Найгоршы вынік за сем апошніх сезонаў. Ці справядліва зборная Беларусі па гандболе выбыла з чэмпіянату Еўропы?


Зборная Беларусі па гандболе датэрмінова выбыла з барацьбы на чэмпіянаце Еўропы, паказаўшы найгоршы вынік за сем апошніх сезонаў. Каманда набрала на чэмпіянаце нуль пунктаў.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў.
Фота: RADOVAN STOKLASA / Reuters / Forum

Пасля выгуляных у зборнай Расеі таварыскіх матчаў на старце рыхтавання да «Еўра» старшыня Беларускай федэрацыі гандболу Уладзімір Канаплёў прамовіў нават фразу, што зборная Беларусі можа і чэмпіёнам Еўропы стаць. Даўно, маўляў, гэтага заслугоўвае. А галоўны трэнер Юрый Шаўцоў падкрэсліваў:

«У нас вельмі добры мікраклімат у камандзе. Пакаленне 1996 года і маладзейшае. Раслі як адзіная сям’я».

Сугучна выказаўся і капітан зборнай Вячаслаў Бохан: «Касцяк асноўнай каманды аднаго года нараджэння. Людзі, якія гуляюць не адзін год разам. У шматлікіх юнацкіх і моладзевых зборных усе адно за аднаго гарою. І ў калектыве мы сустракаемся як родныя».

Перад ад’ездам на чэмпіянат кантыненту Канаплёў выказаўся аптымістычна яшчэ раз: «Склад у нас добры, мусім стрэліць».

Такі настрой трываў на фоне перамог над расейцамі, якіх увогуле раней ніколі не перагульвалі: ні ў таварысцкіх сустрэчах, ні на топ-турнірах. Хіба што на леташнім чэмпіянаце свету ў Егіпце закончылі спрэчку з імі ўнічыю 32:32. А потым пачаліся нервы. Перманентна ўзнікалі пытанні наконт аптымальнага складу на «Еўра-2022». Узяць трэба было 20 гандбалістаў, сярод якіх у заяўку на матч траплялі б 16. А на праглядзе было ў паўтара разу больш. Яшчэ ўлетку прынялі запрашэнне на міні-турнір у Вугоршчыну. Але ў выніку так і не згулялі там ні супраць гаспадароў, ні супраць Бахрэйну, бо адзін з прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі меў станоўчы тэст на каронавірус. Уладзімір Канаплёў нават дапусціў магчымасць змовы супраць беларусаў. Нічога лепшага, як патлумачыць сітуацыю змовай супраць беларусаў, Уладзімір Канаплёў не прыдумаў.

Уладзіслаў Кулеш падчас гандбольнага матчу з Нямеччынай.
Фота: Stanko Gruden / kolektiff / imago sport / Forum

Што ж было на гульнях «Еўра»?

Касцяк, як аказалася, не гатовы ісці наперад адзіным моцным кулаком. На старце турніру, што сёлета прынялі Славаччына і Вугоршчына, беларуская зборная пад кіраўніцтвам алімпійскага чэмпіёна Юрыя Шаўцова дала бой дружыне Нямеччыны, выгуляўшы першы тайм. А паколькі перамагаць не планавалі, то і саступілі без вялікай шкоды – 29:33. Фаварыт усё ж. Немцы пераканальна прайшлі кваліфікацыю, атрымаўшы шэсць перамог у шасці матчах. Далей, праўда, ісландскі настаўнік Бундэстым Альфрэд Гіслялан (Alfreð Gíslason) пачаў губляць наймацнейшых: нехта траўмаваўся, нехта не жадаў рабіць прышчэпку, а некаторыя аддавалі перавагу сямейным справам. Але нямецкая машына пакуль напоўніцу апраўдвае сваю мянушку. Правялі спарынгі са Швейцарыяй і Францыяй. І выгулялі іх. Няма ў іх стабільнай канкурэнцыі на пазіцыі разыграўцы? Нічога страшнага: даюць рады з гэтым паўсярэднія. Добра працуе і дальнабойная артылерыя.

Артыкулы
Трэнер Канстанцін Якаўлеў пра пераезд ва Украіну і планы стварыць новы гандбольны клуб
2021.11.03 16:57

Арцём Каралёк, адзін з лідараў зборнай Беларусі сцвярджаў, што каманда стала мацнейшаю за апошні год. Але мацнейшаю для каго? Для самой сябе? Але не для элітных і сярэдніх паводле класу супернікаў. Як тут ні згадаць дружыну Літвы? Нашыя суседзі не выступалі на топ-турнірах 24 гады, адзіны раз прабіўшыся на «Еўра» ў 1998-м. Зборная Беларусі гуляла ў чэмпіянатах Еўропы шэсць разоў, выходзячы ў фіналы чатырох апошніх турніраў. А тры апошнія разы займала 10-я месцы. Атрымліваецца, маленькая Літва бачыла мэту і ішла да яе па ўзрастальнай, а Беларусь тапталася на месцы. Як і літоўцы, беларусы зазналі дзве паразы ў папярэднім раўндзе, але саступалі літоўцам у розніцы мячоў – мінус 13 супраць мінус 7. Пры тым што Літва адмовілася ад пералёту і дабіралася ў Кошыцэ на першы матч супраць Расеі аўтобусам 15 гадзінаў – у той час як Беларусь, хоць і даючы кругаля праз Маскву і Вену, усё ж такі ляцела.

Арцём Каралёк падчас гандбольнага матчу з Нямеччынай.
Фота: Stanko Gruden / kolektiff / imago sport / Forum

У выніку падчас гульняў беларусы дэманстравалі праблему з брамнікамі (усе трое рэпрэзентуюць берасьцейскі «Мяшкоў»), слабую канцэнтрацыю, змену схемаў ды яшчэ грубую гульню з выдаленнямі. У другім туры супраць Польшчы, напрыклад, замест брамніка выводзілі сёмага палявога гульца з пераходам на пазіцыю лінейных двух гандбалістаў. Але эфекту гэта не дало. Польшча трымала беларусаў на адлегласці 3–4 мячы, а за 11 хвілінаў да фінальнага свістка аддалілася на пяць. Далей – горш. Беларусы не маглі пераламаць хады гульні, далёка не заўсёды скарыстоўваючы атаку як галявую, нявымушана страчвалі мяч (усяго 13 за матч), і 27-ы гол польскі гандбаліст Міхал Дашэк (Michał Daszek) закідваў ужо ў пустую браму. Беларусь паплыла і ў выніку прагуляла цэлых дзевяць мячоў.

Мікалай Алёхін.
Фота: RADOVAN STOKLASA / Reuters / Forum

Наўрад ці ў гэтай разнашэрснай гульні нашай каманды вінаватыя станоўчыя тэсты на ковід Уладзіслава Куляша ды Івана Мацкевіча. У палякаў семярых гандбалістаў не дапусцілі да турніру, а выглядала польская каманда хоць і не надта мабільна, але надзейна. Польшча выйшла ў асноўны раўнд «Еўра» і заўтра ў Браціславе правядзе цікавы паводле перадстартавых разлікаў двубой за першае месца супраць Нямеччыны. А Беларусь, такім чынам, паказала найгоршы за сем апошніх сезонаў вынік на топ-турнірах і апусціцца ў фінальным падсумаванні як мінімум на 13-е месца. Усё высветліцца пасля апошняга туру, які будзе згуляны ў аўторак, 18 студзеня. Супрацьстаяць нашай дружыне будуць аўстрыйцы, якія таксама датэрмінова скончылі барацьбу за выхад у асноўны раўнд.

Літоўскі адмыслоўца Гінтарас Савукінас (Gintaras Savukynas) прадказваў, што самае высокае месца на сёлетнім чэмпіянаце кантыненту з постсавецкіх зборных зоймуць беларусы. А аказалася, што далей пойдзе Расея. Ва Украіны таксама турнір не склаўся, і «жоўта-блакітныя» на роўні з беларусамі – аўтсайдары сваёй групы з нулём пунктаў.

АП belsat.eu

Стужка навінаў