Беларускім футбалістам паабяцалі абрэзаць заробкі. Чаму так – і да чаго гэта прывядзе?


Намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футболу Міхаіл Ботнікаў парэкамендаваў кіраўнікам беларускіх футбольным клубаў перагледзець умовы аплаты, каб аптымізаваць фінансавыя сродкі. Фактычна гэта значыць, што гульцам трэба панізіць заробкі. Вось толькі зрабіць гэта будзе не так проста, як парэкамендаваць.

Фактычна за паўтара месяца да канца сезону бюджэты ўсіх клубаў ужо сфармаваныя, кантракты падпісаныя, гэты сігнал – на наступны год. Клубам кажуць, што «мядовыя гады» скончыліся і даходы футбалістаў будуць зніжацца. Можна чакаць, што адзін па адным футбольныя клубы пачнуць знікаць. І такая тэндэнцыя была ўжо сёлета. На пачатку сезону была расфармаваная «Гарадзея», а летам знік «Спадарожнік» з Рэчыцы. Пры гэтым клуб пачынаў выступ у элітным дывізіёне пад асабістыя гарантыі кіраўніка федэрацыі футболу Уладзіміра Базанава. Перад закрыццём футбалістам прапанавалі падпісаць праўладны ліст, маўляў, гэта дапаможа выратаваць сітуацыю. Падпісалі ўсе – але не дапамагло, каманда таксама была расфармаваная.

Матч зборнай Беларусі па футболу.
Фота: pressball.by

– Футбол Беларусі імкліва набліжаецца да аматарскага. Гэта вынік кіравання Базанава і ўсяго кіраўніцтва БФФ за апошнія гады. Нам усім потым яшчэ доўга прыйдзецца выпраўляць памылкі спартовых чыноўнікаў эпохі позняга лукашызму, – кажа ў размове з «Белсатам» выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Большасць футбалістаў мінулым летам зрабілі выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца, цяпер яны адчуюць кошт гэтага маўчання на сваіх кішэнях.

– На спорт ужо не стае грошаў. Разам з эканамічным абвалам нам прыйдзецца перажыць і значны заняпад айчыннага спорту, літаральна як у 90-х. Мы ўжо амаль наблізіліся да гэтага стану ў выніках. Але гэта заканамерны этап. Так сканчаюцца ўсе дыктатуры і іх праекты, – лічыць Аляксандр Апейкін.

На пачатку гэтага года футбалістам ужо паніжалі заробкі. 22 студзеня выканкам БФФ зацвердзіў столь заробкаў для найвышэйшае лігі. Паводле дзейных правілаў, заробак гульца не можа быць вышэйшым як 15 тысяч рублёў за месяц, а заробкавы фонд у цэлым – большым як 150 тысяч рублёў за той жа перыяд. Але ёсць шэраг механізмаў, як гэта абысці.

Адзін са спосабаў легальна зарабіць – удалы выступ у еўракубках. Напрыклад, толькі траплянне ў групу Лігі Еўропы, а тым больш у Лігу чэмпіёнаў, можа цалкам фінансава забяспечыць каманду на наступны сезон. Добры прыклад – малдаўскі «Шэрыф», трэнаваны звольненым з «Шахцёра» Юрыем Вернідубам. Толькі ўсе беларускія клубы такую магчымасць упусцілі пасля летніх паразаў на міжнароднай арэне.

Крумкачы, спортивная солидарность
Гульня «Крумкачаў» супраць каманды «Дынама-Менск». Два футбалісты каманды «Крумкачы» былі затрыманыя падчас пратэстаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Можна спрабаваць прадаваць гульцоў, але футбалістаў з беларускага чэмпіянату, за рэдкім выключэннем, высока не цэняць.

У беларускім футболе лідар у заробках – салігорскі «Шахцёр», які бескантрольна траціць тысячы долараў на спорт.

Паводле інфармацыі з розных крыніцаў, гэтаю зімою «Шахцёр» траціў на набыццё новых гульцоў 1,1–1,5 мільёна еўраў. Гэтак, за гамбійца Дэмба Дарбо заплацілі ад 600 тысячаў да 1 мільёна еўраў (гэта рэкордны трансфер у гісторыі салігорскага клубу). Іншы афрыканскі гулец, Эзэ Вінсэнт, каштаваў 300 тысяч еўраў, у 150 тысяч долараў абышоўся ўзбек Шахзод Убайдулаеў, а албанца Валёна Ахмэдзі набылі за 100 тысяч долараў. Іншыя гульцы, як, напрыклад, былыя лідары барысаўскага БАТЭ Ягор Філіпенка ды Ігар Стасевіч, прыйшлі ў «Шахцёр» бясплатна, але з разлікам на вельмі высокія заробкі.

БАТЭ доўгі час жыў акурат дзякуючы ўдаламу выступу ў еўракубках, цяпер жа каманда мае праблемы з фінансамі, і калі іх найбліжэйшым часам не развязаць, пра славутую гісторыю можна будзе забыць, а магчымасцяў знайсці грошы будзе яшчэ меней. А значыць, Барысаў будуць пакідаць як найлепшыя беларускія футбалісты (што ўжо адбылося са Стасевічам, Філіпенкам і Скавышам), так і добрыя легіянеры.

Менскае «Дынама» доўгі час фінансаваў Юрый Чыж, але потым ён прыйшоў у няміласць асабіста ў Лукашэнкі, бізнесмена пасадзілі, а клуб забралі. Цяпер ён належыць БФСА «Дынама», фактычна міліцэйскай структуры. І хаця сілавікам у нашай краіне ўсё можна, у «Дынама» ужо гэтым летам паўсталі праблемы з выплатаю заробкаў. Таму каманду пакінуў галоўны трэнер Леанід Кучук, які заявіў, што не можа ў такіх фінансавых варунках развязваць сур’ёзных задачаў.

Праблемы з грашыма маюць і прыватныя клубы (іх у Беларусі можна пералічыць на пальцах адной рукі), напрыклад, «Рух». Яго ўладальнік – «гаманец» Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў – тры месяцы не плаціў футбалістам заробкаў. І невядома, ці захоча бізнесмен пад санкцыямі далей укладацца ў футбол. Дарэчы, ва ўсіх беларускіх клубах мусяць задумацца, што рабіць з санкцыямі, і як у гэтых умовах фінансаваць спорт.

Футбалісты «Менску».
Фота: fcminsk.by

Мне падаецца, тэма заробкаў футбалістаў у Беларусі – гэта ўсё наступствы вераснёўскага візіту Аляксандра Лукашэнкі на адкрыццё дзіцячага цэнтру футбольнага клубу «Дынама» (Менск), калі з ягоных вуснаў гучала шмат крытыкі, дый увогуле беларускі футбол быў названы «убоствам». Ужо тады чыноўнікам з федэрацыі футболу разам з міністрам спорту прыйшлося апраўдвацца не толькі за вынікі гульняў беларускіх зборных на міжнародных спаборніцтвах, якія за гэты час сталі яшчэ горшымі. Лукашэнка звінаваціў футбольных функцыянераў, што 70 % грошай ідзе на заробкі гульцам, і палічыў гэта недапушчальным. Таму, ведаючы асобаў, якія кіруюць беларускім футболам цяпер, можна было не сумнявацца, што яны пачнуць рабіць нейкія дэкларатыўныя захады, каб, так бы мовіць, «стабілізаваць становішча». Але былі спадзевы, што гэта зробяць шляхам нейкіх кулуарных дамоваў з футбольнымі клубамі. Як бачым, адбылося інакш: рэкамендацыя знізіць заробкі гульцам прагучала афіцыйна і цяпер гэты працэс будуць адсочваць – кажа ў размове з «Белсатам» наш эксперт, журналіст, які даўно піша пра беларускі футбол.

Ён упэўнены, што нас чакае далейшае падзенне ўзроўню нацыянальнага чэмпіянату. Наўрад ці сюды змогуць запрасіць якасных легіянераў, а беларускія футбалісты, да якіх будзе хоць якая цікавасць ад замежных клубаў, хутчэй за ўсё, захочуць працягнуць сваю кар’еру ў іншых краінах.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў