Джо Байдэн: Выбух у Польшчы выклікала ракета ўкраінскай сістэмы СПА


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў партнёрам па G7 і NATO, што выбух ракеты ва ўсходняй Польшчы быў выкліканы ракетай з украінскай сістэмы СПА. Пра гэта агенцтву «Reuters» паведаміла крыніца ў NATO.

Наступствы «прылёту» ракет па тэрыторыі Польшчы.
Фота: wolski_jaros/Twitter

Джо Байдэн падкрэсліў, што Злучаныя Штаты і краіны NATO правядуць поўнае расследаванне, перш чым дзейнічаць.

Раней Байдэн заявіў лідарам краінаў, якія цяпер на саміце G20 на Балі, што ракеты, якія ўдарылі па тэрыторыі Польшчы, наўрад ці вылецелі з боку РФ. На пытанне, ці была ракета выпушчаная з Расеі, Джо Байдэн адказаў: «Ёсць папярэдняя інфармацыя, якая аспрэчвае тое, што ракету выпусцілі з Расеі. Я не хачу казаць пра гэта, пакуль мы не правядзём поўнага расследавання. Але, мяркуючы з траекторыі, малаверагодна, што яна была выпушчаная з Расеі, але пабачым».

Агенцтва «Associated Press» са спасылкаю на чыноўнікаў ЗША паведамляла, што па Польшчы, магчыма, ударыла ракета ўкраінскай СПА, якая павінна была збіць расейскую ракету.

«Трое афіцыйных асобаў ЗША заявілі, што, паводле папярэдніх ацэнак, ракета была выпушчаная ўкраінскімі войскамі па расейскай ракеце, што набліжалася, падчас скрышальнага залпу па электраінфраструктуры Украіны ў аўторак. Чыноўнікі гаварылі на ўмовах ананімнасці, бо яны не ўпаўнаважаны абмяркоўваць гэтага пытання публічна», – паведаміла агенцтва.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама заявіў, што няма дакладных доказаў таго, хто выпусціў ракету, якая ўпала на ўсходзе краіны, паведамляе «Reuters». Польшча ўжо запрасіла міжнародных экспертаў для расследавання выбухаў.

Расейскае Мінабароны сцвярджае, што ракета, чые абломкі ўпалі ў Польшчы, належала ўкраінскай сістэме СПА С-300.

Hавiны
Расея абстраляла Украіну – зачапіла Вугоршыну, Малдову і Польшчу. А чаго дасягнула?
2022.11.16 13:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў