Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку: «Справа зрушылася з мёртвай кропкі»


Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што напярэдадні палітвязень, філосаф і журналіст «Белсату» Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку. Адвакат гэта пацвердзіў. Мацкевіч галадаў з 4 лютага, а 15-га адмовіўся ад вады.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

Заява Уладзіміра Мацкевіча пра спыненне галадоўкі датаваная 16 лютага. Сваякі і адвакат журналіста пакуль не пацвердзілі, што ён зноў пачаў есці.

Святлага Мацкевіч, калега і былая жонка Уладзіміра Мацкевіча, пацвердзіла «Белсату»: у лісце ягоны почырк.

Хутчэй за ўсё, лічыць яна, заява аб спыненні галадоўкі была зробленая пасля допыту, але гэта толькі здагадка: следства закрытае. Яна спадзяецца, што салідарныя высілкі былі недарэмнымі.

Абноўлена. Пазней сваякі Мацкевіча атрымалі інфармацыю ад адваката. Ён перадаў, што сказаў сам Мацкевіч:

«Учора я пачаў адключацца. Сусед выклікаў лекараў, рабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і ўвечары каля 19.00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца».

Менавіта 16 лютага 65-гадоваму палітвязню, які ад 4 лютага галадае, стала блага. Да яго быў выкліканы лекар, яму паставілі кропельніцу і ўкалолі вітаміны.

Сваякі адзначаюць, што, нягледзячы на пазітыўны зрух, не ўсе патрабаванні Мацкевіча выкананыя: ён усё яшчэ ў няволі, следства не завершанае і справа не перададзеная ў суд.

Hавiны
Уладзіміру Мацкевічу ставілі кропельніцу. Ягоны стан пагаршаецца
2022.02.16 21:25

Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года. Яго абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). 4 лютага 2022-га Мацкевіч абвясціў галадоўку і заявіў, што калі цягам 10 дзён ягоныя патрабаванні не будуць выкананыя, ён пяройдзе да сухога галадавання. 15 лютага ён пачаў галадаваць насуха. Уладзімір Мацкевіч утрымліваецца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Менску.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў