Чалавека без нагі, без мыліцаў, з рукамі ў кайданках прымусілі ісці з камеры. Гісторыя Уладзіміра Гундара


Родныя вязняў, якія праходзяць у «справе Аўтуховіча», распавялі «Белсату», што абвінавачваных этапавалі ў Гарадзенскую турму. Імаверна, улады рыхтуюцца да пачатку суда. Сярод вязняў – і баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, які мае 2-ю групу інваліднасці. Сваякі Уладзіміра распавядаюць, што за кратамі на вязняў моцна ціснуць і нават здзекуюцца з іх.

Уладзімір Гундар.
Фота: родныя вязня

Актывіст і краязнаўца з Баранавічаў Уладзімір Гундар мае інваліднасць 2-й групы. 61-гадовы мужчына не мае нагі, перамяшчаецца з дапамогаю мыліцаў або пратэза. Пра затрыманне мужчыны паведаміў старшыня КДБ Іван Церцель 8 снежня 2020 года. У лютым сёлета КДБ залучыў яго, як і яшчэ 11 асобаў, у афіцыйны спіс тэрарыстаў, якіх лічаць паплечнікамі Мікалая Аўтуховіча. Гэтых людзей вінавацяць паводле арт. 289 КК («Акт тэрарызму»). Дата суда ў гэтай справе пакуль невядомая. Але родныя кажуць, што фігурантаў справы ўжо сабралі ў Гарадзенскай турме.

«Вядома, што суд у справе артыкулу 289 КК («Акт тэрарызму«) будуць разглядаць у Горадні. З Берасця этапавалі і сям’ю святара, а таксама Маёраву. Таму будуць рабіць выгляд, што вядзецца расследаванне», – кажуць родныя Уладзіміра.

Вядома, што з Менску ў Гарадзенскую турму перавезлі і Мікалая Аўтуховіча.

«Перадачу 14 снежня прынялі без праблемаў у Горадні. А апошні раз мы бачыліся ў жніўні. Няма лістоў ад яго ўжо даволі доўга. Таму вельмі складана сказаць, як сябе адчувае Уладзімір цяпер. Апошні ліст ад яго прыйшоў 5 снежня яшчэ з Берасця. Пісаў, што неўзабаве будзе этапаванне. Уладзімір думаў, што накіруюць у Менск. 9 снежня стала вядома, што яго даставілі ў Баранавічы ў СІЗА. А 10:00 яго ўжо этапавалі ў Горадню, з таго часу лістоў ад яго яшчэ не было», – распавядаюць родныя Уладзіміра Гундара.

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

Сваякі вязня кажуць, што пра этапаванне яны даведваюцца выпадкова або праз валанцёраў. Адвакатаў не інфармуюць пра гэта. Зрэшты, адвакаты не могуць распавядаць і пра абвінавачанне. Вядома толькі, што яшчэ тры месяцы таму Уладзімір азнаёміўся са справай, але акалічнасцяў і падрабязнасцяў ніхто са сваякоў не ведае.

Ціск і здзекі за кратамі

Раней Уладзіміра Гундара ўтрымлівалі ў СІЗА ў Берасці. Тут вязня асудзілі паводле арт. 366 КК («Пагроза і непадпарадкаванне міліцыянтам»). Суддзя ў Берасці прызначыў яму 3 гады зняволення. Гэты артыкул Уладзіміру інкрымінавалі пасля ператрусу ў ягоным доме. Нібыта актывіст перашкаджаў сілавікам і пагражаў ім.

«Калі ён трапіў з Менску ў Берасце, з яго проста здзекаваліся. Перакідвалі з карцара ў карцар. Ён жа і галадаванне распачаў на знак пратэсту. Проста спрабавалі зламаць. Ён доўга быў без допытаў, следчых дзеянняў. Але ў пэўны дзень яму паведамілі, што павязуць на допыт у КДБ Берасця, туды ж запрасілі і адваката. У выніку міліцыянты за спінай скулі яму рукі кайданкамі, забралі мыліцы і сказалі, што на загад следчага КДБ ён мусіць дабірацца да аўтамабіля самастойна. Уявіце: без нагі, без мыліцаў, з рукамі за спінай у кайданках. Прычым яму наўпрост сказалі, што гэта быў загад следчага КДБ з Берасця – зрабіць гэтак з ім. Гэта было ў той момант, калі ён абвесціў галадаванне і быў у карцары», – распавядаюць пра катаванні родныя Гундара.

Уладзімір Гундар пасярэдзіне.
Фота: родныя вязня

Не зважаючы на гэта, вязень трымаецца і нават падбадзёрвае родных. У лістах, якія даходзяць вельмі рэдка, Уладзімір піша, што пачуваецца адносна добра. У адным з лістоў прасіў, каб сваякі наведалі доктара і папрасілі замяніць лекі на сэрца. Магчыма, цяперашнія не дапамагаюць. Таксама вядома, што ў яго пагоршыўся зрок. Пра сябе шмат не піша, кажа, што ўсё як звычайна, навінаў мала.

«Уладзімір насамрэч вельмі моцны. Мы нават здзіўляемся. Яшчэ падчас сустрэчы ён выказаў меркаванне, што нічым добрым сітуацыя не завершыцца бліжэйшым часам, што яму давядзецца яшчэ правесці час за кратамі. Магчыма, што доўга. Ён нам сказаў, што не мае спадзяванняў і ружовых акуляраў ды глядзіць рэальна на сітуацыю», – адзначаюць сваякі вязня.

Ліставанне з вязнем адміністрацыя СІЗА моцна абмяжоўвае. З моманту затрымання родныя сустракаліся з Уладзімірам усяго двойчы:

«Уладзімір кажа не перажываць за яго, піша, што ён не вораг свайму здароўю. Ад яго патрабуюць нейкіх прызнанняў, нейкіх словаў, ён гатовы іх агучваць. Але толькі дзеля таго, каб выйсці з-за кратаў жывым. Лісты яму даходзяць толькі ад некаторых родных, болей ніякіх лістоў яму не перадаюць. Час ад часу прыходзяць пустыя паштоўкі ад аднаго чалавека, прычым лістоў ад яго Уладзіміру не перадаюць. Чаму такая блакада, ніхто не разумее. Мы ж у сеціве сустракаем інфармацыю, што і Мікалай Аўтуховіч атрымлівае лісты ад людзей. А чаму з Уладзімірам так робяць, мы не ведаем. Што яны хочуць гэтым прадэманстраваць, невядома».

Hавiны
Родныя вязня Уладзіміра Гундара, які з’яўляецца інвалідам, паведамляюць, што за кратамі яго катуюць
2021.06.30 20:51

Уладзіміру Гундару 61 год. У медыях пішуць, што ён былы вайсковец і служыў у Афганістане. Але родныя вязня кажуць, што гэта памылка. Насамрэч Уладзімір не быў вайскоўцам, але сапраўды знаёмы з Мікалаем Аўтуховічам:

«Ва Уладзіміра хранічная хвароба з 1998 года. У пэўны час пачалося абвастрэнне. У выніку лячэнне не дапамагло: каб яго ўратаваць, дактарам давялося ампутаваць нагу. Пасля аперацыі Уладзімір раз на год мусіць праходзіць лячэнне, ездзіў у шпіталь, дзе яму ставілі кропельніцы адмысловыя. Цяпер, як мяркуе Уладзімір, калі яго накіруюць у калонію, то там зможа прайсці курс лячэння. Мы ўжо скантактаваліся з доктарам, каб распісалі яму праграму лячэння. Адметна, што ў СІЗА катэгарычна адмовіліся яго лекаваць. Калі не сачыць за гэтым, то ёсць пагроза, што можа страціць і другую нагу».

Нягледзячы на інваліднасць, Уладзімір актыўна займаўся грамадскаю дзейнасцю.

«Справа Аўтуховіча»

Старшыня КДБ Іван Церцель распавёў пра затрыманне «тэрарыстаў» на Усебеларускім народным сходзе. У афіцыйным спісе «тэрарыстаў», агучаным у КДБ, – 12 асобаў. Іх лічаць паплечнікамі Аўтуховіча. Сярод іх ёсць двое інвалідаў 2-й групы: Галіна Дзербыш і Уладзімір Гундар. Усім гэтым людзям выставілі абвінавачанне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу – «Акт тэрарызму».

Дзяржаўныя СМІ пазней распавялі, што ў «групе Аўтуховіча» Вольга Маёрава адміністравала сацсеткі, Галіна Дзербыш нібыта «сачыла за аб’ектам», Віктар Снегур праводзіў Аўтуховіча праз беларуска-ўкраінскую мяжу.

«Тэрарыстамі» абвесцілі і сям’ю Разановічаў (у спіс залучаныя Дзмітрый, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы). Любоў Разановіч – былая прадпрымальніца, ейны муж Сяргей – настаяцель храму святога Архангела Міхаіла ў Жабінкаўскім раёне. У доме гэтай сям’і Аўтуховіч жыў некаторы час. Аднак нават у фільме «Тратыл пратэсту» адзначаецца, што «не ўсе з іх ведалі і здагадваліся, што адбываецца», бо Аўтуховіч іх «выкарыстоўваў уцёмную».

Hавiны
Мікалая Аўтуховіча перавялі ў гарадзенскую турму
2021.12.01 16:49

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў