«Хацелася б свята, але боль ад тэмы фільму не праходзіць». Андрэй Куціла – пра перамогу на кінафестывалі


Дакументальная стужка рэжысёра Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць», знятая пры падтрымцы «Белсату», перамагла на Варшаўскім кінафестывалі. Фільм прысвечаны ролі жанчын у беларускіх пратэстах.

Кадр з фільму Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць».
Фота: Reform.by

Андрэй Куціла ў першым пасля навіны пра перамогу каментары «Белсату» зазначыў, што ягоныя пачуцці з нагоды такой высокай адзнакі фільму – змяшаныя.

– З аднаго боку гэта цешыць, бо гэта мая аўтарская праца, а з іншага – боль ад тэмы не праходзіць. І таму хацелася б свята, але яго няма, – кажа Андрэй Куціла.

Самае каштоўнае ў перамозе, паводле рэжысёра, што яна прыцягне дадатковую ўвагу да фільму, а значыць – і да тэмы беларускіх пратэстаў:

– Цешуся, што дзякуючы ўзнагародзе, фільм будзе яшчэ недзе паказаны і такім чынам будзе захоўвацца ўвага да тэматыкі. То бок павестка будзе трымацца на іншых фестывальных пляцоўках. А асабістыя мае адчуванні як аўтара, рэжысёра вельмі складаныя. Я дагэтуль не магу іх усвядоміць у дадзены момант.

У 2020 годзе ў Андрэя Куцілы выйшаў іншы фільм пра беларускія пратэсты – «Муры». У той стужцы рэжысёр паказаў першыя паслявыбарчыя дні. Яна здымалася пад мурамі Акрэсціна, дзе беларусы шукалі сваіх затрыманых блізкіх.

Працягнуць тэму пратэстаў Куціла вырашыў з-за сваёй сястры, распавядаў ён у эфіры «Студыі Белсат».

«Мая сястра трапіла за сцены Акрэсціна. Гэта ўжо датычыла і маёй сям’і, перарасло ў асабістую гісторыю. Я працягнуў здымаць. Не думаў пра паўнаметражны фільм, тым больш не думаў, што ён кудысьці трапіць. Я падумаў, што гэта будзе нашым сямейным архівам, нашай хронікай. Гісторыя пайшла далей. Адбілася на ўсёй сям’і, на адносінах з дзецьмі, з сабой. Я пачаў знаёміцца з іншымі сем’ямі і зразумеў, што гэта можа перарасці ў фільм. Пачаў ездзіць у шпіталі, размаўляць, здымаць. У пэўны момант зразумеў, што мая камера затрымліваецца на тварах жанчын».

Андрэй Куціла.
Фота: Reform.by

Так увага дакументаліста засяродзілася на жанчынах і іх ролі ў беларускіх пратэстах, нарадзілася назва «Калі кветкі не маўчаць».

«Жанчыны былі першыя, хто пасля такой хвалі гвалту, збіцця, абудзілі ўладу і астатніх людзей, – кажа Куціла. – Яны сваімі дзеяннямі сказалі, што трэба ісці далей, супраціўляцца, хаця б мірным шляхам. Мяне гэта вельмі моцна ўразіла. Фільм, вядома, не толькі пра жанчын – больш пра іх сем’і, увогуле пра людзей, якія не змаглі ў пэўны момант маўчаць. Але ж той момант быў вырашальным, і ён задаў настрой карціне. Таму і ўзнікла назва фільму «Калі кветкі не маўчаць». Доўга думаў над назвай насамрэч, і мне падалося, што гэта добрае рашэнне: жанчыны і кветкі, кветкі, якія не маўчаць».

Таксама Андрэй Куціла падзяліўся думкай, што «Калі кветкі не маўчаць» стаў самым цяжкім праектам у ягоным жыцці – упершыню за доўгі час працы ў дакументалістыцы рэжысёр не змог заставацца халодным і безуважлівым да тэмы:

«Гэта быў самы цяжкі праект для мяне. Ты мусіш стрымліваць слёзы, калі здымаеш пад сценамі Акрэсціна, калі глядзіш на людзей у шпіталі. Вельмі цяжка, але не толькі тым, хто там, не толькі тым, хто ўдзельнічае і назірае. Я зразумеў, што гэтая траўма можа быць больш у людзей, якія ніколі на пратэсты не прыязджалі. Гэта агульная траўма, з якой нам прыйдзецца жыць і спраўляцца».

Андрэй Куціла з узнагародамі «Лістападу-2019».
Фота: Андрэй Куціла/Facebook

Андрэй Куціла – беларускі рэжысёр дакументальнага кіно, сцэнарыст. Нарадзіўся 3 ліпеня 1983 году ў Баранавічах.

Першае сваё кіно зьняў яшчэ ў школе. З 2002 па 2007 вучыўся на журфаку БДУ па спецыяльнасці міжнародная журналістыка. Ва ўніверсітэце кіраваў відэастудыяй пры Студэнцкім гарадку. Там пачаў здымаць свае першыя дакументальныя фільмы.

З 2007 па 2009 гады вучыўся ў Беларускай акадэміі мастацтваў у майстэрні Аляксандра Карпава малодшага.

Андрэй зняў больш за 10 дакументальных стужак, якія мелі прэм’еры і ўзнагароды на прэстыжных кінафестывалях такіх як International Documentary Film Festival Amsterdam – IDFA (Netherlands, Amsterdam), International Leipzig Festival for Documentary and Animated Film – DOK Leipzig (Germany, Leipzig), Krakow Film Festival (Poland, Krakow), International Documentary Film Festival – Document (United Kingdom, Glasgow), European Film Festival for Documentaries – dokumentART (Germany, Neubrandenburg) ды іншых.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў