Абскардзіць вырак нельга, сваякі напісалі Лукашэнку. Што трэба ведаць пра справу «Белгазпрамбанку»


Віктар Бабарыка.
Фота: ІА / Белсат

Ужо сёння адбудзецца першае паседжанне Вярхоўнага Cуда ў справе «Белгазпрамбанку». На судовай лаве яго былыя топ-менеджары на чале з Віктарам Бабарыкам. Пакуль улады рыхтуюцца паказаць расейскіх лялькаводаў, мы згадаем галоўныя факты пра рэзанансную справу.

Каго і за што судзяць

Галоўны фігурант справы – былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Яго вінавацяць у стварэнні з 1 студзеня 2004 года арганізаванай злачыннай групоўкі са сваіх намеснікаў з мэтаю сістэматычнага атрымання хабараў ад камерцыйных арганізацыяў. У справе фігуруе сума амаль $ 15 млн. З 10 лістапада да 27 снежня 2018 года дзеля легалізацыі хабараў Бабарыка быццам набыў у Менску два капітальныя будынкі коштам больш за Br 1 млн.

Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня летась. Экс-банкіра вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») Крымінальнага кодэксу.

На судовай лаве і шэсць былых падначаленых Бабарыкі. Іх усіх вінавацяць паводле ўжо згаданага артыкулу 430. Гэта Кірыл Бадзей, які летась стаў кіраўніком «Белгазпрамбанку» замест Бабарыкі, экс-намеснікі старшыні праўлення Сяргей Дабралёт, Дзмітрый Кузьміч, Сяргей Шабан і Аляксандр Ільясюк, а таксама былы першы намеснік праўлення Аляксей Задойка.

Яшчэ адзін абвінавачаны – генеральны дырэктар «Актыўлізінгу» Віктар Кабяк – праходзіць паводле ч. 2 арт. 431 («Даванне хабару паўторна ці ў буйным памеры»). Паводле следства, ён даў хабар памерам не менш як € 2,5 млн.

Ці прызнаюць яны віну?

Віктар Бабарыка «катэгарычна не згодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці».

Артыкулы
Віктар Бабарыка даў нямецкаму выданню інтэрв’ю з СІЗА КДБ
2021.02.10 11:49

Усе іншыя фігуранты сваю віну прызнаюць. Кірыл Бадзей, Сяргей Дабралёт, Аляксандр Ільясюк, Віктар Кабяк, Дзмітрый Кузьміч і Сяргей Шабан падпісалі дасудовую дамову аб супрацы. А іхныя сем’і напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку. Яны просяць вызваліць сваіх блізкіх ад крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 88 Крымінальнага кодэксу («Вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем»).

Акрамя Віктара Бабарыкі ў гэтым спісе няма Аляксея Задойкі. Ці пагадзіўся ён на супрацу са следствам, невядома. Сярод шасці чалавек, якія падпісалі дамовы аб супрацы і прысутнічалі на папярэднім паседжанні, яго не было. Але, як мы ужо згадвалі, прызнаваць віну адмовіўся толькі Бабарыка.

Hавiны
Сваякі фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» звярнуліся да Лукашэнкі. Яны просяць вызваліць абвінавачаных ад адказнасці
2021.02.03 21:53

Добра, а ці адкрытае паседжанне?

Так. Фармальна на працэс можа трапіць кожны беларус. Для гэтага дастаткова мець пашпарт і медычную маску. Але ў беларускай рэчаіснаці наўрад ці можна на гэта спадзявацца. На суд над нашымі каляжанкамі Кацярынай Андрэевай і Дарʼяй Чульцовай шмат хто не патрапіў, нібыта праз захады эпідэмічнай бяспекі, хаця ў зале хапала месца яшчэ мінімум на некалькіх чалавек нават пры правільнай рассадцы.

Прадстаўнікі незалежных беларускіх медыяў трапіць на працэс, відаць, не здолеюць. Журналістам БелаПАН, TUT.BY, Naviny.by, Onliner, «Белорусы и рынок» у акрэдытацыі адмовілі. У судзе патлумачылі, што акрэдытавалі 20 журналістаў, якія ўчора адправілі заяўкі першымі. Хоць незалежныя медыя адпраўлялі іх і ўчора, і ў дзень, калі стала вядомая дата паседжання.

А ці можна абскардзіць прысуд?

Не, гэтага зрабіць не здолеюць. Паколькі справу разглядае Вярхоўны Суд, абскардзіць яго вырак ужо нельга ні ў якім іншым. Адвакаты Віктара Бабарыкі прасілі, каб працэс аддалі ніжэйшаму суду, аднак ім адмовілі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў