Больш бюджэтнікаў і расейцаў, змены для мэтавікоў: поўны гайд, каб паступіць у Беларусі


У Беларусі распачалася чарговая ўступная кампанія. Са школы ў дарослае жыццё сёлета адправяцца 55,4 тысячы адзінаццацікласнікаў. Распавядаем, паводле якіх правілаў абітурыенты будуць паступаць у 2024 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абітурыенты здаюць ЦТ у Беларуска-расейскім універсітэце ў Магілёве, Беларусь.
Фота: sb.by

 Змяняюцца правілы паступлення

У гэтым навучальным годзе ўносяцца некаторыя карэктывы ў правілы прыёму абітурыентаў у ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Шэраг істотных зменаў датычыцца мэтавікоў. Можна будзе праводзіць асобны конкурс сярод асобных арганізацыяў – замоўцаў кадраў (у выпадку адсутнасці конкурсу для спецыяльнасці).

Пры гэтым мінімальны сярэдні бал атэстату для паступлення з мэтавым накіраваннем мусіць складаць не менш як 7. Выключэннем стануць спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя ў эканоміцы.

Нагадаем, што выбіраючы мэтавае навучанне, абітурыенты здаюць адзін унутраны экзамен у ВНУ для першага профільнага прадмету. Вынік уступнага іспыту падсумоўваецца з сярэднім балам атэстату, такім чынам ладзіцца конкурс. Прынесці заяўку на мэтавае рыхтаванне кадраў можна і ад прыватных арганізацыяў. Шмат мэтавых месцаў вылучаюць медычныя каледжы і ўніверсітэты.

Дамова з арганізацыяй гарантуе месца працы пасля ВНУ. З іншага боку, за гады навучання можна і перадумаць адносна сваёй прафесіі, а адпрацоўваць давядзецца доўга – 5 гадоў.

Для мэтавага рыхтавання могуць вылучыць да 80 % бюджэтных месцаў для медычных спецыяльнасцяў, да 70 % – для аграрных і да 60 % – для шырокага кола спецыяльнасцяў.

Hавiны
Стала вядома, у якія дні абітурыенты будуць здаваць ЦТ у 2024 годзе
2024.04.01 15:43

Даты іспытаў і тэрміны падачы дакументаў таксама новыя 

Змяніліся даты правядзення ўступных іспытаў. ЦЭ і ЦТ адбудуцца ў адзіныя тэрміны для ўсіх выпускнікоў гэтага і мінулых гадоў: 27 траўня (ЦЭ і ЦТ для прадмету на выбар), 30 траўня (ЦЭ і ЦТ для беларускай або расейскай мовы); 3 чэрвеня (ЦТ для прадмету на выбар).

Міністэрства адукацыі прызначыла новыя даты для падачы дакументаў і залічэння абітурыентаў-мэтавікоў. Калі раней падача дакументаў і правядзенне сумоўяў праходзілі ў перыяд з 1 да 5 чэрвеня, калі нават выпускныя не прайшлі, то цяпер вызначаны інтэрвал з 27 чэрвеня да 2 ліпеня.

Уступныя іспыты для мэтавікоў пройдуць з 4 да 10 ліпеня (раней тэрміны былі з 6 да 13 чэрвеня). У сувязі з гэтым ссоўваюцца і залічэнні ў ВНУ – яны пройдуць да 12 ліпеня (было да 16 чэрвеня).

Будзе больш бюджэтнікаў

У цэлым сёлета колькасць месцаў у ВНУ пакінуць на леташнім узроўні. Сурʼёзнае павелічэнне на бюджэтнай форме (на 3000 месцаў) адбудзецца на педагагічных, медычных, інжынерных спецыяльнасцях. Сурʼёзны рост колькасці бясплатных месцаў чакае і юрыдычны факультэт. Так, у Менску значнае павелічэнне бюджэтных месцаў на юрыдычным факультэце БДУ: прыняць гатовыя 233 асобаў супраць 113 летась.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

Педагагічная ВНУ (БДПУ) павялічыла набор на дзённую бюджэтную форму навучання на 150 месцаў. Больш за ўсё студэнтаў гатовыя прыняць на вучобу бясплатна на профілі «спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» – трэба 165 бюджэтнікаў і 60 платнікаў.

Больш чым на 200 асобаў павялічылі план прыёму ў Берасцейскім універсітэце імя Пушкіна: у 2023-м заяўлялі пра 460 бюджэтнікаў (фактычна набралі 363 асобы ў асноўны прыём), сёлета жадаюць прыняць 675 студэнтаў, многія спецыяльнасці ў ВНУ – педагагічныя.

У Віцебску на бюджэтную форму навучання набяруць толькі на 60 будучых дактароў больш: у 2023-м залічылі 480 асобаў, а ў планах на гэты год – 540.

БДМУ ж павялічыў набор на бюджэт на 185 асобаў. Найбольшы рост адсочваецца на «лячэбнай справе» – плюс 100 абітурыентаў.

Прыкладна на 40 асобаў павялічылі прыём на бюджэт (у тым ліку з мэтавікамі) у ГрДМУ. Годам раней на ўмовах бясплатнай адукацыі хацелі прыняць 170 асобаў і яшчэ 320 – на мэтавай траекторыі. Цяпер жа з 530 бюджэтных месцаў 393 зоймуць мэтавікі.

У цэлым для навучання на «бюджэце» гатовыя набраць каля 30 тысяч асобаў. Усяго ж ВНУ Беларусі плануюць прыняць на першы курс каля 52-53 тысяч маладых людзей.

Hавiны
У Беларусі з’явіўся сайт для абітурыентаў
2024.04.01 21:50

Міністэрства адукацыі пашырыла спіс ВНУ, куды можна паступаць без іспыту

Без уступных іспытаў у ВНУ могуць паступіць абітурыенты (у тым ліку мэтавікі), якія асвоілі профільнае навучанне на асобных прадметах і модулі на павышаным узроўні ў школах, а таксама выпускнікі Ліцэю БДУ.

Выключэнне – шэраг спецыяльнасцяў: «міжнародныя адносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «дзяржаўнае кіраванне і права», «усходазнаўства», а таксама спецыяльнасцяў, прадметамі профільных выпрабаванняў якіх ёсць творчасць, фізічная культура і спорт.

Вось абноўлены пералік ВНУ, іх стала пяць:

  • БДУ;
  • БНТУ;
  • Беларуска-расейскі ўніверсітэт;
  • Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пятра Машэрава;
  • Палескі дзяржаўны ўніверсітэт.

Таксама выпускнікі ўсіх пяці ліцэяў пры ВНУ змогуць без іспытаў паступіць у свае альма-матар. З умоваў – ацэнкі ў атэстаце для ўсіх прадметаў мусяць быць не ніжэйшыя за 8 балаў, для профільных прадметаў – не ніжэйшыя за 9.

Паводле льготнай траекторыі змогуць паступіць у ВНУ і выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку (НДТ). З магчымасцяў – цэлы шэраг спецыяльнасцяў прыродазнаўча-навуковага і інжынерна-тэхнічнага профілю, а таксама практычна ўсе напрамкі педагагічнага профілю пры наяўнасці рэкамендацыі ад наглядальнай рады НДТ.

Спецыяльнасцяў для паступлення без экзаменаў стала больш

Дадалося 16 пазіцыяў, што закранаюць розныя сферы дзейнасці, куды можна пайсці вучыцца без экзаменаў. Агульная колькасць напрамкаў павялічылася да 69.

У абноўлены спіс увайшлі:

  • гістарычная адукацыя;
  • беларуская і расейская філалогія;
  • бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць;
  • геаграфія;
  • землеўпарадкаванне і кадастры;
  • тэхналогія шкла, керамікі і звязальных матэрыялаў, працэсаў і вытворчасцяў;
  • абсталяванне і тэхналогія вакуумнай, кампрэсарнай і нізкатэмпературнай тэхнікі;
  • тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў;
  • рухомы склад чыгуначнага транспарту;
  • сістэмы забеспячэння руху цягнікоў;
  • тэхналогіі транспартных працэсаў;
  • чыгуначны шлях і каляінавая гаспадарка;
  • тэхнічнае забеспячэнне захоўвання і перапрацоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі;
  • ахова працы на вытворчасці;
  • спецыяльная і інклюзіўная адукацыя;
  • мікра- і нанаэлектроніка.

Гэтыя спецыяльнасці ўлады дадалі з прычыны іх запатрабаванасці, іншымі словамі – каб павысіць іх прывабнасць для абітурыентаў і набраць больш студэнтаў. Але проста прыйсці з атэстатам не атрымаецца.

Што трэба для паступлення

Каб дакладна атрымаць месца, абітурыент мусіць адпавядаць пэўным патрабаванням, нават калі ён ідзе на мэтавае навучанне.

Напрыклад, абітурыент мусіць мець дыплом І, ІІ або ІІІ ступені абласнога або менскага гарадскога этапу алімпіяды. Ці атрымаць атэстат з залатым або срэбным медалём. Трапяць у лік студэнтаў і тыя, хто мае дыплом прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакаю.

У абітурыентаў, якія скончылі профільныя класы, адзнакі для прадметаў, што адпавядаюць прадметам профільных выпрабаванняў, мусяць быць не ніжэйшыя за 8, а для астатніх – не ніжэйшыя за 7.

Выключэнне зрабілі для выпускнікоў класаў аграрнай накіраванасці. Там планку для профільных прадметаў прызначылі на ўзроўні 6 балаў.

Для паступлення трэба прайсці сумоўе. Для гэтага абітурыенту трэба падаць у прыёмную камісію ўніверсітэту заяву.

На сумоўі камісія правярае, ці дастаткова ў абітурыента здольнасцяў і матывацыі да атрымання адукацыі ў ВНУ на выбранай ім спецыяльнасці. Выпускніку прапануюць заданні, якія кожны год складае камісія ВНУ. Адказваць на пытанні абітурыенты будуць вусна. Прайшлі яны сумоўе ці не, абвесцяць адразу пасля выпрабавання. Калі нехта будзе не згодны з вынікам (сам абітурыент або ягоны законны прадстаўнік), ён можа падаць апеляцыю.

Калі ж на спецыяльнасці застаюцца вольныя месцы пасля залічэння ўсіх ахвочых, то для тых, хто хоча запоўніць астатнія месцы, патрабаванні прасцейшыя. Ім дастаткова мець адзнакі, не ніжэйшыя за шэсць балаў, для прадметаў уступных іспытаў, быць удзельнікам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды або мець пахвальны водгук.

Ёсць прывілеі і для тых, хто прайшоў тэрміновую вайсковую службу і мае рэкамендацыі вайсковых частак, органаў памежнай службы пры паступленні на завочную форму атрымання адукацыі.

Аналітыка
«Як прыпісаны да зямлі прыгонны». Якімі будуць наступствы новых правілаў прыёму ў ВНУ?
2024.02.13 09:00

Абітурыенты змогуць выбраць у БДУ і БДУІР новыя спецыяльнасці

Набор на новыя спецыяльнасці адкрыецца ўжо сёлета. Паступіць можна будзе як на бюджэтную форму навучання, так і на платную.

БДУ

На адным з факультэтаў галоўнай ВНУ краіны з’явіцца новая спецыяльнасць – «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць».

Пасля завяршэння адукацыі выпускнік атрымае трайную кваліфікацыю «Географ. Выкладчык. Перакладчык». Працаваць малады спецыяліст зможа на любым з пералічаных профіляў.

Навучанне на гэтай спецыяльнасці будзе доўжыцца 4,5 года. Вызначаны і пералік прадметаў, іспыты для якіх давядзецца здаць усім абітурыентам новага профілю БДУ. Гаворка ідзе пра ЦЭ ці ЦТ у трох дысцыплінах: геаграфіі, матэматыцы, расейскай або беларускай мове на выбар.

БДУІР

Упершыню ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адкрыецца набор на перапраектаваныя пад праграму развіцця мікраэлектронікі новыя спецыяльнасці. Так, паступіць і вучыцца можна будзе на профілі «электроннае машынабудаванне».

Шэраг новых спецыяльнасцяў ва ўніверсітэце вызначыла і адкрыццё профілю «кіберфізічныя сістэмы». Студэнтаў гэтага кірунку будуць навучаць стварэнню сістэмаў кіравання, рабатызаваных комплексаў і інтэлектуальных сістэмаў для гэтых комплексаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

Абнавілі міжнародныя спецыяльнасці

На факультэце БДУ з найвышэйшымі праходнымі баламі зʼявяцца адразу дзве новыя спецыяльнасці. Міжнародныя адносіны пачнуць набіраць студэнтаў на профілі «міжнародная лагістыка» і «міжнародная канфлікталогія».

На першым профілі будуць вучыць асновам эканамічнай бяспекі, экспартна-арыентаванай эканомікі і міжнароднай супрацы. У навучальны план залучаць і вывучэнне дзвюх замежных моваў.

Каб паступіць на «міжнародную лагістыку», абітурыентам трэба здаць экзамен або тэставанне ў матэматыцы, замежнай і адной з дзяржаўных моваў.

На спецыяльнасці «міжнародная канфлікталогія» студэнтаў хочуць падрыхтаваць для ўрэгулявання канфліктаў і падтрымання міру, у тым ліку праз перамовы і пасярэдніцтва. Спецыялістаў навучаць навыкам дыпламатыі і нюансам аказання гуманітарнай дапамогі ўцекачам і імігрантам.

Для паступлення на гэтую новую спецыяльнасць трэба здаць грамадазнаўства, замежную, расейскую або беларускую мову.

Прафтэхадукацыю атрымаюць усе

Механізм паступлення ў ССНУ цалкам захаваны: залічваць будуць паводле сярэдняга балу атэстату і, пры неабходнасці, паводле вынікаў спецыялізаванага выпрабавання.

Аднак набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі значна павялічаць.

«Фактычна кожны малады чалавек, які ёсць выпускніком дзявятага класа, зможа паступіць у любы каледж», – акцэнтаваў увагу міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: sb.by

Нават калі колькасць ахвочых паступіць на ўзровень прафтэхадукацыі будзе большай, чым запланаваная каледжам колькасць месцаў, адміністрацыя пры ўзгадненні з Мінадукацыі зможа прыняць навучэнцаў больш, чым прадпісвае нарматыў.

Расейцаў прымуць на бюджэт

Упершыню выпускнікі з РФ на падставе вынікаў АДЭ змогуць паступіць на бюджэтную форму адукацыі ў Беларусі. У мінулым годзе іх прымалі ў беларускія ВНУ толькі платна.

Бюджэтныя месцы для паступлення расейцаў не ўваходзяць у квоты для беларусаў. Калі ж яны не запоўняць адведзеных для іх месцаў, то тыя пераўтворацца ў агульны конкурс для беларусаў.

У пераліку спецыяльнасцяў з бюджэтам для грамадзянаў РФ ёсць «адукацыя» (дашкольная, пачатковая, філалагічная, сацыяльна-педагагічная, спецыяльная і інклюзіўная і інш.), «сусветная эканоміка», «фінансы і крэдыт», «менеджмент», «маркетынг», «мікра- і нанаэлектроніка», «робататэхнічныя сістэмы», «міжнародная лагістыка», «лясная гаспадарка» і г. д.

На большасці спецыяльнасцяў з пераліку для расейцаў вылучана няшмат бюджэтных месцаў: часцей ад аднаго да пяці.

Але для некаторых напрамкаў ёсць і больш. Напрыклад, на спецыяльнасці «ветэрынарная медыцына» ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны выпускнікам з РФ даюць 35 месцаў. Гэта максімальны паказнік.

На спецыяльнасць «вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія гатова залічыць 18 грамадзянаў РФ.

Каментар
Навошта Беларусі расейскія студэнты. Каментуе Маргарыта Ворыхава
2024.02.14 21:30

Што там з адпрацоўваннем?

Для абітурыентаў-2024 не збіраюцца ўводзіць абавязковае размеркаванне платнікаў і павялічваць тэрмін адпрацоўвання. Цяпер размеркаваць выпускніка платнай формы могуць толькі на ягонае жаданне.

Пакуль перыяд адпрацоўвання для бюджэтнікаў пакінулі ранейшым. У асноўным гэта два гады. Аднак калі маладому спецыялісту спадабалася ягонае першае працоўнае месца, ён можа працягнуць працаваць там. Пры гэтым прадугледжваецца захаванне ільготаў і надбавак, якія ён мае як малады спецыяліст.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў