Прасоўванні ЗСУ на поўдні і ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 570-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Танкі 53-й асобнай механізаванай брыгады імя князя Уладзіміра Манамаха.
Фота: Міністерство оборони України/Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра паляпшэнне становішча на купянскім кірунку, аднак пры гэтым у ведамстве не ўдакладнілі канкрэтныя месцы зменаў на лініі фронту.

Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінскі бок цягам апошніх содняў контратакаваў на паўночным усходзе краіны, але паўсюль войскі РФ утрымалі свае пазіцыі.

На ліманскім кірунку большай актыўнасцю адзначаюцца Збройныя сілы Украіны, якія цягам содняў здзейснілі 13 атак на пазіцыі праціўніка на так званым торскім выступе і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на поўначы ад Бахмуту расейцы атакавалі каля населеных пунктаў Ягаднае і Багданаўка, але ўсе атакі былі адбітыя сіламі абароны краіны.

Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» піша, што ўкраінцы таксама адзначыліся атакай пры дапамозе цяжкай бранятэхнікі на паўночным захадзе ад гораду, але поспеху не дасягнулі.

На поўдні ад райцэнтру наступаюць украінскія вайскоўцы. Генштаб ЗСУ фіксуе поспех сваіх вайскоўцаў у Клішчэеўцы.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў паведамляе пра контратаку войскаў РФ у паўночна-ўсходняй частцы сяла.

Праўкраінскі «Бахмутський Демон» сцвярджае, што спроба расейцаў вярнуць раней страчаныя пазіцыі была няўдалай, і цяпер яны ў асноўным засяродзіліся на нанясенні артылерыйскіх удараў. Зачыстка Клішчэеўкі працягваецца.

Таксама на поўдні ад Бахмуту Збройныя сілы Украіны атакуюць каля населеных пунктаў Андрэеўка і Курдзюмаўка.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Генштаб ЗСУ піша пра захаванне ініцыятывы за сваімі вайскоўцамі ў ваколіцах Данецку.

Разам з тым крыніца адзначае, што войскі РФ не спыняюць спробаў узяць пад свой кантроль Мар’інку. Цягам содняў у ваколіцах населенага пункту было адбіта 13 атак расейцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Міністерство оборони України/Facebook

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

У ваколіцах населеных пунктаў Новамаёрскае і Новаданецкае цягам апошніх содняў назіраецца зацішша.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» гаворыць, што ЗСУ не праводзілі атак, а таксама звялі да мінімуму колькасць удараў артылерыі.

Паміж Новаданецкім і Ураджайным крыніца фіксуе выяўленне некалькіх групаў вайскоўцаў ЗСУ, якія ў выніку былі рассеяныя ўдарамі артылерыі і мінамётаў.

На самім урэмеўскім выступе, паводле асобных паведамленняў, Узброеныя сілы РФ крыху прасунуліся на поўначы ад сяла Прыютнае, але гэтая інфармацыя патрабуе ўдакладнення.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку працягваюць наступаць Збройныя сілы Украіны. Паводле Генштабу ЗСУ, цягам содняў яны мелі частковы поспех каля населеных пунктаў Новапракопаўка і Вербавае ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці.

У 46-й аэрамабільнай брыгадзе ЗСУ ўдакладняюць, што на кірунку Новапракопаўкі баі ідуць фактычна на ўскрайках самога сяла: пад украінскі кантроль перайшоў адзін з апорных пунктаў на паўночных подступах да Новапракопаўкі. Разам з тым вышыні на паўночным усходзе і ўсходзе па-ранейшаму застаюцца за расейцамі.

У кірунку Вербавага баі таксама ідуць на подступах да сяла. Адзначаюцца тактычныя заходы ЗСУ за першую лінію абароны праціўніка, але пакуль без замацавання.

Таксама вайскоўцы ЗСУ фіксуюць прыбыццё рэзерваў праціўніка, што адмоўна ўплывае на тэмпы прасоўванняў.

Сямён Пегаў піша, што УС РФ контратакуюць з ваколіцаў сёлаў Копані і Новапакроўка, імкнучыся зайсці ў тыл групоўцы ўкраінцаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў