Прэзідэнт ABBA: У Давосе будзем развязваць праблемы беларускага бізнесу


Удзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, апрача дэлегацыі абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай, бяруць і прадстаўнікі Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA). Прэзідэнт ABBA Яўген Буры падзяліўся з «Белсатам» чаканнямі ад удзелу ў форуме, які пройдзе з 16 да 20 студзеня, і расказаў, якія праблемы беларускага бізнесу будуць узнятыя на такім высокім узроўні.

Прэзідэнт ABBA Яўген Буры.
Фота: Yauheni Bury / Facebook

«Гэта насамрэч гістарычная падзея: вельмі ўнікальная сітуацыя, калі на такім узроўні будуць абмяркоўвацца праблемы беларускага бізнесу за мяжой», – кажа прэзідэнт ABBA Яўген Буры.

Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжой рэпрэзентуюць у Давосе чатыры яе кіраўнікі, якія будуць там працаваць у шчыльным партнёрстве з дэлегацыяй Святланы Ціханоўскай. Апрача шматлікіх імпрэзаў і сустрэчаў на форуме, запланаваная таксама асобная панэль у Польскім доме ў Давосе, прысвечаная праблемам беларускага бізнесу ў Польшчы.

«Будзе магчымасць паразмаўляць з топавымі бізнесоўцамі, прадстаўнікамі топавых кампаніяў і чыноўнікамі наконт таго, як дапамагчы беларускаму бізнесу Польшчы. Бо, паводле нашых падлікаў, 80 % беларускага бізнесу размяшчаецца менавіта ў гэтай краіне, і для нас гэтая панэль вельмі важная», – прызнаецца Яўген Буры.

Якія праблемы беларускага бізнесу агучаць у Давосе

Яўген Буры кажа, што ўжо падрыхтаваны адмысловы буклет з пералікам праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларускія бізнесоўцы і прадпрымальнікі за межамі радзімы, і магчымымі спосабамі развязання гэтых праблемаў. Гэтай інфармацыяй плануюць дзяліцца з удзельнікамі форуму падчас асабістых сустрэчаў. Балючыя месцы – праблемы легалізацыі і фінансавання.

«Маем праблемы з легалізацыяй беларускіх бізнесоўцаў, таму неабходна спрашчаць працэдуру атрымання візаў і для саміх уладальнікаў бізнесу, і для супрацоўнікаў беларускіх фірмаў.

Таксама ёсць праблемы з фінансаваннем, бо бізнес, які прыязджае ў Еўропу, не мае крэдытнай гісторыі, таму іх не крэдытуюць банкі. Нашая задача – зрабіць такі гарантыйны фонд, каб бізнесы без крэдытнай гісторыі маглі атрымліваць тут крэдыты», – расказвае прэзідэнт ABBA.

Ён заўважае, што, напрыклад, праца ў стварэнні гарантыйнага фонду вядзецца ўжо даўно, але акурат цяпер з’явілася магчымасць узняць гэтае пытанне на вельмі высокім узроўні і нарэшце вызначыць, як гэта ажыццявіць тэхнічна.

Яўген Буры абяцае таксама, што на форуме ў Давосе будуць узнятыя пытанні вядзення бізнесу індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў Польшчы, пытанні адкрыцця рахункаў беларусамі ў краінах Балтыі.

«Яшчэ – пытанне, якое можна развязаць толькі на ўзроўні ЕЗ: забарона размяшчэння на дэпазітах беларусаў сумы, большай за 100 тысяч еўраў. Гэта вельмі ўскладняе рэлакацыю бізнесу. 100 тыс еўраў для бізнесу – гэта няшмат, зусім няшмат. Таму будзем размаўляць пра тое, як змяніць ці наагул адмяніць гэтыя ўмовы, хаця б для тых, хто прайшоў акрэдытацыю», – распавёў Яўген Буры.

ABBA чакае зваротнай сувязі

Прэзідэнт асацыяцыі заўважае, што пры магчымасці будуць уздымацца і больш дробныя пытанні, якіх насамрэч нямала.

«Нашая задача – паказаць, якую місію мы ажыццяўляем. Расказаць пра тыя праблемы, з якімі цяпер сутыкаецца беларускі бізнес за мяжой, распавесці пра факты дыскрымінацыі, якія збіраем цяпер і збіралі цягам мінулага года. Але зараз ёсць унікальная магчымасць: ужо адтуль, з Давосу, спытаць онлайн у нашых бізнесоўцаў, якія яшчэ пытанні мусім там падняць», – падсумоўвае кіраўнік ABBA.

Лісты з прапановамі можна дасылаць на электронную пошту асацыяцыі: info@abbabusiness.org.

Сусветны эканамічны форум (World Economic Forum – WEF) у Давосе праводзіцца з 1971 года. Сябры WEF – каля 1000 буйных кампаніяў і арганізацыяў з розных краінаў. Форум мае ўвасабляць ідэю адкрытага і абʼяднанага свету. У 2023 годзе ўдзельнікамі форуму будуць прадстаўнікі 52 дзяржаваў. Беларусь у Давосе будзе рэпрэзентоўваць абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Апошні раз Беларусь брала ўдзел у WEF у 1992 годзе, калі на Форум быў запрошаны Станіслаў Шушкевіч. Колішні прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Давос не ездзіў. На сёлетні форум не запрасілі Уладзіміра Пуціна. Расейскія мільярдэры таксама ўдзелу ў ім не возьмуць. 

Hавiны
Святлана Ціханоўская абмяркуе эканамічныя рэформы і падтрымку беларускага бізнесу ў Давосе
2023.01.14 15:08

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў