Беларуса Эдуарда Лобава, які загінуў у баях за Украіну, пахавалі ў Варшаве


На варшаўскіх могілках Вайсковыя Павонзкі 17 лютага пахавалі беларускага ваяра-добраахвотніка Эдуарда Лобава. З 2015 года Лобаў ваяваў на баку Украіны, загінуў 26 студзеня 2023 года пад Вуглядарам.

Пахаванне беларускага добраахвотніка, жаўнера Збройных сілаў Украіны, Эдуарда Лобава на варшаўскіх вайсковых могілках Павонзкі. Варшава, Польшча. 17 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Эдуард Лобаў быў смяротна паранены аскепкам танкавага снарада, калі страляў з «Javelin» па расейскім танку. Да гэтага ён паспеў знішчыць з аўтамата расейскі дэсант і прыкрываў адыход свайго камандзіра. Трагедыя здарылася пад Вуглядарам Данецкай вобласці Украіны. Эдуарда Лобава не стала 26 студзеня 2023 года.

11 лютага ў Варшаве прайшла цырымонія развітання з Лобавым. Пахавальная імша адбылася ў касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве. Праводзіць героя ў апошні шлях прыйшлі сотні беларусаў.

«Эдуард Лобаў – ён беларус, для кагосьці сын, для кагосьці родны брат, для кагосьці крэўны. Для кагосьці той, хто належаў да таго самага народу Беларусі. А для кожнага з нас, незалежна ад нашага рэлігійнага пераканання, ён таксама ёсць братам, які аддаў жыццё за нас», – сказаў на цырымоніі развітання ксёндз Вячаслаў Барок.

Родныя загінулага беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава на варшаўскіх вайсковых могілках Павонзкі. Варшава, Польшча. 17 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ён нагадаў, што ў хрысціянстве крыж – не сімвал параз і заканчэння ўсяго, а сімвал перамогі і надзеі, і крыж на магіле мае запальваць сэрцы, каб тыя, хто жыве на свеце, кіраваліся прынцыпамі Хрыста: жыць згодна з духам праўды і справядлівасць, змагацца са злом, несправядлівасцю і беззаконнем.

Марына Лобава, маці загінулага, казала, што дагэтуль не можа паверыць у смерць сына:

«Ён такі пазітыўны быў заўжды, з аптымізмам глядзеў у будучыню, планаваў сваё жыццё. Думаю, што да астатняга часу ён спадзяваўся, што будзе жыць, дачакаецца перамогі ў гэтай вайне».

Эдуард Лобаў меў добрага сябра ва ўкраінскім Хмяльніцкім, Багдана Стасюка, які загінуў у пачатку лета мінулага года на Данбасе. Ягоная ўдава Святлана Стасюк прыехала на развітанне. Яна расказала, што Эдуард быў сябрам, які запомніўся добрасумленным, добрасардэчным, які адстойваў правы не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў.

«Хачу ад імя ўсіх украінцаў, якія штодня змагаюцца за тое, каб адчуць мірнае неба над галавою і засынаць не пад сірэны, пажадаць нарэшце пабачыць канец гэтай праклятай вайны, якая забівае не толькі воінаў, але і мірных жыхароў, усіх калечыць», – казала Святлана Стасюк.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Яна падзякавала бацькам Эдуарда за тое, што рабіў іхны сын. «Героі не паміраюць», – нагадала яна.

«Ён беларускі герой, беларускай справы, ён таксама герой Украіны, і таксама наш герой, палякаў, паколькі справа свабоды гэта наша агульная справа. Барацьба супраць расейскага імперыялізму – гэта наш гістарычны лёс і, на жаль, сённяшняя рэальнасць», – сказаў пра Эдуарда Лобава амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк адзначыў, што Лобаў аддаў жыццё «за нашу і вашу вольнасць». Гэтая фраза стала дэвізам паўстанцаў Рэчы Паспалітай амаль 200 гадоў таму.

«Гэта не выпадкова, што хаваем яго на польскай зямлі, – казаў Пазняк пра загінулага. – Таму што і палякі, і ўкраінцы, і беларусы разумеюць, што гэта ў нас адна вайна за нашу светласць, за нашу свабоду, за нашу будучыню. Гэты малады чалавек аддаў жыццё за нас усіх».

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Пазняк згадаў, што Лобаў загінуў у час бою, калі прыкрываў камандзіра, і што ўкраінцы выступілі за тое, каб прызнаць яго Героем Украіны. Ён дадаў, што загінулы ваяр варты гэтага і таму, што сем гадоў змагаўся ва Украіне «за нашу волю».

Сябра памерлага Андрусь Цянюта згадаў, як пазнаёміўся з Эдуардам у беларускім войску, і што той не выносіў несправядлівасці: калі Андруся пакаралі гаўптвахтай за ўдзел у выбарах у мясцовыя саветы, Эдуард друкаваў улёткі і распаўсюджваў іх у вайсковай частцы і вакол, і ў выніку, калі Андруся вызвалілі, пасадзілі на гаўптвахту Эдуарда.

«Ён быў шчырым патрыётам, – расказваў Цянюта пра загінулага сябра. – Адразу як пачалася вайна, ён сказаў, што не можа цярпець несправядлівасць, якую творыць Расея. Ён пайшоў абараняць грамадзян Украіны, незалежнасць Украіны і незалежнасць Беларусі».

Цянюта прасіў распаўсюджваць петыцыю за наданне Лобаву звання Героя Украіны.

Падпісваць петыцыі на тым сайце могуць толькі ўкраінскія грамадзяне, але пашыраць інфармацыю пра яе могуць і беларусы.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На цырымоніі ўзяў слова таксама лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык: ён выказаў спачуванні маці і заявіў, што беларускі народ будзе памятаць яе сына як героя, а таксама выказаў упэўненасць у тым, што будуць пакараныя тыя, хто чатыры гады трымаў Лобава ў няволі ў Беларусі.

На развітанні таксама прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка і Аліна Коўшык.

У нядзелю, 26 лютага аб 11:30 у касцёле святога Аляксандра на пляцы Трох крыжоў у Варшаве будзе служба за Эдуарда Лобава, на якую Барок запрасіў усіх ахвочых.

Інтэрв’ю
Маці забітага ваяра Эдуарда Лобава: «Рыхтаваліся да пахавання, але ўсё роўна была надзея»
2023.02.04 18:19
  • Эдуарду Лобаву было 34 гады. Ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў школу ў Менску, служыў у віцебскай 103-й брыгадзе паветрана-дэсантных войскаў. Пасля службы Эдуард Лобаў уступіў у «Малады фронт», кіраваў менскай гарадской арганізацыяй.
  • 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, быў затрыманы разам са старшынём «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам. У сакавіку 2011 года Эдуарда Лобава пакаралі 4 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт. 339 («Асабліва злоснае хуліганства»). Ён быў прызнаны палітычным зняволеным.
  • Ужо пасля калоніі некалькі разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці і адбываў арышт за парушэнні прэвентыўнага нагляду. Пасля завядзення супраць яго крымінальнай справы за парушэнні нагляду быў вымушаны з’ехаць ва Украіну.
  • Летам 2015 года стаў байцом тактычнай групы «Беларусь». Удзельнічаў у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны. Апошнія тры гады служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе імя Чорных запарожцаў. Быў гранатамётчыкам, стралком супрацьтанкавага ракетнага комплексу «Javelin».
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Могілкі Вайсковыя Павонзкі (Cmentarz Wojskowy na Powązkach), на якіх пахавалі Лобава, вядомыя. Там пахаваныя сярод іншых шмат якія палякі, якія змагаліся за незалежнасць сваёй радзімы: удзельнікі паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гадоў, удзельнікі польска-расейскай вайны 1919–1921 гадоў, абароны Варшавы ў 1939 годзе і Варшаўскага паўстання 1944 года, ваяры Арміі Краёвай. На могілках стаяць помнікі ахвярам савецкіх рэпрэсіяў і Катынскага расстрэлу, помнік «Слава пераможаным» ваярам Арміі Краёвай. Побач з змагарамі там пахаваныя выбітныя дзеячы культуры і навукі, вядомыя палітыкі і спартоўцы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў