«Белсат» падводзіць вынікі 16 лістапада – 463-га дня сацыяльнага і палітычнага крызісу, які пачаўся ў краіне пасля выбараў прэзідэнта Беларусі.
Сітуацыя на мяжы Беларусі ды Польшчы рэзка абвастрылася апоўдні 16 лістапада. Мігранты закідвалі польскіх памежнікаў і паліцыянтаў камянямі і святлошумавымі гранатамі, тыя адказалі вадамётамі, а беларускія сілавікі не спынялі беспарадкі. Праз тры гадзіны «штурму» мігранты сышлі на месца старога лагера ў лесе. Польскі бок заяўляе, што атаку каардынавалі беларускія сілавікі. Беларуская дзяржаўная тэлевізія вяла жывую трансляцыю беспарадкаў.
Пасля абеду ў папулярным арабскамоўным Telegram-канале пра беларуска-польскую мяжу з’явіліся паведамленні па-расейску: шлюць праклёны Беларусі і яе войска, вінавацяць вайскоўцаў у катаваннях мігрантаў, выштурхванні мігрантаў на мяжу гвалтам, называюць сілавікоў «наймітамі і мафіяй», а таксама заяўляюць, што «беларускія медыі на 90 % хлуслівыя».
Каля 200 іракцаў, якія прыбылі ў Беларусь для пераходу мяжы з Еўрапейскім Звязам, звярнуліся ў амбасаду Іраку ў Расеі з просьбай вярнуць іх на радзіму.
Палітычная лідарка Святлана Ціханоўская пракаментавала тэлефонную размову, што адбылася 15 лістапада паміж выканаўцай абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелай Мэркель і Аляксандрам Лукашэнкам.
«Учора Еўропа на Савеце замежных справаў ЕЗ пацвердзіла адзінства з беларусамі: усе 27 міністраў пагадзіліся, што рэжым трэба спыніць. Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце і з прадстаўнікамі Вялікай Брытаніі, Канады і ЗША. І я ведаю, што званок Мэркель не быў запрашэннем ад ЕС да дыялогу. Бо ўрад Нямеччыны працягвае падтрымліваць пяты і распрацоўваць шосты пакет санкцыяў супраць рэжыму. Таму яго спроба схаваць палітычную ізаляцыю за гэтым званком – гэта не перавернутая старонка. Гэта вырваная старонка з дзённіка двоечніка, які хоча схаваць свой правал», – заявіла Ціханоўская.
Размова Ангелы Мэркель з Аляксандрам Лукашэнкам стала яго прызнаннем. Пра гэта заявіў нямецкі палітык ад партыі «Зялёныя», якая мае ўвайсці ў новую кіроўную кааліцыю, Амід Нурыпур.
Палітык назваў тэлефонную размову «разбуральным сігналам». Ён зазначыў, што Еўразвяз не прызнае пераабрання Лукашэнкі ў 2020 годзе. Аднак сваім тэлефонным званком Мэркель дэ-факта прызнала яго, піша faz.de.
Нурыпур сказаў, што Еўразвяз не павінен дазволіць Лукашэнку шантажаваць сябе, але таксама заклікаў надаць гуманітарную дапамогу бежанцам, якія захраслі ў памежнай зоне.
Тым часам Літоўскі прэзідэнт выказаўся за размову з Лукашэнкам. Гітанас Наўседа лічыць магчымым вырашыць міграцыйны крызіс на мяжы ЕЗ праз дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам. Такую думку ён выказаў у інтэрв’ю BBC.
«Думаю, што ёсць магчымасць вырашыць крызіс, звярнуўшыся і да спадара Лукашэнкі, як толькі што гэта зрабіла Ангела Мэркель. Мы павінны гаварыць з чалавекам, які адказвае за тое, што адбываецца на мяжы»
Сёння 36-гадовага Дзмітрыя Скрэтуцкага прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), паведамляе «Вясна».
Вырак у судзе Маладзечна выносіла Іна Каханоўская.
Былы міліцыянт, а цяпер прадпрымальнік Скрэтуцкі быў затрыманы 4 жніўня 2021 года. З 12 жніўня па 12 кастрычніка 2020 года ён нібыта «заклікаў да ўдзелу ў незаконных масавых дзеяннях грамадска-палітычнага характара ў тэлеграм-каналах». Таксама мужчына, паводле абвінавачвання, сцвярджаў, што можа распазнаць міліцыянтаў, калі яму будуць дасылаць фотаздымкі.
МГМ, belsat.eu