«Злачынная вайна Пуціна наўпрост закранула Польшчу». Польскі журналіст выказаўся пра падзенне ракетаў


Польскі журналіст Вацлаў Радзівіновіч 16 лістапада ў ранішнім эфіры «Вот Так» заклікаў да асцярожнасці ў ацэнках выбухаў у Люблінскім ваяводстве Польшчы.

«Робіцца зразумелым, што гэта не была мэтанакіраваная атака на польскую тэрыторыю», – адзначыў журналіст.

Аднак, паводле яго, «гэта [рэакцыя польскіх уладаў. – Рэд. Belsat.eu] толькі пачатак».

«Як бы ні глядзець, чыя б гэта ні была ракета, хто б ні быў вінаваты, у якіх бы ўмовах гэта ні адбылося, усё-такі гэта значыць, што злачынная вайна Пуціна наўпрост закранула Польшчу. Забіла яе грамадзянаў на яе тэрыторыі. Гэта вельмі небяспечная і вельмі сур’ёзная сітуацыя», – заявіў Вацлаў Радзівіновіч (Wacław Radziwinowicz).

Журналіст заклікаў дачакацца моманту, калі будзе дакладна вядома, што за ракета ўпала, якой была ейная траекторыя і што насамрэч адбылося.

Вацлаў Радзівіновіч мяркуе, што панікі ў польскім грамадстве на гэты момант няма, але «жах вайны ў Польшчы ўжо ёсць з 24 лютага». Цяпер Польшча стала «сапраўднай прыфрантавой краінай».

«Яшчэ не вайна, але мы ўжо прыфрантавая краіна з усімі вельмі кепскімі з’явамі, якія з гэтага выцякаюць», – падкрэсліў журналіст.

Hавiны
Польшча павысіла боегатовасць асобных войскаў праз выбух на мяжы з Украінай
2022.11.16 00:46

Днём 15 лістапада на польска-ўкраінскай мяжы здарыўся выбух, у выніку якога загінулі два чалавекі. Дакладная прычына выбуху невядомая, аднак мясцовыя жыхары кажуць пра ракеты. Польшча склікала тэрміновае паседжанне Рады бяспекі, склікае Раду Міністраў, але выказваецца максімальна асцярожна.

Па выніках нарады афіцыйны прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер сказаў: вядома, што быў выбух і што загінулі два чалавекі. Мюлер дадаў, што кожнае паведамленне ў цяперашніх умовах вымагае вялікай асцярожнасці, таму Польшча не робіць заўчасных высноваў. На месцы экстраныя службы высвятляюць акалічнасці.

У сувязі з сітуацыяй Польшча павышае боегатовасць некаторых вайсковых адзінак і гатовасць іншых службаў, паінфармаваў Мюлер.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў