Супраць блогера Павука распачалі крымінальную справу за «абразу прадстаўніка ўлады»


Упраўленне ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры ўзялася бараніць супрацоўніка менскай пракуратуры ад песень і пранкаў Павука.

Андрэй Павук.
Фота: Андрэй Павук / Facebook

Генеральная пракуратура паведаміла, што ў адным з відэа на Youtube падазраваны Андрэй Павук, «які знаходзіцца на тэрыторыі Літвы, публічна абразіў работніка пракуратуры Менску» (якім відэа ці якой песняй, не паведамляюць).

Гэта кваліфікавалі паводле арт. 369 КК РБ. Артыкул прадугледжвае пакаранні ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Крымінальную справу накіравалі ў Следчы камітэт.

Што рабіць з грамадзянінам Беларусі, які знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы, пракуратура не піша, але пагражае: «Кожны, хто ўчыніў злачынства, будзе падвергнуты справядліваму пакаранню».

Павук пракаментаваў справу супраць сябе двума словамі: «Неглыбокая заклапочанасць».

Андрэй Павук – блогер і актывіст з пасёлка Акцябрскі (колішняя Рудабелка). Стаў вядомым, калі ў 2012 годзе спрадзюсаваў песню-мем «Я из деревни». Звяртаўся да мясцовых уладаў з розных нагодаў і мясцовых праблемаў, у тым ліку праз ягонае звальненне і немагчымасць зладзіцца на працу нават прыбіральнікам. Завёў відэаблог «Рудабельская паказуха».

У кастрычніку 2020 года з’ехаў разам з жонкай у Літву пасля 10 дзён арышту Андрэя і позвы ў суд да ягонай жонкі Вольгі, якая была назіральніцай на выбарах. Там працягнуў весці свой блог, у тым ліку гутарыць праз тэлефон з беларускімі чыноўнікамі. Разам з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук заснаваў парадыйны музычны дуэт «Красная зелень».

Самая папулярнае відэа «Рудабельскай паказухі» мае 410 тысяч праглядаў, а самая папулярная песня гурту «Красная зелень» – 888 тысяч праглядаў:

Цяпер Андрэй Павук вядзе на «Белсаце» перадачу «Шухер-шоў»:

Без акрэдытацыі
Хто з ябацек самы смешны?
2021.07.24 13:33

АА belsat.eu

Стужка навінаў