На будаванне аддзелу міліцыі ў палескім райцэнтры выдаткуюць $ 5 млн


У Петрыкаве на Гомельшчыне з’явіцца новы будынак раённага аддзелу ўнутраных справаў. На будаванне плануюць выдаткаваць $ 5 млн, гаворыцца ў конкурснай дакументацыі на сайце дзяржаўных закупаў. Выданне «Флагшток» мяркуе, што паляпшэнне ўмоваў працы мясцовых міліцыянтаў звязанае з пагрозаю пратэстаў працаўнікоў горнаўзбагачальнага камбінату.

Міліцыянты ахоўваюць Кастрычніцкае РУУС Менску, куды ўвечары даставілі некалькі дзясяткаў журналістаў для «правярання дакументаў». Менск, Беларусь. 27 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Для новага будынку РАУС вылучылі тэрыторыю ў 1,63 гектара, а яго агульная плошча складзе амаль 3 тыс. квадратных метраў.

Там збяруць усе падраздзяленні: інспекцыю ў справах непаўналетніх, крымінальна-выканаўчую інспекцыю, аператыўна-дзяжурную службу, аддзел грамадзянства і міграцыі, ДАІ. Прадугледжаны таксама ізалятар часовага ўтрымання на 24 месцы і карцар. Яшчэ будзе музей, спартовая зала, зала для нарадаў.

На тэрыторыі РАУС з’явяцца гаражы, стаянкі для канфіскаванага транспарту, цір, пляц і спартовыя пляцоўкі.

На будаванне комплексу пойдзе Br 16,1 млн, паводле цяперашняга курсу – $ 5 млн.

План першага паверху новага будынку Петрыкаўскага РАУС.
Фота: «Флагшток»

«Флагшток» адзначае, што летась на Петрыкаўшчыне зафіксавалі самае істотнае скарачэнне ліку жыхароў сярод усіх раёнаў Гомельскай вобласці. Насельніцтва там паменела на 2,7 %. Таму з’яўленне «мега-РАУС» нельга растлумачыць росквітам рэгіёну.

«Прычынаю будавання новага РАУС мог стаць запуск у Петрыкаве горнаўзбагачальнага камбінату на 1719 працоўных месцаў. Як паказалі пратэсты 2020 года, маладыя працаўнікі прыбытковых прадпрыемстваў уяўляюць патэнцыйную небяспеку для рэжыму Лукашэнкі», – падсумоўвае выданне.

Раней у Гомлі на будаванне дзвюх грамадскіх прыбіральняў выдаткавалі $ 1,6 млн і $ 660 тыс. – на флагшток.

Hавiны
Гамельчукі супраць новага флагштоку, на які выдаткуюць паўтара мільёна рублёў
2020.02.25 11:08

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў