Няцяжка ўявіць, што калі Польшча пабудуе сцяну на мяжы з Беларуссю, частка мігрантаў рушыць праз беларуска-ўкраінскую мяжу, а затым праз Украіну зноў у Еўропу. Аднак насамрэч гэта задача не з лёгкіх, і таму Украіна пакуль у бяспецы, кажа ў інтэрв’ю «Белсату» Ігар Тышкевіч, эксперт па палітыцы бяспекі з Украінскага інстытуту будучыні.
– Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы яшчэ не дасягнуў свайго піку. Польшча мае намер пабудаваць сцяну на мяжы. Ці расце ва Украіне занепакоенасць тым, што прынамсі частка мігрантаў паспрабуе выехаць з Беларусі на поўдзень, а затым паспрабуе прабрацца праз украінскія межы ў краіны ЕЗ: Румынію, Венгрыю, Славакію і Польшчу?
– Незаконны рух праз мяжу ствараўся і ствараецца арганізаванымі злачыннымі групоўкамі. Кантрабанда людзей з Беларусі ў Польшчу ці Літву працягваецца гадамі і кіруецца шматнацыянальнымі групамі кантрабандыстаў. Сярод іх палякі, беларусы, літоўцы і грамадзяне розных краінаў ЕЗ.
У цяперашні час незаконная міграцыя абвастраецца па палітычных прычынах і ў выніку дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі.
І ўсё ж кантрабанда, якой бы яна ні была, масавай ці больш індывідуальнай, кіруецца пэўнымі эканамічнымі рэаліямі. І тут узнікае важны аспект выдаткаў на перанакіраванне руху з Беларусі ва Украіну і далей у краіны ЕЗ. Такі новы «трафік» істотна, у некалькі разоў павялічыць кошты паездкі. Гэта пытанне аплаты транспарту, кантрабандных паслугащ, хабару і г. д. Вядома, людзі, якія прыбываюць у Беларусь у цяперашні час, не гатовыя да такога ўзросту выдаткаў. У іх пэўныя, вызначаныя бюджэты.
– Наступныя мігранты могуць павялічыць бюджэт на паездкі…
– Могуць, хоць іх рэсурсы абмежаваныя. Каб здабыць тыя некалькі тысячаў долараў, яны прадаюць дамы і ўсю маёмасць. Варта таксама зірнуць на палітычны аспект Блізкага Усходу. У выпадку з Іракам там былі выбары і жорсткая канкурэнцыя паміж курдскімі і іракска-курдскімі партыямі. Былі спробы палітыкаў з Багдаду даказаць, што ў Курдыстане настолькі кепска, што курдам даводзіцца ўцякаць у Еўропу; аднак там іх ніхто не чакае, а курдскія ўлады не могуць ім дапамагчы.
Гэта была гульня ўнутры Іраку, якую выкарыстаў Лукашэнка. Калі сітуацыя пасля выбараў уляжацца, міграцыя з Іраку і Іракскага Курдыстана зменшыцца.
Яшчэ адзін фактар, які робіць маршрут праз Украіну менш прыбытковым, – гэта псіхалагічны аспект.
У Беларусі мігранты пасля трохгадзіннай дарогі ад Менску апынаюцца літаральна за крок ад ЕЗ.
Калі б яны ведалі, што ім трэба перасячы яшчэ мяжу з Украінай, пасля зноў блукаць, затым фарсіраваць чарговую мяжу паміж Украінай і ЕЗ, гэта паўплывала б на іх уяўленне. Нават у людзей са слабымі ведамі геаграфіі гэта выклікае сумневы.
– Значыць, Украіна адчувае сябе ў бяспецы, хоць яе агульная мяжа з Беларуссю налічвае больш за 1000 кіламетраў?
– Паглядзіце на мапу. Значная частка гэтай мяжы праходзіць праз балоты і мясцовасць, што лічыцца цяжкай нават для дасведчаных леснікоў. Туды можна зайсці, знікнуць, і археолагі раскапаюць рэшткі, магчыма, праз пяцьсот гадоў! Толькі некаторыя ўчасткі, напрыклад, у Чарнобыльскай зоне ці на Валыні, праходзяць праз адносна сухія раёны, якія можна перайсці, выкарыстоўваючы добрыя карты і даведнікі.
Гэта сапраўды нашмат больш цяжкі для пераходу раён, чым нават складаная польска-беларуская мяжа.
– А як выглядае бяспека ўкраінскай мяжы з поўначы?
– Дэмаркацыя гэтай мяжы была завершаная ўсяго год таму! Гэта адна з самых маладых памежных ліній у Еўропе. Толькі некалькі ўчасткаў маюць рэальную памежную інфраструктуру. Значная частка мяжы ахоўваецца патрулямі памежнай службы. Беларусы выкарыстоўваюць беспілотныя лятальныя апараты для назірання ў большых маштабах, чым украінцы. Згодна з дэкларацыямі ўкраінскіх уладаў, на мяжы трэба пабудаваць агароджу або сцяну. Сістэма бяспекі на суму больш за 600 мільёнаў долараў павінна з’явіцца на мяжы з Расеяй і Беларуссю.
Гэта таксама мяжа, якой амаль не існуе ў свядомасці мясцовага памежнага насельніцтва – жыхары памежжа свабодна перамяшчаюцца з аднаго боку на іншы, напрыклад, збіраючы грыбы ці ягады ў лесе. У іх ёсць спецыяльныя карты «памежнага руху». Калі на палітычным узроўні адносіны паміж Кіевам і Менскам пагаршаюцца і ствараецца ўражанне, што ў нас сур’ёзны канфлікт, які становіцца нейкай функцыяй нашага канфлікту з Расеяй, на ўзроўні трансгранічнага супрацоўніцтва пакуль усё дзейнічае без сурʼёзных праблем.
– Напэўна, не заўсёды, бо год таму была сур’ёзная сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы з больш чым тысячай габрэяў, якія раптам апынуліся на нічыйнай зямлі паміж памежнымі лініямі…
– Тая сітуацыя была чымсьці іншым, чым цяпер на польскай мяжы. Хасіды з Ізраілю і ЗША хацелі трапіць ва ўкраінскую Умань на святкаванне Рош ха-Шаны, свайго Новага года. Проста тады Украіна закрылася для свету з-за пандэміі каронавіруса. Хасіды прыляцелі ў Менск і спрабавалі трапіць ва Украіну па сушы. Але паводле беларускіх правілаў, калі яны выехалі з Беларусі не самалётам з аэрапорту Менск, то не маглі вярнуцца.
І такім чынам яны апынуліся на «нічыйнай зямлі». Вядома, было шмат зласлівасці з боку Менску і спробаў проста зарабіць на хасідах – напрыклад, прасоўваннем новых кірункаў для іх паломніцтваў у Бабруйску і іншых гарадах Беларусі. Тая сітуацыя датычылася і памежнага пераходу, а не г.зв зялёнай мяжы. Ва ўсякім выпадку, патрапіць з Беларусі ва Украіну – гэта толькі частка шляху ў Еўропу.
– Таму што ўсё роўна трэба ехаць з Украіны ў Польшчу, Славакію, Румынію ці Венгрыю?
– Украінскія межы з краінамі ЕЗ робяцца ўсё больш надзейнымі. Так, ёсць праблемы, звязаныя з карупцыяй або дзейнасцю злачынных груповак, але польскія або іншыя памежнікі ЕЗ супрацоўнічаюць з украінскімі памежнікамі. Кантрабанда людзей і незаконныя парушэнні адбываюцца ўвесь час. Гэта мігранты з В’етнаму або Пакістану, якія едуць непасрэдна ва Украіну, і ўжо пасля ў Польшчу або Славакію. Толькі гэта адбываецца ў непараўнальна меншых маштабах, чым на польска-беларускай мяжы.
Супрацоўніцтва нашых памежнікаў – гэта зусім іншы стандарт, чым тое, што палякі і літоўцы ведаюць са сваіх адносінаў з беларусамі. Там адбываецца супрацьстаянне.
– Як доўга працягнецца гэтае супрацьстаянне?
– На мой погляд, у пачатку наступнага года крызіс пачне супакойвацца. Лукашэнка пакуль нічога не дасягнуў. У яго таксама ёсць унутрыпалітычныя мэты. Ён хоча ўмацаваць сваю ўладу і адначасова мець спакой з боку Захаду. Таму я думаю, што пасля канстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі, зімой 2022 года, крызіс на мяжы супакоіцца. Сітуацыя на Блізкім Усходзе і інфармацыя аб цяжкасцях пры перасячэнні беларуска-польскай мяжы, якая таксама туды даходзіць, таксама зробяць сваю справу.
Я не магу сабе ўявіць, што мігранты б выбралі сутыкнуцца з яшчэ большымі цяжкасцямі, калі б наважыліся ехаць праз Украіну.
Міхал Кацэвіч belsat.eu