У Менску вынеслі чарговы прысуд за мірныя пратэсты: пакараныя чацвёра чалавек


16 верасня Фрунзенскі суд Менску агучыў вырак чацвярым асобам, якіх прызналі вінаватымі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу: Наталлі Астрэйцы, Галіне Заронак ды палітвязням Сяргею Шчыценку і Сяргею Бялевічу. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».

Наталлі Астрэйцы, Галіне Заронак і Сяргею Шчыценку прысудзілі па 3 гады «хатняй хіміі». Сяргея Бялевіча пакаралі трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Менавіта такое пакаранне прасіў памочнік пракурора Фрунзенскага раёну Дзмітрый Хаваўка. Справу разглядзела суддзя Юлія Блізнюк.

Мужчынаў-палітвязняў вызвалілі ў зале суда, жанчыны дасюль былі пад падпіскаю пра нявыезд.

Наталля Астрэйка, Галіна Заронак, Сяргей Шчыценка і Сяргей Бялевіч пасля абвяшчэння прысуду.
Фота: spring96.org

Чацвярых асобаў прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў пратэстах на праспектах Пераможцаў, Машэрава і Незалежнасці, а таксама вуліцы Сурганава. Згодна з абвінавачаннем, яны ішлі па дарозе, пляскалі ў далоні, нехта з абвінавачаных меў сцяг. Усе яны нібыта дакладна ўсведамлялі, што выйшлі на несанкцыянаваную акцыю, выказалі відавочнае непадпарадкаванне міліцыі ды неаднаразова адмаўляліся выканаць патрабаванні разысціся. Таксама іх абвінавацілі ў тым, што камунікавалі ў тэлеграм-чаце, дзе падбухторвалі да ўдзелу ў пратэстах іншых удзельнікаў.

Віну цалкам не прызналі: Наталля Астрэйка, Галіна Заронак і Сяргей Бялевіч. Сяргей Шчыценка прызнаў віну часткова – у частцы ўдзелу ў акцыі, але не перакрыцця дарог.

«Менсктранс» заявіў пра нанесеную шкоду памерам 126 тысячаў 103 рублі і 1 капейка. Па 62 тысячы – з Астрэйкі і Бялевіча, каля 30 тысячаў – з Заронак, 33 тысячы – са Шчыценкі. Яшчэ просяць спагнаць каля 2 тысячаў дзяржаўнага мыта з Заронак і Шчыценкі. Суд вырашыў разгледзець пазоў у грамадзянскай вытворчасці.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў