«Салідарнасць»: беларусам пачалі адмаўляць у працягненні віду на жыхарства ў Албаніі


Як мінімум трое беларусаў пацвердзілі тое, што нашым суайчыннікам перасталі працягваць ВНЖ у Албаніі. Пра гэта піша выданне «Салідарнасці» і распавядае гісторыю беларускі, якая некаторы час жыла ў гэтай краіне.

Беларускія пашпарты з візамі. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле выдання, гісторыі адмоваў у працягненні ВНЖ у Албаніі амаль аднолькавыя. Беларусы набывалі там нерухомасць, адкрывалі ў Албаніі бізнес, а потым атрымлівалі не толькі адмову ў просьбе прадоўжыць ВНЖ, а забарону на ўезд у краіну цягам 5 гадоў.

Беларуска Наста (імя змененае), якая жыла ў курортным горадзе Улёра (Vlorа) і адкрала там сваю фірму. Распавядае пра гнуткую і зручную сістэму падаткаабкладання ў Албаніі і пра «досыць прыемных і мілых албанцаў». Але – і пра паўсюдную і непераможную албанскую бюракратыю: «Прыходзіш у міграцыйную паліцыю, каб даведацца, ці гатовае тваё рашэнне па ВНЖ, а табе адказваюць: «Партал не працуе». І не працаваць ён можа паўтара месяца».

ВНЖ беларуска адкрывала «па бізнесе». Яе заяўку разглядалі больш за паўгода. Амаль адразу давялося збіраць дакументы на яго падаўжэнне.

«На падаўжэнне я падалася ў верасні, а адмова мне прыйшла ў чэрвені, праз 8 месяцаў. Увесь гэты час ты жывеш па часовым ВНЖ. Па ім можна нават выехаць з тэрыторыі Албаніі. Але калі да моманту ўезду раптам прыйдзе рашэнне з адмовай, то назад у краіну цябе не ўпусцяць. І не важна, што там у цябе родныя, кватэра, бізнес, рэчы», – распавяла Наста.

Жанчыне паставілі адмову з дэпартацыяй цягам 30 дзён і забаронай на ўезд тэрмінам на 5 гадоў. Прычынай было тое, што ўрад Албаніі нібыта падазраваў беларуску ва ўтойванні інфармацыі ці ў падаванні няправільнай інфармацыі. Дакумент з абгрунтаваннем адмовы ёй на рукі не далі.

«Сітуацыя як у Беларусі. Маем там кватэру, але не можам прыехаць, каб прадаць»

Рашэнне можна было абскардзіць у судзе, але, па словах Насты, гэта бессэнсоўна.

«Судзіцца тут можна да бясконцасці, праўда, увесь гэты час можна легальна знаходзіцца на тэрыторыі краіны і нават працаваць», – адзначае Наста.

Яна кажа, што ёй вядома пра восем выпадкаў адмовы менавіта беларусам і толькі ва Ўлёры. Прычыны, па якіх беларусам і расейцам сталі масава адмаўляць у прадаўжэнні ВНЖ, афіцыйна не абвяшчаюцца. Наста не выключае, што – з прычыны звычайнага невуцтва: беларусаў у Албаніі проста прыраўноўваюць да расейцаў. Кажа, што звычайныя албанцы, ды і чыноўнікі, ўвогуле нічога не ведаюць ні пра нашу краіну, ні пра апошнія падзеі.

Кватэру, якую жанчына купіла ў Албаніі, яна цяпер здае чужым людзям.

«Цяпер у нас практычна сітуацыя як у Беларусі. Там таксама мы маем кватэру, але не можам прыехаць, каб яе прадаць», – кажа Наста.

Яе высновы такія: у Албаніі можна мець нерухомасць, прыязджаць туды адпачываць і здаваць яе ў арэнду. І ўсё будзе добра, але роўна да таго моманту, пакуль чалавек не вырашыць легалізавацца ў Албаніі.

Разбор
Беларусам прапануюць легалізацыю ў Польшчы за вялікія грошы. ЦБС падазрае махлярства, фірма адказала
2023.11.10 20:12

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў