Суд у справе Шутава: стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў


У Берасці працягваецца працэс у справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў у жніўні ад агнястрэльнага ранення. Суддзя дапытаў сведкаў, паведамляе радыё «Свабода».

Пацярпелымі ў справе Генадзя Шутава і Аляксандра Кардзюкова выступаюць вайскоўцы сілаў спецыяльнага рэагавання вайсковай часткі № 89 417 капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсеній Галіцын.

Паводле матэрыялаў справы, менавіта Гаўрылаў застрэліў Генадзя Шутава.

Пацярпелыя, Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын.
Фота: Белсат

Адзін са сведкаў у справе маёр часткі № 89 417 Лабковіч на судзе распавёў, што загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў аддаў камандуючы войскамі Сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі генерал-маёр Вадзім Дзенісенка.

Вайсковец таксама распавёў, што ў Берасці 11 жніўня на вуліцах гораду было 20 спецназаўцаў. Усе яны мелі агнястрэльную зброю.

Генерал-маёр Вадзім Дзенісенка.
Фота: mnsvu.org

Камандуючы войскамі Сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі генерал-маёр Вадзім Дзенісенка на суд не з’явіўся, бо цяпер на бальнічным, таму ў судзе зачыталі ягоныя ранейшыя паказанні.

«Магу патлумачыць, што непасрэдна падпарадкоўваюся паводле роду службы міністру абароны Рэспублікі Беларусь, загады якога для мяне абавязковыя для выканання.

Сапраўды пацвярджаю, што менавіта мной у той дзень была пастаўленая задача намесніку камандзіра атраду Лабковічу, каб ён разам з іншымі вайскоўцамі дадзенай часткі паступіў у распараджэнне камандзіра АМАП УУС Берасцейскага аблвыканкаму для нясення службы па ахове грамадскага парадку. Такое рашэнне было прынятае ў сувязі з «абвастрэннем сітуацыі… Рашэнне аб узбраенні абумоўленае тым, што немагчыма было пралічыць варыянты развіцця падзеяў на той момант часу», – паведамляў генерал-маёр Вадзім Дзенісенка.

Іншыя сведкі, якія выступалі ў судзе, распавялі, што насамрэч не бачылі канфлікту паміж вайскоўцамі ды Кардзюковым і Шутавым. Берасцеец Уладзімір Лесік распавёў на судзе, што не бачыў, каб нехта наносіў удары, ці каб была бойка. Але пачуў стрэлы і лаянку з боку ўзброеных людзей.

Пракурор і пацярпелыя вайскоўцы хадайнічаюць, каб матэрыялы справы вывучаліся ў закрытым рэжыме. Суддзя часткова прыняла хадайніцтва, закрытая будзе частка працэсу, дзе плануюць вывучаць «сакрэтны» том матэрыялаў.

Hавiны
«Супраць мірных грамадзянаў выкарысталі ўзброеныя сілы». У судзе назвалі вайскоўца, які забіў Генадзя Шутава
2021.02.16 18:51

СК belsat.eu

Стужка навінаў