Аляксандр Класкоўскі пра магчымасць наступу на Украіну з Беларусі: «Гэта неперспектыўны варыянт»


Лукашэнка абвесціў аб правядзенні пазапланавых беларуска-расейскіх вучэнняў на заходніх і паўднёвых межах краіны, а таксама абвінаваціў Украіну ў нарошчванні сілаў на рубяжах Беларусі. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў эфіры праграмы «Студыя Белсат» падзяліўся сваім бачаннем прычынаў мілітарызацыі рэжыму, а таксама паразважаў на тэму хуткага рэферэндуму, пра які Лукашэнка цяпер амаль не ўзгадвае.

Паводле Аляксандра Класкоўскага, рэзкія заявы Лукашэнкі адносна Украіны зусім не азначаюць, што ён сапраўды гатовы ваяваць супраць паўднёвай суседкі. Насамрэч гэта можа быць проста чарговай гульнёй у адносінах з Расеяй.

«Я думаю, што Лукашэнка не самагубца. Гэта гульня з агнём, гэта падгульванне Крамлю. І сёння Лукашэнка ўсяляк вылузваецца са скуры, каб даказаць Пуціну, даказаць Крамлю, што ён ім патрэбны. Хаця насамрэч, я думаю, нават са стратэгічнага пункту гледжання наступ з Беларускай тэрыторыі праз гэтыя палескія балоты ¬ гэта неперспектыўны варыянт».

Аналітыка
«Лукашэнка прывык гуляць з агнём». Што стаіць за планамі правесці расейска-беларускія вучэнні на мяжы з Украінай і ЕЗ
2022.01.17 18:18

Палітычны аглядальнік схіляецца да думкі, што і самая Расея ў сваю чаргу зусім не збіраецца ваяваць, бо не мае для гэтага адпаведнай моцы.

«Пораху на гэта ўжо няма, не той эканамічны патэнцыял, і як бы ні хваліліся яны ў вайсковай моцы, усё адно зразумела, што моц NATO значна большая. Калі сапраўды распачаць вайну, якая перарасце ў ядравую, то гэта ж капец усім. І пры ўсёй сваёй авантурнасці, я думаю, тыя, хто ў Крамлі, не такія самагубцы, каб усё гэта распачынаць усур’ёз».

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Паразважаў Аляксандр Класкоўскі і на тэму рэферэндуму, пра які сам Лукашэнка цяпер амаль не ўзгадвае, бо цяпер не мае такой неабходнасці. Эксперт мяркуе, што рэферэндум усё адно адбудзецца бліжэйшым часам, бо Лукашэнку запозна адступаць назад.

«Яму гэты рэферэндум ужо не патрэбны, усё гэта коціцца па інерцыі. Я не думаю, што ён будзе скасоўваць рэферэндум, бо ўжо шмат было сказана на гэтую тэму, таму цяпер адкручваць гэта несалідна. Але відавочна, што на сённяшні дзень Лукашэнка, відаць, пераканаў Пуціна, што спяшацца з транзітам улады не трэба. Адсюль і мінімізацыя рыторыкі на гэтую тэму і перавод фокусу на іншыя пытанні».

Вынікам гэтага рэферэндуму Аляксандр Класкоўскі бачыць узмацненне ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

«Каб утрымаць паўнату ўлады ў сваіх руках, асабліва пасля казахстанскіх падзеяў, я думаю, што Лукашэнка будзе займаць два крэслы: і цяперашняе прэзідэнцкае, і крэсла старшыні прэзідыума Усебеларускага сходу. Таму фактычна для яго нічога не мяняецца, нават узмацняюцца паўнамоцтвы, бо гэты сход сам па сабе будзе валодаць вялікай сілай. Амаль гарантавана можна прагназаваць, што ён пойдзе такім шляхам».

Аналітыка
Як паўплываюць падзеі ў Казахстане на рэжым Лукашэнкі?
2022.01.15 20:51

На думку палітычнага аглядальніка, у гэты ж час Лукашэнка не спяшаецца рыхтаваць сабе пераемніка, бо па-ранейшаму амаль нікому не давярае.

«Пакуль ён сваімі пальцамі здолее ўтрымліваць стырно ўлады, ён будзе яго ўтрымліваць, бо ён заўжды быў чалавекам падазроным і недаверлівым, думаю, нават свайму атачэнню ён да канца не давярае. Лукашэнка будзе да апошняга трымацца за ўладу. Калі нейкі транзіт будзе адбывацца, то ўжо ў надзвычайных умовах».

Нягледзячы на павелічэнне ўлады Лукашэнкі пасля рэферэндуму, Аляксандр Класкоўскі прагназуе і магчымыя пазітыўныя змены для беларускага грамадства.

«Гэты рэферэндум усё адно будзе нейкім штуршком, які запусціць перафарматаванне беларускай палітычнай сістэмы. Таму нейкія нечаканыя падзеі могуць быць і ў Беларусі пасля гэтага мерапрыемства».

Поўную размову з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім можна паглядзець тут.

Hавiны
«Усе пыталіся пра рэферэндум»: Павел Латушка наведвае Берлін з працоўным візітам
2022.01.14 19:20

ВК belsat.eu

 

Стужка навінаў