Гарадзенскі музыка Ігар Банцэр прабудзе ў карцары да дня свайго вызвалення


Палітвязень Ігар Банцэр мусіў выйсці з карцару 15 снежня, аднак, як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», яму працягнулі пакаранне на двое содняў – да вызвалення. Выйсці на волю музыка мусіць 17 снежня.

У карцары Ігара Банцэра ўтрымліваюць з 25 лістапада «за розныя парушэнні». Першапачаткова яго адправілі туды на 10 содняў за відэа для «Медыязоны», у якім гарадзенец паказваў умовы ўтрымання на «хіміі», і як яму праз краты перадаюць ежу. Потым яшчэ накідвалі содні, але за што – невядома.

Ціск на палітвязня з боку адміністрацыі «хіміі» – ПУАТ-9 – пачаўся яшчэ летам, пасля таго як ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Агулам са жніўня за ўвесь час віцебскай «хіміі» актывіст прасядзеў у ШІЗА каля 80 содняў.

Артыкулы
«Справа дэфектная». Начальнік віцебскай «хіміі» не можа вылічыць, калі трэба вызваляць Ігара Банцэра
2021.11.25 19:33

Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка 2020 году і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай. Музыка правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 5 месяцаў: яго кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, змяшчалі ў карцар. Падчас суду, каб абараніць свае правы, Банцэр абвесціў сухое галадаванне, якое трымаў без вады і ежы 16 дзён, да вынясення выраку.

19 сакавіка 2021 года музыку асудзілі на 1,5 года «хіміі» і выпусцілі ў залі суда. Адбывае пакаранне Банцэр у ПУАТ-9 у Віцебску.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў