Генпракуратура накіравала ў суд справу Ціханоўскай, Латушкі і іншых чальцоў КР


Генеральная пракуратура перадала ў суд крымінальную справу ў дачыненні Святланы Ціханоўскай, Марыі Мароз, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка. Варшава, Польшча. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Усім абвінавачаным інкрымінаваныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357);
  • стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва такім фармаваннем (ч. 1 арт. 361-1);
  • публічныя заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361);
  • распальванне сацыяльнай варожасці і разладу (ч. 3 арт. 130 КК Беларусі).

Святлане Ціханоўскай прад’яўленае абвінавачанне паводле 10 артыкулаў КК. У тым ліку яе абвінавачваюць у тым, што яна на тэрыторыі Літвы «абвесціла сябе пераможцаю мінулых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і адзіным нацыянальным лідарам, абраным беларускім народам».

Генеральная пракуратура абвінавачвае Паўла Латушку ў карупцыі. Нібыта ён падчас перыяду, калі займаў пасаду міністра культуры, атрымаў хабар 10 тысяч долараў за падпісанне дамовы з ТАА «Першая КінаВідэаКампанія» на вытворчасць кінапраекту з фінансаваннем дзяржавы. Паводле заявы ведамства, нібыта за гэта дзяржаве нанесеныя страты на суму звыш 2,3 млн рублёў.

Святлане Ціханоўскай таксама закідаюць здраду дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК Беларусі). Паўлу Латушку прадʼяўленае абвінавачанне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК) і ў атрыманні хабару (ч. 3 арт. 430 КК).

Таксама фігурантаў справы вінавацяць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • Ціханаўскую і Мароз – падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293), захоп і ўтрыманне будынкаў і збудаванняў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 292), падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці, а таксама арганізацыя здзяйснення названых дзеянняў і кіраванне імі (ч. в4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342);
  • Ціханоўскую, Кавалькову і Латушку – перашкоды працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь у выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісіяў для рэферэндуму (ч. 2 арт. 191);
  • Ціханоўскую і Латушку – стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне такім фарманнем, учыненае паўторна (ч. 2 арт. 361-1); арганізацыя (кіраванне) самавольнага прыўлашчвання звання і ўлады службовай асобы (ч. 4 арт. 16 і арт. 382).

Справа расследавалася ў межах спецыяльнай вытворчасці. Суд будзе праходзіць завочна.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў