Галоўны рэдактар «Народнай волі» ў адкрытым лісце заклікаў да нацыянальнага прымірэння


«Народная воля» апублікавала адкрыты ліст свайго галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча. Ён заклікаў да нацыянальнага прымірэння. Іначай, на ягоную думку, Беларусь страціць незалежнасць.

Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч.
Фота: радыё «Свабода»

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч звярнуўся да ўсіх беларускіх палітычных сілаў:

«Без нацыянальнага прымірэння не захаваць нам незалежнасць Беларусі! А значыць, без згуртаванасці ўсіх-усіх – і правых, і левых, і кансерватараў, і лібералаў, і празаходнікаў, і праўсходнікаў – не мець нам шчаслівай будучыні на роднай зямлі».

Сярэдзіч, разважаючы пра рэпрэсіі, што не сціхаюць з 2020 года, выказаў думку, што «вышэйшае кіраўніцтва краіны стала закладнікам сілавікоў».

«Адчуванне такое, быццам у палоне гэтых узброеных да зубоў людзей знаходзіцца не толькі ўсё беларускае грамадства, але і ўсе галіны ўлады. Тыя, хто вось ужо каторы год не скідаюць балаклавы, не разумеюць, што зло памнажае зло», – адзначыў кіраўнік «Народнай волі».

Ён заклікаў спыніць гвалт, каб краіна не скацілася да грамадзянскай вайны, адмовіцца ад помсты і нянавісці:

«Канфрантацыя набыла надзвычай агрэсіўныя формы. Бензін у агонь падліваюць розныя радыкальныя элементы. Сярод іх нямала такіх, якіх, на добры лад, за вярсту трэба было б трымаць ад палітычнай кухні».

Іосіф Сярэдзіч прапанаваў уладам і апазіцыі распачаць перамовы пры пасярэдніцтве, напрыклад, Швейцарыі або Фінляндыі. Першым крокам да гэтага мусіць стаць вызваленне ўсіх палітвязняў:

«Аб’явіць палітычную амністыю, выпусціць на свабоду ўсіх, каго кінулі за краты з-за нязгоды з рэжымам, хто асмеліўся адкрыта выступіць супраць беззаконня, у абарону правоў чалавека. […] Уся апазіцыя дружна звернецца ў міжнародныя структуры з ініцыятывай зняць усялякія санкцыі з Беларусі. Мяркую, гэта адначасова стане галоўнай перадумовай для дыялогу па нацыянальным прымірэнні».

Галоўны рэдактар «Народнай волі» ўпэўнены, што беларусы – «талерантны народ, не ў нашым характары зводзіць рахункі адзін з адным», таму цяперашнія ўлады і сілавікоў «ніхто не стане пераследаваць паводле прынцыпу «зуб за зуб, вока за вока».

Сярэдзіч адзначыў, што крокі да прымірэння трэба пачынаць рабіць неадкладна, каб чарговыя парламенцкія і мясцовыя выбары прайшлі ў новых умовах:

«Важна, каб кожны голас быў улічаны, каб ні ў кога і падазрэнняў не ўзнікала, што мела месца нейкае махлярства, парушэнне нормаў дэмакратыі, грамадзянскіх правоў».

У выбарах «пры жаданні змогуць прыняць удзел і ўсе, хто выйдзе на волю па палітычнай амністыі. Такое права для экс-вязняў неабходна будзе замацаваць асобным пунктам у канчатковым дакуменце перамоў».

Напрыканцы адкрытага ліста Іосіф Сярэдзіч зноў папярэдзіў пра пагрозы існаванню Беларусі:

«Без нацыянальнага прымірэння мы, безумоўна, страцім Беларусь! Сёння, як, бадай, ніколі на працягу апошніх дваццаці-трыццаці гадоў, наша незалежнасць знаходзіцца ў страшэннай небяспецы. Уратаваць Радзіму зможам толькі ўсе разам! І гэта наш святы абавязак!»

Артыкулы
Ці магчыма «перагарнуць старонку»? Ідэя кампрамісу паміж грамадствам і ўладамі выклікала гарачую дыскусію
2021.12.21 18:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў