На беларускіх прадпрыемствах разгортваюцца дадатковыя вытворчасці медыцынскага кіслароду


Галоўнае беларускае прадпрыемства па вырабе кіслароду ААТ «Крыён» працуе ва ўмовах 100% загрузкі. Дадатковую вытворчасць распачалі амаль ва ўсіх абласцях краіны на іншых буйных прадпрыемствах, паведамляе Zerkalo.io са спасылкай на тэлеканал «Беларусь 1».

ААТ «Крыён» штосодні вырабляе 200 тон медыцынскага кіслароду і ўсё гэта адгружае лякарням. Гэта 100% магутнасці прадпрыемства, распавёў у эфіры «Беларусь 1» Андрэй Міткалёў, які выконвае абавязкі дырэктару «Крыёну».

«СветлагорскХімвалакно», «Горадня-Азот», «Нафтан» разгарнулі дадатковую вытворчасць медыцынскага кіслароду.

«Разгортванне дадатковых магутнасцяў дазваляе вызваляць нашыя асноўныя магутнасці», – зазначыў Андрэй Міткалёў.

ААТ «Крыён» спыніў выраб кіслароду для тэхнічных мэтаў – цяпер яго пастаўляе дачэрняе прадпрыемства Беларускага металургічнага заводу.

Таксама ў эфіры «Беларусь 1» выступіў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, які распавёў, што траціна ложкаў у беларускіх лякарнях – 32 тысячы – перапрафіляваная для хворых на каронавірусную інфекцыю. З гэтых ложкаў 2500 на сённяшні дзень не занятыя.

Піневіч зазначыў, што ў Беларусі 2800 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Колькі з іх задзейнічана, міністр не ўдакладніў.

Па стане на 16 кастрычніка, згодна з дадзенымі Мінздароўя, у Беларусі на лячэнні ад COVID-19 знаходзяцца 22 548 чалавек. Гэта на 186,87% больш, чым месяц таму, калі хварэлі 7860 чалавек. Стацыянары ў лякарнях па ўсёй краіне перапрафілююцца для лячэння хворых на ковід.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў