Унук генерала Панфілава: «Пуцін і Крэмль, ведайце: я салідарны з Украінай!»


Стрыечны ўнук легендарнага савецкага генерала-маёра Івана Панфілава напісаў «Белсату» ліст з просьбай публічна выказаць праз нашае медыя салідарнасць з Украінай. 45-гадовы Міхаіл Татарнікаў заклікае расейскі народ і расейскіх вайскоўцаў апамятацца і спыніць забойствы мірных людзей і абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Мы звязаліся з нашчадкам Панфілава і нашым гледачом, які зараз жыве ў Нідэрландах.

Міхаіл Татарнікаў на фоне дзяржаўнага сцягу Украіны трымае ў руках партрэт Героя Савецкага Саюзу генерала-маёра Івана Панфілава. Фота перадаў Белсату герой гэтага матэрыялу

«Пуцін, Крэмль, расейскія грамадзяне вельмі любяць выхваляцца маімі продкамі – генералам Панфілавым і наагул панфілаўцамі. І я хачу, каб яны ведалі, што сваяк таго, кім яны так казыраюць, выказвае салідарнасць з Украінай, выступае супраць расейскай агрэсіі і генацыду ўкраінскага народу. Лічу Уладзіміра Пуціна і ўсю пуцінскую ўладу злачыннай і вельмі спадзяюся, што ўсе яны неўзабаве апынуцца на лаўцы падсудных у Гаазе, дзе іх усе вельмі чакаюць, у тым ліку я», – кажа Міхаіл Татарнікаў.

У сваім звароце ўнук камандзіра 316-й стралковай дывізіі, згадвае для «няўдзячных ксенафобных расейцаў» той факт, што падраздзяленне, якім кіраваў Іван Панфілаў у большасці сваёй складалася з грамадзянаў Сярэдняй Азіі, якія і адстаялі Маскву, а Узбекістан прыняў падчас вайны каля 4 млн уцекачоў з Расейскай Федэрацыі.

«Так што не трэба прысабечваць подзвіг Панфілаўскай дывізіі і выдаваць яго як выключна расейскі», – апелюе Міхаіл Татарнікаў.

Паводле «Вікіпедыі», на момант фармавання 316 дывізіі (ліпень – жнівень 1941 года) з 11 тысячаў салдат і афіцэраў 3,5 тысячы складалі казахі, 2 тысячы – украінцы, расейцаў, паводле гэтай крыніцы, у ёй было 4,5 тысячы.

«Панфілаў вельмі любіў Украіну»

Міхаіл Татарнікаў жыве ў Нідэрландах з 2009 года, куды пераехаў у 30-гадовым узросце з Ташкенту.

Ягоная бабуля – родная сястра жонкі Івана Панфілава Марыі. Будучы генерал-маёр пазнаёміўся з Марыяй у 1921 годзе ва ўкраінскім Авідзіопалі пад Адэсай – родным мястэчку Марыі (у дзявоцтве – Каламіец-Шаўчэнка). Вяселле справілі праз некалькі тыдняў па знаёмстве проста ў штабе чырвонаармейскага атраду. Сям’я мела пяцярых дзяцей, старэйшая дачка Валянціна нарадзілася ў Кіеве. Пасля вайны Марыя Панфілава напісала кнігу пра мужа-генерала, які загінуў у лістападзе 1941-га.

Марыя і Іван Панфілавы.
Фота: Aigul Baikadamova / ВКонтакте

Стрыечны ўнук Панфілавых Міхаіл Татарнікаў вельмі ганарыцца тым, што ў ім цячэ ўкраінская кроў, і выказвае ўпэўненасць, што яго славуты дзед Іван Панфілаў асудзіў бы агрэсіўныя дзеянні пуцінскай Расеі, бо і для яго Украіна была вельмі блізкая.

«Я думаю, ён бы быў у шоку і рабіў бы ўсё, каб не дапусціць такога. Бо ён вельмі любіў Украіну, сваю ўкраінскую жонку, украінскіх сваякоў, украінскую мову, хоць сам нарадзіўся ў Расеі. Я мяркую, што, калі б генерал Панфілаў быў бы зараз жывы, ён бы падтрымаў мае словы і таксама быў бы салідарны з Украінай», – мяркуе Міхаіл Татарнікаў.

Але ён падкрэслівае, што падтрыманне Украіны – гэта ягоная асабістая пазіцыя як аднаго з нашчадкаў генерала-маёра Панфілава. У Казахстане зараз жыве ўнучка Панфілава Айгуль Байкадамава (дачка старэйшай дачкі Панфілава Валянціны), а ў Маскве – Алена Казыркова, унучка па малодшай дачцэ Маі. Але пра іх пазіцыю наконт вайны ва Украіне Міхаіл не ведае.

«Салідарнасць з Украінай, на жаль, астывае»

Міхаіл Татарнікаў распавядае, што ў першыя дні расейскай агрэсіі, напрыканцы лютага 2022 года, ён штодзень ездзіў у Ратэрдам, каб у якасці валанцёра дапамагаць арганізацыям, якія фармавалі гуманітарныя грузы для Украіны і ўкраінскіх уцекачоў. Сам прывозіў адзенне і рабіў грашовыя ахвяраванні.

Украінскі сцяг на адным з урадавых будынкаў у горадзе Маастрыхт у Нідэрландах, дзе жыве Міхаіл Татарнікаў. Фота перадаў Белсату герой публікацыі

Ён канстатуе, што цяпер, на жаль, тэма вайны ва Украіне пачынае ў Нідэрландах астываць.

«Так, гэта адчуваецца. Людзі ўсё радзей выходзяць на вуліцы, каб выказаць свой пратэст супраць расейскай навалы і салідарнасць з Украінай. Але я спадзяюся, гэта не зубіць моцы канчаткова. Бо ўсё ж такі я бачу ўкраінскія сцягі на будынках гарадскіх ратушаў ды іншых дзяржаўных установаў. Ведаю, што аказваецца дапамога ўкраінскім уцекачам. Салідарнасць трывае, хоць і не такая гарачая», – кажа наш суразмоўца.

Акурат гэтае «астыванне салідарнасці» і падштурхнула Міхаіла выказаць сваю пазіцыю публічна. Каб даць нейкі новы штуршок. Асабліва – пасля масаваных расейскіх абстрэлаў Украіны на самым пачатку 2024 года, якія ўразілі і абурылі Міхаіла сваёй бесчалавечнасцю.

«Я спадзяюся і веру, што хаўруснікі Украіны – ЗША і Еўразвяз, пасля гэтых масаваных атакаў пачнуць больш актыўна аказваць Украіне дапамогу і гэтым самым наблізяць перамогу», – гаворыць унук Панфілава.

Прадаўжэнне гуманітарнай і вайсковай дапамогі Украіне і салідарнасць з ёй – толькі гэта можа разбурыць сцэнар, выдуманы ў Крамлі, лічыць Міхаіл.

«Не здраджваць Украіне! Палітыкі і звычайныя людзі мусяць адкрыць для яе свае сэрцы і душы», – дадае ён.

«Каб слёзы цяклі толькі з радасці»

Свае эмоцыі, якія носіць у сэрцы і душы, нашчадак генерала-маёра Панфілава пераносіць на палотны – ён мастак.

Кажа, што любоў да мастацтва і жывапісу перадалася яму ад украінскіх бабуляў. Пейзажы, напісаныя Марыяй Панфілавай, жонкай генерала-маёра, знаходзяцца зараз у гісторыка-краязнаўчым музеі Авідзіопалю. Міхаіл Татарнікаў стварае абстрактныя працы, але мае намер намаляваць партрэт Панфілава.

Міхаіл Татарнікаў каля памятнага знаку аб падпісанні ў 1992 годзе ў Маастрыхце трактату аб стварэнні ЕЗ. Фота перадаў Белсату Міхаіл Татарнікаў

Ягоныя апошнія працы прысвечаныя Украіне.

«Шчыра зычу ўкраінцам, каб як найхутчэй у іх дварах пачаў гучаць нязмушаны дзіцячы смех, каб у сэрцах адрадзілася надзея і пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, каб выбухі былі толькі ад салютаў, а слёзы – з радасці», – жадае Міхаіл Татарнікаў.

На развітанне ён вельмі дзякуе журналістам расейскамоўнага праекту «Белсату» «Вот Так», які глядзіць рэгулярна і з якога бярэ актуальную і дакладную інфармацыю пра падзеі ва Украіне.

Каментар
Напад Расеі на краіны NATO – гэта «страшылка нейкага таблоіда» ці сапраўдная пагроза?
2024.01.15 17:54

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў