае жыццё і працу «звычайных» партыйных дзеячаў, значна меней. На сцяне будынку застаюцца сляды ад куляў, якімі забілі дыктатара і яго жонку, пад сцяной – намаляваныя белымі рысамі сілуэты. Віртуальны тур тут, дарослы квіток – каля 2 долараў.

Катэдж Януковіча, Украіна

Паўстанне супраць Віктара Януковіча пачалося з пратэстаў супраць згортвання курсу на еўраінтэграцыю і развароту да Расеі, а перарасло ў рэвалюцыю пасля брутальнага разгону мірнай акцыі. Дыктатуры ў Януковіча не атрымалася – калі сілавікі пачалі страляць па пратэстоўцах, ён сам уцёк у Расею. Аднак яго сядзіба ў Мэжыгір’і падобная да таго, што будавалі сабе сапраўдныя дыктатары. Калі пратэстоўцы ўварваліся туды, пабачанае яны адразу назвалі «музеем карупцыі».

Менавіта «музей карупцыі» з рэзідэнцыі ўсё ж не зрабілі. Цяпер тэрыторыя комплексу – гэта нацыянальны парк, па якім водзяць экскурсіі. Уваход на тэрыторыю комплексу для дарослых каштуе каля 2,5 долара. Віртуальны тур тут. Славуты «залаты батон» там не выстаўляюць – ён ці то бясследна знік, ці то быў проста легендай, у якую ахвотна паверылі з улікам астатняй раскошы палацу.

Музеі Сталіна, Расея і Грузія

Камуністы ў Савецкім Саюзе стваралі культы асобаў вакол кожнага кіраўніка і набудавалі процьму музеяў. Мумію Уладзіміра Леніна дагэтуль выстаўляюць у маўзалеі ў цэнтры Масквы, цела Іосіфа Сталіна праляжала ў тым маўзалеі з 1953 па 1961 год. Цяпер шэраг савецкіх музеяў пераабсталяваныя, шмат з іх закрыліся, але шматлікія камуністычныя музеі працягваюць дзейнасць у Расеі і Беларусі (як музей І з’езду РСДРП у цэнтры Менску), дзе-нідзе адкрываюць новыя музеі савецкага побыту (такі ёсць нават у Шчучыне). Часам усю Беларусь у жарт называюць «музеем СССР».

У крывавых тыранаў савецкіх часоў застаюцца фанаты. Напрыклад, пад Сочы ў Расеі дзейнічае прыватны музей «Дача Сталіна», дзе расказваюць, як ён развіваў эканоміку, якія песні і якія цыгарэты любіў, але не надаюць увагі дзясяткам мільёнаў ахвяраў сталінізму. Дарослы квіток каштуе менш за 5 долараў, шмат фота – на афіцыйным сайце.

У Грузіі ж працягвае дзейнічаць дзяржаўны музей Сталіна, адкрыты на яго радзіме ў Горы яшчэ пры жыцці дыктатара як музей сацыялізму. Дарослы квіток цяпер каштуе 4,4 долара. Музей па-ранейшаму ўшаноўвае памяць самога Сталіна, хоць у 2012 годзе стваралі нават адмысловую раду, каб ператварыць яго ў музей ахвяраў сталінізму – супраць зменаў прагаласаваў муніцыпальны сход. Кіраўніца музейнага фонду называе Сталіна «разумнікам» і чалавекам, вартым пашаны, хоць яе продкі былі рэпрэсаваныя ў сталінскія гады.

Музей Нурсултана ў Нур-Султане, Казахстан

Нурсултан Назарбаеў кіраваў Казахстанам з 1989 году (калі Казахстан быў яшчэ ў складзе СССР) да 2019-га, калі сам сышоў у адстаўку, захаваўшы за сабой некалькі фармальных пасадаў (у іх ліку — пажыццёвы кіраўнік Рады бяспекі) і аддаўшы фактычную ўладу пераемніку – ранейшаму старшыню Сенату Касым-Жамарту Такаеву. «На развітанне» з Назарбаевым Такаеў перайменаваў сталіцу Казахстану Астану ў Нур-Султан.

Невялікі музей Назарбаева існаваў у Астане яшчэ ў часы, калі той быў ва ўладзе. Але ў 2018 годзе пачалі будаваць і ў 2020 годзе адкрылі ў казахскай сталіцы новы вялізны музей Елбасы («лідэра нацыі» — такі тытул Назарбаеў захоўвае дагэтуль). Уваход вольны, Акрамя таго, вялікія экспазіцыі, прысвечаныя Назарбаеву, ёсць у Назарбаеў-цэнтры, у бібліятэцы Елбасы і ў іншых музеях краіны. Прыжыццёвы помнік Назарбаеву стаіць перад Нацыянальным універсітэтам абароны.

Значна менш пафасныя музеі прысвечаныя былым дыктатарам Гэйдару Аліеву ў Азербайджане і Ісламу Карымаву ва Ўзбекістане, дзейнаму дыктатару Эмамалі Рахмону ў Таджыкістане. Магчыма, нават больш пафасны музей прысвечаны Гурбангулы Бердымухамедаву ў Туркменістане, аднак шмат водгукаў пра яго не знайсці – краіна даволі закрытая нават ад турыстаў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў