Прасоўванні расейцаў у Данецкай вобласці. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 661-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Ілюстрацыйны здымак. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / FB

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны працягваюцца сустрэчныя баі каля сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці, прычым большая ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі: паводле Генштабу ЗСУ, цягам содняў яны не менш за дзевяць разоў атакавалі каля сяла, але поспеху не дасягнулі.

Таксама на купянскім кірунку расейцы наступалі каля Кіслоўкі, а ЗСУ – у ваколіцах Альшаны і Навасёлаўскага. Зменаў па фронце не зафіксавана.

На суседнім ліманскім кірунку Узброеныя Сілы РФ правялі безвыніковыя атакі на ўсходзе ад Цернаў і каля Ямпалаўкі на поўначы Данецкай вобласці, а таксама побач з Макееўкай у Луганскай.

У сваю чаргу ўкраінскія вайскоўцы наступалі каля населеных пунктаў Кузьмыно і Белагораўка на Луганшчыне. Зменаў не адбылося.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

Паводле Генштабу ЗСУ, на бахмуцкім кірунку сілы абароны краіны адбілі 18 атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка. 

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў удакладняе, што ў ваколіцах Клішчыеўкі баі ідуць за вышыні з паўночнага захаду ад сяла. Таксама Пегаў адзначае атакі УС РФ з боку захопленага Хромава.

У гэты ж час праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» паведамляе, што Збройныя сілы Украіны адышлі з часткі пазіцыяў на поўдні Клішчыеўкі, але цяпер намагаюцца іх вярнуць.

Таксама крыніца адзначае, што на бахмуцкіх лецішчах пазіцыі пераходзяць з рук у рукі.

На самым поўдні кірунку ЗСУ атакавалі каля населенага пункту Пабеда (каля Горлаўкі), але поспеху не дасягнулі.

Ілюстрацыйны здымак. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / FB

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Між тым найбольш актыўныя баявыя дзеянні вядуцца ў ваколіцах Данецку, дзе ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ.

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, толькі цягам апошніх содняў былі адбітыя 34 атакі расейцаў каля Новабахмутаўкі, Стэпавога, Севернага, Первамайскага і самой Аўдзееўкі.

Разам з тым аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што войскі РФ захапілі дзве пазіцыі ЗСУ на захадзе ад прамысловай зоны Аўдзееўкі. Адзначаецца, што на гэтым участку фронту расейцы знаходзяцца на пануючых вышынях, што дае ім пэўную перавагу.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што УС РФ цалкам занялі катэджны пасёлак «Вінаграднікі» каля Аўдзееўкі.

На мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на Краснагораўку, Мар’інку і Новаміхайлаўку.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ на поўдні ад Новаміхайлаўкі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» удакладняе, што УС РФ ахапілі сяло з поўдня і паўднёвага ўсходу, але ў сам населены пункт не могуць зайсці праз шчыльнае мініраванне і вялікую колькасць умацаваных пазіцыяў ЗСУ.

Агулам, пасля амаль поўнага захопу Мар’інкі, расейцы засяродзілі свае намаганні па лініі Пабеда – умацаваны раён «Звярынец» – Новаміхайлаўка, прычым «Звярынец» знаходзіцца на выступе і з трох бакоў аточаны войскамі РФ.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ двойчы атакавалі каля сяла Старамаёрскае, але сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Між тым па-ранейшаму на поўдні краіны самым актыўным участкам фронту застаюцца ваколіцы гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці. Тут расейцы восем разоў атакавалі на захадзе ад сяла Навапрокапаўка і на поўдні ад Работына, але поспеху не мелі.

Каля апошняга населенага пункту, паводле Міністэрства абароны РФ, атакавалі і ўкраінскія вайскоўцы, што ўказвае на сустрэчны характар баявых дзеянняў.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што таксама ЗСУ няўдала наступалі малымі пяхотнымі групамі каля сяла Вэрбовае.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў