У «Рускім доме» ў Цэнтральнаафрыканскай рэспублікі ўзарвалася пасылка, пацярпеў супрацоўнік


У сталіцы Цэнтральнаафрыканскай рэспублікі Бангі 16 снежня быў здзейснены замах на кіраўніка місіі «Рускі дом» – у яго руках узарвалася пасылка. У расейскім пасольстве ў Бангі «РИА Новости» пацвердзілі гэтую інфармацыю.

Дзмітрый Сыты.
Фота: Sytyy / Instagram

У выніку выбуху пацярпеў кіраўнік гуманітарнай місіі «Рускі дом» Дзмітрый Сыты. Паведамляецца, што ў яго ў руках узарвалася атрыманая ім пасылка. Цяпер пацярпеламу аказваюць дапамогу медыкі. Яго стан ацэньваецца як цяжкі.

Пазней у пасольстве Расеі ў Бангі ўдакладнілі:

«Стан здароўя Дзмітрыя Сытага цяжкі, ён атрымаў кантузію, страціў шмат крыві, але пагрозы жыццю няма. <…>Выбух адбыўся дома ў Дзмітрыя Сытага, за межамі пасольства».

«Рускі дом» з’яўляецца прадстаўніцтвам Россупрацоўніцтва ў Цэнтральнаафрыканскай рэспублікі.

Падобны выпадак здарыўся ў канцы лістапада ў Мадрыдзе, калі адзін чалавек пацярпеў пры выбуху бандэролі, дастаўленай у пасольства Украіны. Аналагічныя пасылкі атрымалі яшчэ некалькі ўкраінскіх дыппрадстаўніцтваў у розных краінах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў